— Дарагі дружа! Я каменданта за гарляк трымаю і так далей. Кручу ім, як хачу. А для цябе і Марысі і так далей мне нават жыцця не шкада. Зробім так. Я пазваню таму сукінаму сыну, каменданту, і запатрабую справаздачу, чаму Марыся была арыштаваная. Хай сабака паскача, пабрэша. Га?
Філіп Лысы схапіў тэлефонную слухаўку. Сам апарат у ягоным пакоі паставілі два тыдні таму на загад удзячнага каменданта.
— Злучыце з камендатурай!
— …
— Пры апараце я, дэлегат ЦК.
— …
— Папрашу кабінет каменданта… Няма?.. Злучыце з кватэрай… Чакаю…
Філіп Лысы кіўнуў Ажуру галавою і паказаў заціснуты кулак. Потым адкашляўся і падняў уверх бровы.
— Так… Я… Азія…
— …
— Гэта мяне не цікавіць і так далей. А як мне аскоміны нагоніш, дык перавяду сюды Радзіна зноў і так далей… Іншая справа… Тут у цябе сапраўдны бардак і так далей! Гэта перастае мне ўжо падабацца. Так!
— …
— Чакай! Я не закончыў. Прашу тэрмінова даведацца ў Надзвычайцы, хто даў загад на арышт Марыі Запольскай, якая мела краму пісьмовых прыладаў на вуліцы Захар’еўскай і так далей. Вельмі важная справа!.. Секунда!.. Яшчэ не ўсё… Дзе яна цяпер знаходзіцца?.. Чакаю каля тэлефона… Лінія занятая…
Крывашэін не на жарты спалохаўся. Слухаўка ледзь не выпала яму з рук. Фантазія падсунула яму карціну, як Родзін з трыумфам вяртаецца на сваю пасаду, а сам Крывашэін трасецца за кратамі.
— Сію мінуту… Прашу прабачэння, таварыш дэлегат, я зараз жа. Нават ужо. Гэта непаразуменне. Я зараз дазнаюся.
Павесіў слухаўку. Схапіўся за галаву. Потым жорстка загнуў у паветры сакавітым пяціпавярховым расійскім матам. Гэта датычыла і Марысі, і Родзіна, і дэлегата Азіі, і яго самога. Збег уніз у камендатуру і па палявым тэлефоне папрасіў тэрмінова злучыць з кабінетам начальніка палітаддзела. Сябрук адразу ж узяў слухаўку. Крывашэін выдыхнуў.
— Таварыш, усё кепска! Мы на валаску! Здаецца, Родзін падклаў нам сабаку. Трэба ратавацца.
— …
— Памятаеш буржуйку Запольскую, якая з тым жыдам вяла інтарэсы? Дзе яна цяпер?
— …
— Жывая?.. Добра… У Архірэйскім завулку?.. Добра…
— …
— Не выходзь з кабінета. Я выязджаю ў «Еўропу» да гэтага мярзотніка Азіі. Што за ліха яго да нас прынесла? Можа, мне нешта ўдасца! Я з ім ладзіў. Паспрабую. Той малпе нічога ж не сталася. Рэчы можна вярнуць. Натуральна… Тады чакай! Да пабачэння… Так, пазваню.
У Архірэйскім завулку, у нарожным доме, які належаў раней да комплексу царкоўных пабудоў, бальшавікі абсталявалі адну са шматлікіх турмаў — браму смерці. Вязніца знаходзілася ў агромністых цёмных сутарэннях. Нават летам тут панавалі холад і вільгаць. У гэтым месцы зняволеныя гасцявалі нядоўга — ад двух дзён да двух тыдняў. Адсюль была толькі адна дарога — у халодныя абдымкі смерці. Чарговасць адпраўкі на расстрэл вызначалі выпадак і фантазія турэмнага каменданта.
Сюды кідалі пераважна тых, чые справы не трэба было расследаваць. Усё было ясна: пакараць смерцю, каб прысабечыць іхнюю ўласнасць. З арыштаваных проста немагчыма было нешта выцягнуць, бо іхныя сумленні былі чыстыя.
З вузкіх акенцаў пад сырым скляпеннем сачылася слабае святло. Есці амаль не давалі. Ды і навошта?
І так усе мусілі памерці. А галодныя мукі не краналі начальства. Толькі зрэдчас сюды прыносілі ваду ў бляшанках. Жанчыны сядзелі ў камерах разам з мужчынамі. Усім было ўсё роўна. І ахоўнікам, і вязням. Тут адчувалася дыханне смерці, а ў камеры зазірала шаленства. Двойчы на дзень арыштаваных па двое выпускалі з камераў у прыбіральню. Для гэтага ў калідоры паставілі вялікі драўляны цэбар, смурод з якога выклікаў ваніты.
Запольская сядзела ўжо чатыры дні. За гэты час з ейнай камеры двойчы забіралі вязняў. Першы раз вывелі паводле спіса трох мужчын. Другі раз з дваццаці васьмі чалавек узялі сямнаццаць. Затрымаліся акурат перад ейным месцам на зямлі, дзе яна ляжала, скурчаная ад холаду.
Спакой, які заўладаў ёю падчас вобшуку, трываў і далей. Яна адчувала сябе па-за жыццём. Дапускала, што і Ажур таксама там. Думала, што нават… яе чакае. Смерць падавалася ёй вызваленнем. Яна зусім не баялася. Цягам чатырох дзён нічога не ела. Спачатку адчувала голад, але калі прынеслі суп і сто пяцьдзясят грамаў хлеба, кусок не ішоў ёй у горла, Гэтак жудасныя былі місы і рукі, якія раздавалі хлеб. На трэці дзень яна зусім перастала адчуваць голад. Толькі пачалася лёгкая гарачка і аслаблі ногі. Таму яна адно ляжала або сядзела на зямлі.
Напачатку яна вялікімі вачыма глядзела на сукамернікаў, якія, губляючы людскую годнасць, малілі ахоўнікаў пра ежу і пра літасць. Была сведкай двух псіхічных разладаў. А потым ужо ні на што не звяртала ўвагі. Замкнулася ў сабе. Згубіла адчуванне часу і рэчаіснасці. Нават піць перастала.