Калі Крывашэін даведаўся ад кіраўніка палітаддзела, што Запольская жывая і ўтрымліваецца пад вартай, то крыху супакоіўся. Загадаў кіроўцу везці сябе наўпрост у «Еўропу». Туды было нават бліжэй, чым у камендатуру. Зрэшты, ён любіў асабіста, а не па тэлефоне, вырашаць справы. Зірнуў на гадзіннік. Была дваццаць другая гадзіна. Ён інтэнсіўна варушыў мазгамі, як выкруціцца з гэтай сітуацыі. Пачаў лаяцца. Шафёр падумаў, што камендант сварыцца на яго, і дадаў газу.
Прыпыніліся перад «Еўропай».
— Чакай тут! — кінуў камендант кіроўцу.
Скіраваўся ў пакой да Філіпа Лысага. Нясмела пастукаў. Унутры раздаўся вядомы яму абыякавы, самаўпэўнены голас:
— Запаўзай!
Крывашэін набраў у лёгкія паветра і ўвайшоў. Спыніўся на парозе.
— Добры дзень. Выбачаюся, добры вечар.
— Зыба! Я на сёмым небе. І што далей?
Крывашэін недарэчна ўсміхнуўся.
— Прагну паведаміць, што яна жывая, а толькі з прычыны непаразумення часова знаходзіцца пад арыштам. Але я магу гэта зараз жа выправіць. Шчыра прашу прабачэння. Безліч спраў, што цяжка ўсё трымаць пад кантролем.
— Прашу адказваць на пытанні, — перабіў яго Філіп Лысы.
Ён прыпомніў сабе стыль аднаго старшыні Акружнога суда ў Плоцку, які зрабіў на яго вялікае ўражанне, хоць і ўляпіў шэсць гадоў турмы. Наследуючы суддзі, Філіп звёў бровы і напусціў на твар сур’ёзную, каменную міну.
— Слухаю, — пакорна згадзіўся камісар.
— За што яе арыштавалі?
— За… за… непаразуменне…
— Ага… Цудоўна!.. А на чый загад?
— Мяркую… уласна кажучы, — блытаўся камендант.
Але ў той жа момант падумаў: «Усё адно разнюхае! А можа, усё ўжо ведае, а толькі кпіць з мяне?»
— Я пытаюся, на чый загад?
— На мой… Прабачце, калі ласка… гэта… памылка…
Філіп Лысы наблізіўся да каменданта, упёр рукі ў бокі і маўчком абводзіў яго позіркам, нібы збіраючыся зняць з яго мерку на гарнітур… Але каменданту здавалася, што на труну…
Блатны падышоў да Ажура, які сядзеў збоку, і кінуў толькі адно слова: «Сабатаж». Потым дадаў: «І так далей». Гэтае «і так далей» заўсёды моцна бянтэжыла каменданта, які не ведаў, што за гэтым хаваецца.
Ажур самавіта сядзеў пры стале, спакойна назіраючы за тым, што адбывалася.
«Можа, яшчэ адзін дэлегат ЦК, Афрыка», — падумаў камендант, калі прагучала слова «сабатаж» — адно з самых страшных у бальшавіцкай тэрміналогіі, ад якога ішоў пах смерці. Крывашэін адчуў, як пот выступае ў яго на лбе, а ногі робяцца ватнымі. Ён гатовы быў укленчыць.
Філіп Лысы засунуў рукі ў кішэні і пачаў туды-сюды праходжвацца па пакоі. Прыкідваўся злым і раз’юшаным. Спыніўся перад камендантам.
— Ці ў кватэры і краме ў Запольскай быў вобшук?
— Не ведаю.
— Але я ведаю! Быў! Кватэра апячатаная і, пэўна, абрабаваная! Ты мусіш неадкладна вызваліць Запольскую і папрасіць у яе прабачэння ад імя ўладаў і так далей. Гэта па-першае. Па-другое, адвязі яе дадому, вазьмі пару чалавек і спарадкуй кватэру, вярні ўсё, што ў яе забралі, і так далей. Па-трэцяе, я даю табе на гэта дзве гадзіны. Калі ўсё будзе зроблена, прашу мне пазваніць і далажыць. Цяпер чвэрць на адзінаццатую. Найпазней а дванаццатай пятнаццаць усё мусіць быць уладжана і так далей. Буду чакаць званка.
Камендант выпрастаўся:
— Ужо лячу.
— Чакай! Заўтра а дзясятай мусіш з’явіцца ў мяне і так далей. А цяпер — гайда!
Крывашэін шчоўкнуў абцасамі, і ягоны след як ветрам змяло. На калідоры выдыхнуў з палёгкай: «Можа, неяк выкручуся… Але хто мне дарогу перасякерыў?»
Камендант пагнаў у Надзвычайку. Там ягонага званка ўсё яшчэ чакаў кіраўнік палітаддзела, таксама ўвесь усхваляваны. Камендант упаў у фатэль і ацёр далонню ўзмакрэлы лоб.
— Ну, братка, пастараўся я як мог! Каб яго чэрці дралі! Але нельга марнаваць часу. Ні секунды! Можа, яшчэ выкараскаемся. Вось дзе халера, а не баба! Гэта нехта з шасцёрак Родзіна нам свінню падклаў. Але хто?
— Дык што робім?
— Даў нам дзве гадзіны, каб мы давялі да ладу кватэру Запольскай. Ён ведае нават, што яна абчышчаная і апячатаная. Загадаў выпусціць яе як мага хутчэй і перапрасіць ад імя ўладаў. І моцна перапрасіць, а потым адвезці дадому. А заўтра а дзясятай раніцы мушу яму адрапартаваць.
— Наварыў ты піва!
— Што зробіш. Цяпер трэба расхлёбваць. Ты займіся кватэрай. Няхай тыя самыя гіцлі, якія там былі, усё прыбяруць. Што забралі, хай аддадуць. Папярэдзь іх, каб ні да чаго нельга было прыдрацца. Чаўпеш?.. Грошай там шмат было?