— Не памятаю. Думаю, не ўсе мне аддалі. Ведаю, што рэчаў ніякіх не бралі, толькі грошы.
— Вярнуць… Я палячу ў Архірэйскі завулак, а ты займіся кватэрай.
Каменданцкі аўтамабіль зноў памчаў вуліцай Захар’еўскай. Спыніўся перад турмой. Камендант заляцеў у пакой да ахоўнікаў, нібы сарваўшыся з шыбеніцы.
— Дзе начальнік варты?
Жаўнеры паўскоквалі з месцаў. Нават тыя, хто спаў. Пабудзілі начальніка. Той выцягнуўся перад грозным камісарам.
— У якой камеры Запольская?
Начальнік варты не мог успомніць. Камендант раззлаваўся.
— А што, сукін сын, у цябе спіса няма?
— Быў недзе, але як у ваду кануў. Але гэта без розніцы. І так без спісаў усіх бяруць!
Камендант адвесіў начальніку звонкую поўху.
— Заб’ю мярзотніка. Спісы мусяць быць. Зразумеў? Бо я цябе сам без спіса вышлю на Камароўку. Вядзі да арыштантаў! Жыва!
Начальнік варты схапіў са стала газавую лямпу, бо ў камерах не было святла. І спешна павёў каменданта ў сутарэнні.
Зайшлі ў першую камеру. Лямпа вырвала з цемры вузкую палоску прасторы. Вязні застылі без руху. Са змроку бліскалі перапоўненыя жахам вочы.
— Ці ёсць тут грамадзянка Запольская? — гучна паклікаў Крывашэін.
Ніхто не адгукнуўся. Нейкая жанчына пачала ні то смяяцца, ні то плакаць.
Крывашэін абышоў усіх вязняў па чарзе і пасвяціў жанчынам у твары. Перайшлі ў наступную камеру. Нарэшце на пытанне каменданта адказаў з цемры жаночы голас, ад якога яму палягчэла на душы:
— Ёсць… Гэта я…
Камендант з лямпай у руцэ паспешна рушыў у бок голасу. Марыся падымалася з земляной падлогі. Раптам захісталася і ўпала. Крывашэін кінуўся яе падымаць.
— Грамадзянка, запрашаю вас у пакой аховы. Праходзьце, калі ласка.
Марыся ледзь магла ісці. Не разумела, што адбываецца. Камендант далікатна яе падтрымліваў. У пакоі ахоўнікаў загадаў двум салдатам вынесці яе ў машыну. Паказаў кулак начальніку варты, а потым шмаргануў пальцам па шыі і кінуў:
— Спісы! Бо інакш я цябе спішу!
Марыся ўдыхнула свежага паветра. Гэта яе крыху асвяжыла.
Камендант бачыў, што кабета вельмі слабая. Не ведаў толькі, ці ад страху, ці ад голаду. Загадаў кіроўцу ехаць у камендатуру. «Трэба даць ёй каньяку», — падумаў. У дарозе вельмі соладка прымаўляў:
— Я ў вас, грамадзянка, шчыра прашу прабачэння. Вельмі вас перапрашаю і ад свайго імя, і ад гарадскога кіраўніцтва. Гэта была памылка. Даруйце, калі ласка. Добра?
Марыся чула ягоныя словы, але па-ранейшаму нічога не разумела.
Крывашэін, заўважыўшы гэта, сказаў:
— Вас арыштавалі выпадкова. Цяпер мы вас вызваляем. Вязём дадому. Усё канфіскаванае вернем. Толькі вельмі вас прашу нам прабачыць.
— Мне нічога ад вас не трэба, — адказала Марыся. — Я не буду скардзіцца.
Аўто спынілася ля камендатуры. Крывашэін папрасіў Запольскую пачакаць, а сам пабег наверх у сваю кватэру. З буфета ўзяў пляшку каньяку і бутэльку віна.
Дастаў некалькі бляшанак шпротаў і хлеб. Усё гэта ўкінуў у тэчку і збег уніз. Сказаў шафёру гнаць да дома Запольскай. Уехалі ў двор. Машына затармазіла.
— Пачакайце, калі ласка, — зноў звярнуўся да Запольскай.
Камендант знайшоў чорны ход у кватэру жанчыны. Дзверы былі адчыненыя. Унутры шчыравалі тры цывільныя агенты, тыя самыя, якія былі пры затрыманні, жонка дворніка і кіраўнік палітаддзела. Кватэра была даведзеная да ладу. Дворнічыха падмятала падлогу.
— Як у вас тут? — запытаўся камендант.
— Заканчваем.
Дворнікава жонка ўправілася з падлогай. Крывашэін даў ёй старублёвую купюру і паказаў на дзверы.
— Можаш ісці!
Кабета, крыху спужаўшыся, шпарка вылецела з кватэры. Вярнулася ў калавурку і, не запаліўшы святла, праз акно назірала за аўтамабілем, які стаяў на дзядзінцы. Шэптам перагаворвалася з мужам.
Крывашэін звярнуўся да агентаў:.
— Прашу адкрыта сказаць, што вы адсюль забралі. Папярэджваю, што справа важная і пахне Камароўкай.
— Нічога з рэчаў не было кранута, — сказаў старшы агент.
— Не было чаго браць. Тут толькі папера і троху шмацця.
— Дакладна? Зразумейце: можа быць ой як кепска!
Старшы агент сур’ёзна прамовіў:
— Я разумею, што жартаў няма… Але запэўніваю, што ўсё на сваіх месцах. Мы былі цвярозыя і стомленыя. Узялі толькі грошы. Люстэрка само ўпала і разбілася.
— Колькі было грошай?
— Мы ўсё аддалі начальніку.
— Я пералічыў грошы, — умяшаўся кіраўнік. — Ёсць уся сума.