Камендант і начальнік палітаддзела, адпусціўшы агентаў, засталіся ўдвух. Выйшлі з кватэры. Крывашэін кіўнуў свайму сябруку:
— Ідзем!
Падышлі да машыны.
— Грамадзянка, можаце выйсці самі?
— Так.
— Калі ласка.
Марыся выбралася з аўтамабіля. Яна адчувала слабасць, але магла ісці без дапамогі. Аднак камендант з пашанай вёў яе пад руку. Ягоны калега нёс тэчку. Запольскую пасадзілі на крэсле каля стала. Камендант выняў з тэчкі харчы і алкаголь. Знайшоў шклянку і наліў віна.
— Выпіце, калі ласка. Гэта дадасць сілаў. Калі ласка.
Запольская ўзяла шклянку і памалу выпіла віно. Каўтала аўтаматычна. Ёй проста хацелася піць. Віно хутка падзейнічала. Ейныя шчокі паружавелі. Яна адчула цяпло ва ўсім целе. Камендант гаварыў:
— Вы цалкам вольная. Вось канфіскаваныя грошы. Кватэру мы выглянцавалі. Тут я пакіну для вас крыху прадуктаў. Цяпер вы нідзе не купіце. У вас будуць якія-небудзь скаргі? Ці прэтэнзіі з-за недахопу рэчаў ці грошай?
— Не… Я хачу пабыць адна… Я страшна стамілася…
— Зараз жа. Я толькі яшчэ раз хацеў папрасіць у вас прабачэння ад імя ўладаў за прычыненую прыкрасць. Нам вельмі шкада. Да пабачэння.
— Да пабачэння.
Запольская засталася адна. Чула, як ад’язджаў аўтамабіль. Ёю авалодала дзіўнае пачуццё, нібыта яна вярнулася з таго свету або прачнулася падчас кашмару. Віно надта хутка падзейнічала на аслаблены арганізм. Цёплая хваля заліла ёй грудзі, а да вачэй падступілі слёзы…
Яна доўга сядзела без руху.
На двор зноў заехала машына. Запольская не баялася. Потым дрыгнула ручка незамкнёных кухонных дзвярэй. У кватэру ўвайшоў Ажур. Стаў і глядзеў у вочы Марысі. Яна ўсміхнулася і махнула галавой, страсянуўшы слёзы.
— Як добра, Янка…
Ён наблізіўся да яе і паклаў далонь ёй на валасы.
— Цяпер табе заўсёды будзе добра, галубка мая. Заўсёды…
У пакоі запанавала цішыня…
І нават чорны варанок меней ездзіў уночы…
Як толькі Філіп Лысы адправіў каменданта вызваляць Запольскую і парадкаваць ейную кватэру, Ажур падняўся са свайго месца і падышоў да калегі. Моцна паціснуў яму руку. Быў узрушаны. Ён не сумняваўся, што Марыся ўжо выратаваная і ён неўзабаве яе пабачыць. Толькі не ведаў як аддзячыць калегу. Але Філіпу было дастаткова і гэтага. Яму цяжка было захоўваць сваю паважнасць — гэтак яго распірала ад задаволенасці сабою. Ён пстрыкнуў пальцамі, развярнуўся на абцасе і схапіў бутэльку.
— Цяпер табе трэба выпіць са мной. За ўдачу і так далей.
— Добра. Налівай!
Выпілі… Крывашэін усё не званіў. Ажур, які цяпер цалкам давяраў Філіпу, раскрыў яму свой план уцячы з Менска і выехаць з Марысяй на Каўказ. Расказаў пра свой побыт у Растове і нарады з хлопцамі.
— Чакай, братка! — Філіп стукнуў кулаком па стале. — У мяне ёсць добрая камбінацыя і для вас, і для мяне. Разумееш?
— Ні кроплі.
— Зараз. Мне Менск таксама ўжо ў косці ўеўся. Усё адно мяне тут павяжуць і так далей. У мяне на гэта добры нюх. А вам будзе цяжка самім праехаць праз усю Расію і так далей.
— Дык а што ты задумаў?
— А вось паслухай. Вы мусіце з’ехаць, і я таксама. Ты ведаеш дарогі, а ў мяне ёсць аўто і так далей. І не толькі машына, будуць і дакументы. Усюды, дзе ёсць чырвоныя, можам валіць, як Ленін з Троцкім, і так далей.
Філіп Лысы хацеў пазяхнуць, але ён ажно тросся ад нецярплівасці і задаволення, таму ў яго нічога не выйшла. Ён толькі пацёр далоні і падміргнуў калегу.
— Ужо я прыцісну заўтра гэтага каменданта, вазьму дакументы на паездку — і ўперад! Я яму пакажу, дзе камар козы пасе.
Калегі пачалі абмяркоўваць план падарожжа. А палове дванаццатай зазваніў тэлефон. Філіп падняў слухаўку… Корчыў на твары камічныя міны. Нарэшце прамовіў:
— Я сам усё праверу… Пабачым… Так… Заўтра а дзясятай… Цяпер прашу выслаць мне сваю машыну… Не хачу званіць у гараж.
Паклаў слухаўку і звярнуўся да Ажура:
— Я магу падкінуць цябе да Марысі і так далей.
Гэтым разам яму ўдалося пазяхнуць. Ён завёз калегу да Марысінага дома і з пачуццём добра выкананага абавязку паехаў каменданцкай машынай да дзяўчат на Нова-Красную. Ён хацеў добра пагуляць перад заўтрашнім ад’ездам. Развітваўся з Менскам.
Ажур і Марыся, згодна з прынятым планам, спакавалі на заўтра самыя патрэбныя і дарагія рэчы. Ажур выселіўся з пакоя ў гатэлі «Наварасійскі». Цяпер яны сядзелі ў ядальні і чакалі Філіпа. Ім было вядома, што ён мусіць вырашыць шмат справаў, таму запасліся цярплівасцю. Зрэшты, чаканне іх не прыгнятала.
А другой гадзіне па абедзе з’явіўся Філіп. Хлопнуў дзверцамі вялікага лімузіна, адпусціў кіроўцу і падаўся ў кватэру.