— Вітаю шаноўную пані. Цалую ручкі і так далей. Віншую з вызваленнем.
— Дзякуй. Гэта ўсё толькі дзякуючы вам.
Філіп пачырванеў ад задавальнення. Няўдала спрабаваў пазяхнуць. Прывітаўся з Ажурам і, напусціўшы на твар урачыстую міну, паклаў на стале пусты бланк дакумента на выезд. У яго можна было ўпісаць любую колькасць людзей. Менавіта гэтым яны і заняліся. Філіп дадаў:
— Я ўзяў дзве запасныя шыны і бензіну на паўтары тысячы кіламетраў. Пазней дакупім…
— А як пайшло з камендантам?
— Так як і з кожным жлабом. У дурні яго пашыў ды і ўсё!
— А што ты сказаў?
— Што адвязу Запольскую на машыне ў шпіталь у Маскву, бо захварэла на нервы. Паабяцаў вярнуцца праз два тыдні. Ён прасіў на каленях яму дараваць. Прабачыў гаду. А варта было б і ў морду даць! Але гэта яго не міне.
Разам яны прыхапкам з’елі звараны абед і паскладалі рэчы ў аўтамабіль. Ажур сеў за стырно, а Філіп каля яго. Марыся выгодна размясцілася ззаду.
12
СЭРЦА САЛОДКАЙ ПАЎЛІНКІ
Атрад Моніча ўжо другі месяц ухіляўся ад карных аддзелаў. Некалькі разоў ён трапляў у бальшавіцкае акружэнне, але заўсёды вырываўся, пакідаючы па сабе трупы.
Гэта была «вайна на вазах». Карнікі забіралі ў сялян фурманкі, у якіх потым, узброеныя да зубоў, ездзілі па вёсках, ганяючыся за «белымі бандытамі» і контррэвалюцыянерамі. Так называлі ўсіх, хто з розных прычынаў сышоў ад бальшавікоў у лясы, ратуючы жыццё або свабоду.
Лясныя атрады складаліся з бальшавіцкіх дэзерціраў, вясковых мужыкоў, мяшчан і гарадскіх рабочых. Інтэлігентаў тут было мала. Як безабаронныя ягняты, гінулі яны ад бальшавіцкіх рук, няздольныя пакінуць горад і прысвяціць сябе дзікаму, вольнаму, хоць і небяспечнаму, жыццю. Сіла гэтых атрадаў палягала ў тым, што яны дасканала ведалі мясцовасць, хутка перамяшчаліся і да іх прыхільна ставіліся тутэйшыя людзі. У сваю чаргу, бальшавікі, абцяжараныя рэчамі для стаянак і лішкам зброі, маглі цэлымі тыднямі валачыцца каля пушчаў, у якіх лёгка лавіравалі партызаны.
Некаторыя атрады трымалі між сабой сувязь, каб пры патрэбе гуртавацца ў большыя аддзелы. Звычайна гэта былі невялікія аб’яднанні ад дваццаці да пяцідзесяці чалавек, але ў лясах хаваліся і некалькі большых груп.
Не сходзілі з вуснаў у той час псеўданімы беларускіх партызанскіх атаманаў — Крука і Дзергача, сапраўдных прозвішчаў якіх я не назаву. Моніч час ад часу кантактаваў з імі, але трымаўся асобна. Ён быў занадта смелы і незвычайна цаніў свабоду, каб некаму падпарадкоўвацца. Са сваімі людзьмі ён вандраваў з аднаго павета ў іншы. Перакрочваў межы губерній і гуляў у шахматы са смерцю. Людзі ў яго былі надзейныя, выбраныя з сотняў, таму ягоны атрад, які налічваў блізу пяцідзесяці чалавек, быў згуртаванай, дружнай і адчайнай групай. Яны былі ўзброеныя даволі лёгка, але гэтага было дастаткова. Толькі некаторыя з іх мелі кавалерыйскія карабіны. Рэшта запаслася пісталетамі і гранатамі. Ва ўсёй групе быў толькі адзін лёгкі кулямёт. Харчоў трымалі пры сабе няшмат. У іх было досыць грошай з бальшавіцкіх касаў ды ўстаноў, таму яны заўсёды куплялі па вёсках свежыя прадукты, каб не перагружацца запасамі.
Тыдзень таму іхны лагер акружылі вялікія сілы. Ззаду ў іх была дрыгва, спераду — моцныя згуртаванні бальшавікоў. Толькі ўдзень яны зразумелі, што трапілі ў пастку. Правялі нараду. Пастанавілі, што ўначы будуць прарывацца, бо заўтра маглі заатакаваць бальшавікі. У Моніча было сорак сем чалавек. На варце ён пакінуў дзесяць, а рэшту адправіў адпачываць.
— Кладзіцеся спаць, хлопцы, бо вечарам будзе горача, а потым чакае далёкая дарога.
Сам з двума байцамі выбраўся абследаваць тэрыторыю. Балота аблягала іх ззаду паўкругам, падобным да сагнутага лука. А абшар перад імі быў нібы цецівой гэтага лука… Іх абстралялі чырвонаармейцы, якія пільнавалі гэты ўчастак. Яны адказалі некалькімі стрэламі і вярнуліся ў лагер. Яшчэ раз праверылі на штабной карце ваколіцу і вызначылі кірунак маршу.
Пастанавілі ўдарыць блізу поўначы ў сярэдзіну цецівы і прабіцца за тры кіламетры ў іншыя лясы, праз якія можна было выйсці да Барысава.
Моніч спаў нядоўга. Прачнуўся пад вечар і змяніў варту, узмацніўшы яе адпачыўшымі людзьмі. Рэшту пагнаў працаваць. Загадаў ім раскласці ў адну лінію ўздоўж левага боку цецівы сем кучаў дроў. Калі пачало шарэць, іх падпалілі. Сабралі хор, які спяваў розныя беларускія і расійскія песні.
Надышла ціхая летняя ноч. Моніч наказаў, каб партызаны вячэралі, не шкадуючы ежы і пуза. Потым склікаў усіх. Сцягнуў нават варту. Прамовіў: