— Дзецюкі! Нам перагарадзілі дарогу. Але выхад у нас тут! — паказаў на свой пісталет. — Праз паўгадзіны выпраўляемся ў дарогу. Усім трэба зняць боты і падрыхтаваць зброю. Чатыры чалавекі застануцца ненадоўга ля вогнішча. Іхнае заданне — спяваць і шумець колькі моцы. Калі зоймем пазіцыю, то яны перабягуць да нас, а мы прыкрыем іх гранатамі. Не першы раз!.. Усім трымацца разам!.
Вогнішчы палалі штораз мацней. Вогненныя языкі шугалі да вяршалін дрэў. Нехта зацягнуў досыць добрым голасам і з пачуццём:
Яшчэ некалькі галасоў далучыліся да спеву, а мелодыя горда ды смела плыла над зямлёю, па якой нязграбна цялёпкаліся партызанскія ворагі. Калі песня закончылася, хлопцы пачалі граць на губным гармоніку. А тым часам сорак тры ўзброеныя мужчыны босымі нагамі ціхенька сунуліся наперад. Моніч ішоў самы першы з двума пісталетамі ў руках. Усе рухаліся асцярожна, без аніводнага шораху, гэтак, як некаторыя шпіёны і рэдка хто з кантрабандыстаў падчас пераходу мяжы.
Моніч адчуваў, што яны недалёка ад бальшавіцкай лініі. Ягонае вуха выхапіла нават ціхія галасы. Нешта звякнула за дзесяць метраў ад яго. Пастаяў. Потым ціха пайшоў уздоўж шэрагу. Наказваў кожнаму шэптам:
— Сядай і абувай боты!
Калі шэраг закончыўся, паспяшаўся ў бок вогнішчаў, адкуль даляталі гукі гармоніка.
— Хлопцы, хутка за мной!
Гранне сціхла. Вярталіся да рэшты. Моніч загадаў ім таксама сесці і скора абуцца. Сам сеў каля іх і праз некалькі секундаў быў гатовы. Цяпер рухаўся вельмі павольна… У сваіх людзях ён не сумняваўся. Разам з імі ён пабываў і на возе, і пад возам.
Яны сунуліся малой калонай па чатыры чалавекі ў радку. Паміж шэрагамі былі метровыя прамежкі.
Вогнішчы палалі далей… Гранаты прылягалі да далоняў… Моніч і каля дзесяці найбліжэйшых да яго байцоў разышліся і на сігнал адначасова шпурнулі гранаты… Раз, і наступны… А пасля выбухаў кінуліся ўперад. Беглі і стралялі раз-пораз уперад і па баках, калі заўважалі чалавечыя фігуры. Моніч двойчы пераскочыў праз людскія целы — забітых, раненых або тых, хто са страху туліўся да зямлі.
Досыць шыбка партызаны пераадолелі блізу двухсот метраў. Потым тыя, што былі наперадзе, запаволілі бег. Праз трыста метраў спыніліся. Падбягала рэшта.
Ззаду стрэлаў не было. Толькі збоку нервова звягаў кулямёт… Побач у вёсцы таксама нехта страляў. Пэўна, там размясцілася камандаванне карнай экспедыцыі.
Моніч выклікаў аднаго з партызанаў, які добра ведаў гэтыя мясціны, і сказаў:
— Павядзеш на Куляшова. Добра ведаеш дарогу?
— А як жа! Тут сцежкамі і дойдзем.
Моніч знарок павёў атрад на поўнач, каб заблытаць пераследнікаў і потым змяніць кірунак. Ён намерваўся пакінуць у той вёсцы след. Ведаў, што там месціцца валасны выканкам, які ахоўваюць два атрады чырвонаармейцаў.
За гадзіну яны прайшлі пяць кіламетраў і дабраліся да Куляшова. Вясковая вуліца была пустой. Прысталі. Крыху параіліся і рушылі далей па вуліцы.
У цэнтры вёскі на лавачцы пад валасным выканкамам сядзеў салдат. Ён вартаваў установу. Моніч і два партызаны ішлі першыя. Пясок глушыў іхнія крокі. Вартавы заўважыў іх толькі тады, калі яны апынуліся ў яго пад носам. Партызаны забралі ў яго карабін і даткнуліся металічнай руляй да ягонага носа:
— Толькі піскні — атрымаеш кулю ў лоб! Вядзі да камандзіра атрада.
Праз некалькі хвілін з ложкаў была выцягнутая ўся ахова валаснога камітэта. У іх забралі зброю і рыштунак. Узялі харчы і вялікі медны чайнік.
— Хто начальнік варты? — пытаўся Моніч у людзей, якія трэсліся ад страху і стаялі ў адным споднім з паднятымі ўгору рукамі.
Усе маўчалі. Але хутка ўсё, што трэба, выявілася.
Моніч загадаў начальніку ісці ўперад і завесці іх да старшыні валаснога камітэта. Зайшлі ў ягоны дом і зрабілі ўсё як мае быць. Загадалі аддаць зброю, валасныя дакументы і пячаткі. Правялі павярхоўны вобшук. Знайшлі пуд цукру і шмат махоркі. Моніч звярнуўся да валаснога старшыні і паказаў пальцам на начальніка варты:
— Садані яму ў морду!
Той завагаўся.
— Ну! — Моніч падняў уверх пісталет.
Старшыня лупянуў малодшага афіцэра.
— Не так! Добра ўвалі!
Старшыня ўдарыў мацней.
— Цяпер ты задай яму дыхту!
Малодшы афіцэр гэтак гахнуў прадстаўніку цывільнай улады ў зубы, што той ажно прысеў.
— Цяпер ты яму гваздані!
Разбор быў закончаны. Моніч скіраваўся ў валасны будынак і пакруціў ручку палявога тэлефона. Пазваніў у вёску, каля якой яны толькі што былі. Ён раней даведаўся, што там стаіць карны батальён. Тэрмінова выклікаў на важную размову камандзіра. Неўзабаве казаў у слухаўку: