— Дакладваю, што Моніч з атрадам уварваўся ў Куляшова, абяззброіў жаўнераў, забраў правіянт і набіў морды начальніку варты і старшыні валаснога камітэта.
— Хто гаворыць?..
— Я гавару… Моніч…
Наблізіў рулю пісталета да тэлефона і стрэліў каля слухаўкі.
— А гэта мой подпіс!
Моніч з сілай джагнуў тэлефонны апарат аб падлогу і выйшаў з пакоя. Сабраў людзей. Яны рушылі далей на поўнач.
За гадзіну мелася развіднець.
Праз кіламетр ад вёскі атрад павярнуў на вузкую мяжу, а з яе выйшаў на луг. Не пакінуўшы ані следу, яны зніклі ў густым лесе.
Моніч задумаў змяніць месца дзейнасці. Пастанавіў ісці на Менск. Ён меў у атрадзе некалькі чалавек з тых ваколіцаў, а горад ведаў сам, таму лічыў, што здолее там паспяхова разгарнуць сваю справу. Да яго даходзілі чуткі, што з захаду ідуць палякі. На поўдні трывала грамадзянская вайна. Усе чакалі зменаў.
Партызаны некалькімі актыўнымі маршамі перабраліся пад Менск. Яны нікога не атакавалі, хаваліся ў лясах, пакуль утойваючы сваю сапраўдную моц. Мясцовыя жыхары іх падтрымлівалі і ўсяляк дапамагалі.
Моніч меў у Менску свайго інфарматара, з якім зрэдчас кантактаваў. Яны былі землякамі і шмат гадоў сябравалі. Быў ім, можа, менш кемны, але сумленны і нязломны, нібы выкуты з жалеза, манцёр Віктар Уменскі. Ён быў адным з трох Ясевых настаўнікаў жыцця. Манцёр пасябраваў з хлопцам, граў з ім на музычных інструментах, крыху дапамагаў грашыма, калі ў хлопца вецер свістаў у кішэні. У той час Уменскі, як і кішэннік Чэсік Свабода, быў аслеплены бальшавіцкай ідэалогіяй. Меркаваў, што яны прынясуць волю і хлеб, скасуюць прыгнёт і беднасць. Калі Менск занялі камуністы, ён ад чыстага сэрца падтрымаў новую ўладу і ўступіў у Камуністычную партыю. Яго адразу прызначылі кіраўніком электрастанцыі, у якой ён папярэдне быў манцёрам. Але Уменскі не быў бяздумным інструментам у руках чырвоных. Калі пабачыў вялізную розніцу паміж тым, што гаварылі партыйцы, і тым, што насамрэч рабілі, ён зрабіўся тайным ворагам бальшавізму. Не мог адкрыта выступіць супраць іх, таму дзейнічаў праз сабатаж і чакаў нагоды, каб прыціснуць за горла «вызваліцеляў пралетарыяту».
Моніч калі-нікалі бываў у Менску. І ўвайшоў з ім у кантакт. Яны з узаемным даверам абмеркавалі сітуацыю. Уменскі хацеў знішчыць электрастанцыю і ўцячы ў лес. Але Моніч, больш цямкі, адгаворваў яго.
— Не варта. Хітрэй будзе, калі застанешся на сваім месцы. Больш сала зальеш бальшавікам за скуру, чым у лесе. Там смелых людзей шмат, а тут няма. Будзем працаваць на два франты. Можа, ужо скора надыдзе час, калі давядзецца ўзяцца за гарачую работу. Тады, братка, зможаш здзейсніць, што і не снілася. А пакуль будзь асцярожны. Гуртуйся з адпаведнымі людзьмі. Збірай інфармацыю для зялёных. Я трымаю сувязь з некалькімі групамі. Людзі ёсць, а звестак з Менска мала. Твая дапамога будзе тут неацэннай.
З таго часу мінула некалькі месяцаў. Уменскі старанна ўзяўся за працу. Збіраў інфармацыю. Праз сувязных перадаваў яе Монічу. А адначасова спрытна займаўся сабатажам, што было значным амбарасам для гарадскіх уладаў.
Бальшавікі ўмелі вербаваць прыхільнікаў на адлегласці, але там, дзе яны з’яўляліся самі, множыліся іхныя ворагі. Адныя ненавідзелі іх употай, зносячы прыніжэнні. Іншыя, нешматлікія, якія былі ў стане перамагчы страх смерці, у якіх гонар перавышаў інстынкт, змагаліся з імі як маглі.
На першы погляд у доміку на вуліцы Захар’еўскай пад нумарам 157 усё было цудоўна. Баран пачуваўся ў адноснай бяспецы. У існым гармідары ягоная справа — уцёкі з турмы — не цікавіла ані паліцыю, ані Следчы аддзел. Аліку было тут выгодна. Паніч (Ясь) жыў побач. На ўсялякі выпадак Алік зрабіў каля печкі вузкі, завешаны рыззём, лаз. Пры небяспецы Баран мог лёгка вышмыгнуць у Ясеву кватэру, а адтуль выбегчы на падворак.
Раніцай Паўлінка звычайна замыкала кватэру на ключ, пакідаючы адчыненыя аканіцы толькі ў адным акне — дзеля святла. Знутры шыбу прыкрывала фіранка. Баран мог выходзіць з дома толькі праз ход, які вёў у Ясеву кухню. Там звычайна завіхалася Настка.
Баран змяніў выгляд. Згаліў вусікі, якія выраслі ў турме. Адзяваўся інакш, чымся звычайна. Калашыны спускаў на боты. Памяняў нават крыху стыль паходкі. Дакументы ў яго былі сапраўдныя, але на прозвішча чалавека, які даўно з’ехаў з горада. Яны былі цалкам надзейныя.