Выбрать главу

А Казік настойваў:

— Дык як?.. Дамо лататы ў Вільню?

Раптам Баран, нечакана для самога сябе, ціха сказаў:

— Добра.

— Прыбі пятака, брацельнік! На ўдачу!

І Казік з пачуццём ляпнуў сваёй далонню аб Алікаву руку. Баран, які рэдка сам прапаноўваў выпіць, запытаў:

— Ёсць гарэлка?

— Гаміры хоць заваліся.

— Цягні!

Баран піў, амаль не закусваючы. Куляў чаркі, нібы спяшаўся. А Казік малоў языком, як ім найлепш плітаваць[27] з Менска і як потым уладкавацца ў Вільні. Баран чуў ягоны голас, але не разумеў усяго. Яны, аднак, дамовіліся, што вечарам адправяцца з горада. Баран паглядзеў на гадзіннік. Была адзінаццатая гадзіна.

Падумаў, што Паўлінка вяртаецца з працы а дзевятнаццатай. Сказаў захрыплым голасам:

— Добра… Увечары а дзявятай чэшам… І Мілы з намі…

Сабака, нібы згаджаючыся, ласкава схапіў яго зубамі за руку.

х х х

Паўлінка подбегам ляцела ў краму. Са злосцю адмыкала замкі і аканіцы. Алікава прапанова падалася ёй надта нахабнай. «Пакінуць Косціка, добры інтэрас і ехаць на бадзянне ў шырокі свет? Не дачакаешся». Яна некалькі разоў уголас паўтарыла апошнія словы і патрэсла ў паветры кулаком. Меркавала, што Баран навечна прывяжа яе да сябе. Думала, што ён пазбаўляе яе шчасця. Не разумела, што хапіла б адной сур’ёзнай размовы — і ён назаўсёды знік бы з ейнага жыцця. Нават калі б ягонае сэрца сплывала крывёю.

Ведала, што Алік яе кахае, але лічыла, што яна заслугоўвае большага. А ягоная сіла характару і адвага палохалі яе, як і кожную слабую і пустую душу. Яна не была ў стане ісці прамой дарогай, шукала адгаворак. Яна была з гатунку фальшывых, эгаістычных і баязлівых людзей, якія былі б здольныя некага бессаромна забіць нават дзеля невялікай выгады, калі б ведалі, што за гэта ім нічога не будзе.

Гандаль у краме ішоў сёння блага. Пару разоў яна памылілася, выдаючы рэшту. У галаву няспынна лезлі думкі пра Барана і агента. Паўця параўноўвала іх між сабою — заўсёды не на карысць Аліка.

Па Баранавым вяртанні Паўлінка бачылася з агентам толькі аднойчы. Праз тры дні пасля дамоўленага спаткання. Выкарыстала нагоду, бо Баран пад вечар заявіў, што не вернецца начаваць дадому. Меўся ісці з блатнымі на работу. Дзяўчына адразу ж пайшла на кватэру да Семянцова. Яго, аднак, не было ўдома. Чакала цягам гадзіны, а калі ён з’явіўся, кінулася яму на шыю і пачала выбачацца, што не прыйшла на спатканне.

— Тата хварэе. А тут усё навалілася: і крама, і дом, і хворы бацька.

Агент раўнадушна выслухаў апраўданні. Ён таксама не прыйшоў на сустрэчу, але Паўлінка апярэдзіла яго сваім прызнаннем, і ён пра гэта прамаўчаў.

Абыякавасць агента і ягоны холад прыцягвалі Паўлінку. Яна прынесла яму значную суму грошай, пакінутых ёй Алікам. Уручыла каханку.

— Вазьмі, Косцік, дарагі. Табе спатрэбяцца.

Узяў і нават не падзякаваў. Ён паблажліва зносіў Паўлінчына падлашчванне і гарачыя дотыкі.

Выходзячы з кватэры, Паўка кінула:

— Цяпер, Косцік, каханы, няхутка пабачымся. Але, можа, тата ачуняе. Не нудна табе бёз мяне?

— Не…

— А мне страшна сумна. Бывай.

Цяпер думка пра Косціка ўсё больш яе мітрэнжыла. Яна пакінула ў краме памочніцу. Забрала з касы буйнейшыя банкноты і пабегла дадому. «Скажу шаўцу, што да бацькі паклікалі». Але Барана не было. Ён акурат пайшоў да Казіка Марацкага. Паўлінка прыгожа адзелася і скіравалася ў цэнтр. Яна не думала прызнавацца агенту, што Баран — злодзей. Проста хацела параіцца, што рабіць далей. Меркавала расказаць, што Баран з яе здзекуецца, абірае, хоча вывезці адсюль. Спадзявалася, што Семянцоў яе кахае, толькі ён занадта ганаровы пан, каб гэта паказваць. «Ён дакладна падкажа, што рабіць».

Агентава кватэра, аднак, была на замку. Апанаваная сваімі думкамі і планамі, нягледзячы на забарону, яна пайшла да агента на працу. Там чакала на калідоры, крыху баючыся зайсці ў канцылярыю, і нарэшце дачакалася, калі ёй выйшаў.

Семянцову акурат былі патрэбныя грошы. Прагуляўся ў карты, а для хабару неяк не было нагоды. Таму, пабачыўшы Паўлінку на калідоры, ён не раззлаваўся. Падышоў да яе, прывітаўся і сказаў:

— Прыемна цябе бачыць. Мне патрэбныя грошы на важную справу.

Паўлінка радасна, хапатліва выцягнула з сумачкі грошы і ўсунула іх у руку агенту. Потым залапатала:

вернуться

27

Плітаваць — уцякаць.