— Косцік, каханы, знайдзі для мяне троху часу. У мяне вельмі важная справа!
Агент, задобраны значнай сумай грошай, згадзіўся, хоць і не вельмі ахвотна. Выйшаў з ёй на вуліцу. Спяшаючыся і крыху блытаючыся, яна досыць хаатычна пачала яму расказваць пра Барана. Штораз больш хвалявалася. Збівалася. І так яе панесла, што пачала перабольшваць. Прыпляла і Яся, і Настку.
Агент, які спачатку пусціў Паўлінчын аповед паўз вуха, раптам зацікавіўся. Некалькі разоў прагучала знаёмае яму прозвішча — Баран. Адразу не ўзгадаў, што гэта прозвішча вядомага ўзломшчыка. Але калі Паўлінка дадала, што ён спіць з пісталетам пад падушкай, ён пачаў пільна слухаць. Задаваў хітрыя пытанні. І нарэшце зразумеў, што ў ягоныя рукі трапілася добрая справа і нагода, каб выслужыцца. Загадаў Паўлінцы ісці з ім у Следчы аддзел. Паўлінка занепакоілася. Агент гэта заўважыў і наўмысля сказаў:
— Я не дазволю, каб гэткі боўдзіла з цябе здзекаваўся! Ты мая каханка! А можа, станеш жонкай, — ён ведаў ейны слабы пункт.
Яны зноў апынуліся ў Сьледчым аддзеле. Агент пакінуў Паўлінку чакаць на калідоры, а сам пайшоў да кіраўніка. Ясна выклаў таму справу. Кіраўнік зацікавіўся. Паклікаў Паўлінку. Прывітаўся з ёю, папрасіў сесці і ў прысутнасці Семянцова падрабязна яе распытаў. Потым сказаў:
— Вы павінны ведаць, што гэта небяспечны злодзей і бандыт. Дзіўна, што да гэтай пары ён не зрабіў вам сур’ёзнай крыўды. Добра, што вы пра яго паведамілі. Інакш вам бы пагражала суровае пакаранне.
— Я не ведала… Думала, што ён шавец… А як пабачыла, што ў яго зброя, то сама прыйшла…
— Добра. Разумею. Але вы мусіце нам дапамагчы схапіць яго. Тады сапраўды засведчыце, што вы невінаватая, а нават заслужыце падзяку ад нас і пахвалу. Няма чаго яго шкадаваць!
— Я яго зусім не шкадую, ні каліва!
— Тады добра…
І кіраўнік Следчага аддзела наказаў, каб Паўця была ў той дзень асабліва мілай да Барана. Уночы яна мела выцягнуць у яго з-пад падушкі пісталет, а пазней а пятай раніцы ціха адчыніць дзверы і зноў легчы ў ложак.
Паўлінка згадзілася. Адчувала гонар, што размаўляла з самім кіраўніком, які ставіўся да яе як да вялікай дамы. Нават правёў яе да выйсця на калідор. А Косцю ён адпусціў да вечара і загадаў яму з’явіцца потым, каб арганізаваць лоўлю Барана і Яся.
Косцік павёў сваю дзяўчыну на абед. Потым яны разам пайшлі на шпацыр. Ён даваў ёй падрабязныя інструкцыі. Некалькі разоў паўтарыў. Нарэшце, упэўніўшыся, што Паўлінка зробіць усё як мае быць, развітаўся з ёю. Паўлінка вярнулася ў краму. Закончыўшы гандаль, пайшла ў знаёмую трушчобу і купіла літр спірту. Мусіла, згодна з атрыманымі ўказаннямі, напаіць Барана моцным алкаголем.
Алік, ужо добра наступіўшы на корак, сядзеў на маліне ў Казіка. Сказаў калегу, што пойдзе а сёмай развітацца з Паўлінкай. А восьмай меўся вярнуцца. Хацеў апошні раз пабачыць каханую.
— Ай, не ідзі, — адгаворваў Казік. — Табе будзе толькі горш пазней. Сэрца не будзе пускаць. Не ідзі, братка. Выпі яшчэ і застанься. А праз чатыры гадзіны ў дарогу…
Алік, атупела гледзячы ў сцяну, сказаў ціха і сонна:
— Пайду… не магу… Апошні раз…
Казік больш не настойваў. Адчуў, што не існуе на свеце словаў, якія б адахвоцілі калегу зрабіць задуманае.
Перад сёмай гадзінай вечара Алік быў ужо ў Паўлінчынай кватэры. Доўга хадзіў узад-уперад, крыху сланяючыся на нагах. Прысеў. Паглядзеў на гадзіннік. Прабіла роўна сем. Паўлінка вярталася заўсёды ў пяць хвілін на восьмую, бо крама была блізка. Але сёння яе не было і ў пятнаццаць хвілін на восьмую. Пайшла па спірт. Ажно а палове восьмай Алік пачуў, як на падворку бразнула брамка і затухкалі спешныя крокі.
Паўлінка энергічна адчыніла дзверы і ўвайшла ў пакой. Баран сядзеў на крэсле каля сцяны. На галаве ў яго тырчала шапка. Ён уважліва ўглядаўся ў Паўлінчын твар. Здзівіўся, што яна мела на сабе новы прыгожы касцюм, ягоны колішні справунак, а не тую сукенку, у якой раніцай выйшла ў краму.
— Добры вечар, Алічак. Спазнілася… Прайшлася троху… Хадзіла адведаць тату.
— У новым касцюме?!
Паўлінка пачала тлумачыцца, што хацела добра выглядаць перад сямейнікамі. Баран прапусціў усе словы між вушэй. Хціва глядзеў у ейны твар. Сачыў за кожным рухам.
Праз некалькі хвілінаў устаў. Паўлінка прыкмеціла ягоны ўстрывожаны выраз твару. А Баран глуха задуднеў:
— Заставайся з Богам, Паўця… Назаўсёды… Калі цябе чым пакрыўдзіў, то прабач… Ніколі я гэтага не хацеў…
Паўлінка здзервянела. «Зараз і след па ім вецер змяце, а я ж абяцала Косціку ды ягонаму начальніку, што памагу яго злавіць».