Выбрать главу

— Алічак! Што ты кажаш? Нічога не цямлю!

— Ад’язджаю з Менска… Сёння… назаўжды…

— Алічак, не! Застанься! Як можаш! Што зрабілася?

— Нічога, Паўця. Бывай.

Пайшоў да дзвярэй. Чуў, што можа не вытрымаць, калі яшчэ крыху затрымаецца. Праз пятнаццаць хвілін меў вярнуцца на маліну да Казіка. Баяўся нават дакрануцца да ейнай далоні на развітанне.

Паўка кінулася да яго.

— Чакай, Алічак! Чакай! Толькі адно слова! Еду з табой! Не хачу без цябе жыць. Ты прасіў, каб я ехала з табой у Вільню. Еду. Усё кіну дзеля цябе!.. Пасварыліся, ну дык і што? Бачыш, во! — яна распакавала з паперы бутэльку спірту. — Купіла для цябе, каб разам выпіць і цябе перапрасіць. Я цябе таксама кахаю. Толькі не кажу пра гэта.

Баран стаяў, як слуп, і шырокімі вачыма спаглядаў на каханку. Потым узрушана загаварыў:

— Што ты са мной робіш, Паўця?

— Нічога, Алічак, каханы. Тое, што чуеш. Едзеш адсюль, і я еду. От зараз… Кіну-рыну ўсё і еду з табою…

— Праўда?!

— Каб мне з месца не рушыцца.

— Чакай… Як жа тут зрабіць?.. Ты ж мусіш сабрацца… Навошта ж так усё знянацку кідаць!.. Ці паспееш ўсё давесці да ладу за два дні?

— І за адзін дам рады. Абы з табой…

Баран прыняў рашэнне і… уздыхнуў з палёгкай.

— Добра. Пайду да калегі і дамоўлюся, каб выехаць праз два дні.

— Ідзі, Алічак, але скоранька вяртайся, бо я буду хвалявацца. Я тым часам падрыхтую вячэру… Як тады, калі ты выйшаў з турмы.

Падбегла да Аліка і моцна пацалавала яго ў губы.

— Ідзі і зараз жа вяртайся!

Баран шпарка ішоў на Камароўку. Яго несла радасць. У грудзях бушавала шчасце. Весела заляцеў на Казікаву маліну і таропка пачаў тлумачыць:

— Дружа, дарагі… Усё інакш закруцілася… Паўлінка таксама з намі едзе… Разумееш, дружа?.. Я на сёмым небе ад шчасця!.. Пачакай два дні, га?.. Паслязаўтра вечарам паедзем… Сам жа ведаеш, не хочацца столькі рэчаў на вуліцу выкідваць… Прадамо ўсё і рушым!

Марацкі згадзіўся, хоць яму гэта не зусім пасавала. Ён быў падрыхтаваны да падарожжа. Цяпер мусіў змяніць планы. Ён не мог адмовіць дружбаку, ды і не вельмі хацелася аднаму выпраўляцца ў далёкі шлях.

Праз дзесяць хвілін ногі самі неслі Аліка на Залатую Горку. Зайшоў у дом з усмешкай на твары і пабачыў прыгожа ўбраную Паўлінку і застаўлены прысмакамі стол.

Гарэлка была вельмі моцная і нясмачная, але Аліку вельмі спадабалася. Закускі таксама. А Паўлінка ўвесь час гавэндзіла пра тое, што і як будзе прадаваць. Намагалася зацягнуць вячэру наколькі было можна, каб пазней стомлены Алік мацней спаў. Калі ж а дванаццатай гадзіне яны пайшлі ў ложак, Паўлінка выбухнула там, як гарачы вулкан, нястрымнай жарсцю, чым вельмі здзівіла свайго каханка. Было тут не толькі жаданне змучыць яго ласкамі, але і пэўная разбэшчанасць.

Прынамсі гэтак яна імкнулася ўраўнаважыць сваю здраду, але разам з тым хацела нацешыцца любошчамі з бандытам, які, імаверна, апошні раз у жыцці песціў жанчыну і якога, магчыма, яшчэ сёння чакала смерць.

Баран заснуў блізу другой гадзіны ночы. Паўлінка меркавала, што ён дастаткова стаміўся. Наставіла будзільнік на пятую. Пастанавіла, што не будзе спаць, але забяспечылася на ўсялякі выпадак, калі б сон усё ж яе змарыў. Яна ўсе прадумала: калі б будзільнік вырваў каханка са сну, то яна сказала б яму, што ідзе на двор, бо хоча раней нанасіць дроў у печ і спарадкаваць у складзіку, каб потым мець больш часу на зборы перад выездам.

Час, здавалася, застыў. Паўлінка вечарам заўважыла, што Баран выняў пісталет і, як звычайна, паклаў яго пад падушку. Пасля трэцяй гадзіны яна пачала паволі ўсоўваць руку пад падушку. Адчула пальцамі холад сталі. Схапіла канец рулі і асцярожна выцягнула пісталет. Апусціла руку ўніз і паклала зброю на падлогу каля ложка. «Калі прачнецца і пабачыць, што пісталета няма, скажу, што быў у ложку і муляў».

Чацвёртая.

Баран пачаў скрыгатаць зубамі. Потым нешта бойка казаў. Прыслухоўвалася. Але словы былі занадта невыразныя. Гэта яе раздражняла. Асцярожна ўзяла будзільнік і перасунула стрэлку гэтак, каб ён не звінеў а пятай. Цяпер яна была пэўная, што не праспіць дамоўленай гадзіны.

Вялікая стрэлка гадзінніка паволі, але безупынна паўзла да вызначанага часу.

Без дзесяці пятая.

Паўлінка асцярожна, паволі ссоўвалася бокам з ложка. Дакранулася ступнёй да падлогі. Потым уся выслізнула з-пад коўдры. Ціхенька, на дыбачках, дабралася да дзвярэй. Два разы павярнула ключ у замку. Адамкнула дзверы. Ёй здавалася, што па падворку нехта нягучна крадзецца. «Можа, Косцік?»

Нейкі час яна стаяла як укапаная, прыслухоўваючыся да Баранавага дыхання і шоргату на вуліцы. Затым павольна, цішком адчыніла дзверы і ў адной кашулі выйшла на двор. Было цёмна і холадна. З-за вугла будынка выглянула чалавечая постаць. Паўлінка думала ўцякаць. Але ў той жа момант чалавек пасвяціў ліхтарыкам сабе ў твар. Паўка пазнала Семянцова. Ён падышоў да яе.