Выбрать главу

— Спіць? — запытаўся шэптам.

— Дрыхне…

— А пісталет?

— Забрала ў яго.

— Добра… Ідзі назад і кладзіся ў ложак. Праз пятнаццаць хвілін увойдзем… Дзверы прычыні толькі…

— Мне так страшна…

— Перастань, дурнічка. Няма чаго!

Падштурхнуў яе да ўвахода.

Паўлінка прымкнула дзверы і нетаропка наблізілася да ложка. Алік спаў як пшаніцу прадаўшы. Яна, асцярожна слізганула пад коўдру.

Баран ляжаў на палове ложка, якая была ад дзвярэй. Паўлінчына месца знаходзілася ля сцяны, але, каб ёй было зручней уставаць, ложак быў адсунуты.

Паўлінка зноў лягла побач са здраджаным каханкам. Яна была ўсхваляваная. Сэрца ў ейных грудзях валіла як молат.

Алік адчуў праз сон рух і перавярнуўся на іншы бок. Закінуў руку ёй на плячо і зноў пачаў нешта шпарка гаварыць. Жанчына разабрала некаторыя словы:

— …Паўлінка… каханая… Маеш золата… усё добра… Паўця… салодкая Паўлінка…

Паўця краем вока заўважыла, што дзверы пачалі адсоўвацца. Ёй зрабілася так страшна, што яна ажно закалацілася.

Дзверы адчыніліся, і ў праёме выраслі фігуры некалькіх мужчын, адзетых у цывільнае. У руках у іх былі пісталеты. Яны выглядалі вусцішна. Жанчына ледзь не крыкнула ад жуды.

Яны ўваходзілі ў пакой без ніводнага гуку, пры цьмяным святле начной лямпы. Праз хвілю ложак заліў моцны струмень святла з электрычнага ліхтарыка. Баран паварушыўся, але не прачнуўся. Можа, нават у сне ён пачуваўся ў бяспецы побач са сваёй каханай кабетай.

Пяць чалавек абступілі ложак. Рэзка здзерлі з Барана коўдру і ўсе разам рынуліся на яго. Прыкладам пісталета ўдарылі яму ў галаву. Паўця крыкнула і ссунулася з ложка на падлогу. У адказ на гэткі крык з Баранавых грудзей вырваўся хрып. Алік паспрабаваў адбівацца. Глуха захрыпеў:

— Паўця, не бойся! Нічога табе не…

Зноў яму ўвалілі прыкладам пісталета і распласталі на падлозе. Кроў цякла яму цурком па галаве. Звязалі рукі і ногі. Баран ужо не супраціўляўся. Знепрытомнеў.

Дом быў акружаны. Яся таксама сцягнулі з ложка. Агенты ведалі пра лаз у сцяне, які вёў на кухню. Калі адныя разбіраліся з Баранам, іншыя залезлі да Яся. Хлопец не супраціўляўся. Толькі з нянавісцю глядзеў на агентаў, якія заломвалі яму рукі і сноўдалі па пакоі. Настка была цалкам спакойная. Ейныя вочы свяціліся холадна і рэзка. Зірнула на сякеру, якая стаяла ў куце. Але ведала, што гэтак Ясю не дапаможа. Яна чула, што ў доме і навокал поўна людзей.

Неўзабаве пад браму пад’ехаў грузавы аўтамабіль. Папярэдне яго паставілі крыху далей.

Вывелі Яся і вынеслі Аліка, які так і не прыйшоў да прытомнасці. Іх пільнавала шмат узброеных ахоўнікаў. Частка агентаў засталася ў кватэрах і праводзіла грунтоўны ператрус.

Аўтамабіль крануўся з месца.

За ім засталіся Баранавыя мары пра шчасце: невялічкі домік на Захар’еўскай, куст бэзу з павялымі кветкамі і ўжо даўно пустая будка Мілага.

13

ЗАБАВЫ ЛЁСУ

Яся прывезлі ў камісарыят № 1 у цэнтры горада. Зрабілі гэтак знарок, каб разлучыць яго з Баранам, якога пасадзілі пад арышт у Следчым аддзеле. Аліка кінулі ў цёмны ізалятар. Там яму знялі путы з рук і ног ды выклікалі фельчара. Гэта быў той самы эскулап, які загадаў яго перавезці з турмы на Серпухаўскай у вязніцу на Грушаўскай. Той пазнаў свайго пацыента і са злосцю намагаўся вярнуць яму прытомнасць. Занадта моцным спіртам ён спаліў Аліку слізістую абалонку ў носе, але Баран так і не апрытомнеў… З камісарыята № 1, дзе трымалі Паніча, немагчыма было ўцячы. Следчыя паклапаціліся, каб ён не мог мець зносінаў з меркаваным супольнікам. Яны планавалі дапытаць кожнага паасобку, а потым параўнаць паказанні. Усе здагадваліся, што гэта былі вялікія рыбіны, і таму хацелі выцягнуць з іх як мага больш звестак.

У камісарыяце № 1 было дзве камеры: адна для мужчын, другая для жанчын. Яся кінулі ў пустую жаночую камеру. Але ён там пабыў нядоўга. Пасля абеду прывялі некалькі арыштаваных кабет, і Яся перавялі да мужчынаў. Там, праўда, сядзеў толькі адзін затрыманы. Гэта быў малы, худы габрэй — Давідка. Цырульнік па прафесіі. Яго схапілі ў выніку абвінавачвання, што ён нібыта краў лёзы ў цырульніцкім кааператыве на вуліцы Захар’еўскай. Ён быў крыху звязаны з блатнымі і пераняўся Ясевай справай. Спачатку хлопец паставіўся да яго насцярожана, але хутка адчуў, што гэта варты даверу таварыш у нядолі. Цырульнік аднёсся да маладзёна як да даўняга сябра. Давідка сядзеў ужо некалькі дзён, таму распавёў Ясю ўсё, што ведаў. А ведаў ён нямала, бо ў цырульніцкім кааператыве, куды заходжвалі чырвоныя бонзы, ён шмат чаго наслухаўся.