Выбрать главу

Ён шчыра сказаў Ясю, выслухаўшы гісторыю ягонага затрымання, што ягоная справа — дрэнь. Давідка не ўтойваў, што адсюль вязняў часта забіраюць на Камароўку зусім без разбору. Але са Следчага аддзела бяруць толькі ў выключных выпадках.

— Мусіш цягнуць час, — раіў цырульнік. — Можа, за гэты час нешта зменіцца.

— Але як?

— Не ведаю, — сумна адказаў габрэй. — Але было б лепей, калі б ты трапіў ў Следчы. Тут прападзеш! У мяне дробная справа. Сяджу першы раз і таксама не ведаю, ці мяне не прыстукнуць. Мангола ня скора расколюць. Будуць яго цягаць і цягаць. Ставіць на распазнанні, а табе трэба падмазаць пяты або перавесціся адсюль у сабачарню на Серпухаўскай.

— А як думаеш, можна адсюль махнуць?

— Сам бачыш: поўна барбосаў. Тут акна нават няма… У сральню не пускаюць. Вядро паставілі. Адсюль не дасі рады змыцца.

Сапраўды, гэта было немагчыма. Арышт зладзілі тут часова і наспех, аддзяліўшы перагародкай з дошак адзін канец прадаўгаватага памяшкання. А паколькі там не было святла, над дзвярамі прарэзалі акенца і навесілі на ім краты… Праз вузкія шчыліны ў дзвярах можна было пабачыць на супрацьлеглым канцы залы дзверы ў канцылярыю, а налева ад іх — стол, пры якім сядзелі міліцыянты. Некаторыя з іх расхаджвалі па зале. Адзін з іх быў дзяжурны і трымаў пры сабе ключы ад камер.

А дванаццатай гадзіне арыштантам выдалі па сто пяцьдзясят грамаў ацеслівага хлеба. Вечарам вязні атрымалі гатаваную, цёплую ваду ў бляшанцы ад кансерваў.

Надышла ноч. Ясь сядзеў на нарах пры перагародцы, за якой была жаночая камера. Ён чуў размовы кабет. Адна ўвесь час плакала. Другая суцяшала яе. Іншыя размаўлялі мала.

Давідка падышоў да Яся і ўсеўся на нарах каля яго.

— Як ноч настане, то такі страх!.. Яны заўсёды ноччу бяруць.

Запалілі адну на дваіх цыгарэту. Ясь таксама не мог заснуць, хоць быў вельмі стомлены. Ён вяртаўся думкамі да таго, што з ім адбылося. Не мог зразумець прычыны свайго арышту. Акрамя таго, турбаваўся за Настку. Не ведаў, ці дзяўчыну таксама павязалі, і гэта не давала яму спакою. Зрэшты, інтуіцыя яму падказвала, што ён трапіў у безнадзейную сітуацыю. Ён мог быць непатрэбны для следства і лішні як вязень. Тады яго б уходалі праз некалькі дзён. Пра магчымасць вызваліцца ён нават не марыў, хоць і сядзеў без ніякага абвінавачання. Ведаў, што бальшавікі расстрэльвалі нават цалкам бязвінных людзей.

Начныя гадзіны былі доўгія, трывожныя і гнятлівыя. Ад аўтамабільных гукаў, якія даляталі звонку, займала дух, а сэрца ўтрапёна калацілася ў грудзях. «Можа, едзе сюды? Забярэ ў апошняе падарожжа… На Камароўку… на смерць». Гэтак мінула ноч… Не спалі абодва…

Раніцай габрэй сказаў з палёгкай:

— Пранесла! Яшчэ адзін дзень выйгралі ў латарэі! Давай запалім!

Яны зноў выпалілі адну цыгарэту і леглі спаць. Цырульнік адразу заснуў, а Ясь яшчэ доўга ляжаў з расплюшчанымі вачыма.

На раніцу ім зноў далі цёплай вады. Гэта не спатоліла голаду, але прынамсі прагнала смагу. Потым яны панура сядзелі на нарах, часам паасобку хадзілі вузкім праходам паміж нарамі і сцяной. Апрача нараў, у камеры быў толькі нізкі драўляны зэдлік, на які ставілі вядро.

Цырульнік пераважна ляжаў. Ён быў знясілены шматдзённым голадам. Ясь хадзіў па камеры. Яму хацелася паліць. Ведаў, што ў сукамерніка ёсць яшчэ некалькі цыгарэт, якія яму ўдалося пранесці за краты, але думаў, што цырульнік спіць, і не хацеў яго будзіць. Нечакана скручаны абаранкам Давідка заварушыўся і жвава сеў на нарах. Даў Ясю знак рукой, той наблізіўся да яго.

— Ведаеш што? — панізіўшы голас, пачаў гаварыць габрэй. — Я прыдумаў, як зрабіць, каб цябе перавялі ў Следчы аддзел.

Ясь слухаў з вялікай цікавасцю.

— Трэба так згламэздаць, нібыта ты павесіўся. Я абарву вяроўку і ўздыму гвалт. Тады цябе жалезна забяруць адсюль.

Ясь задумаўся, а цырульнік казаў далей:

— Ты нічога не губляеш. Яшчэ сёння цябе могуць павалачы на Камароўку, а так дык, можа, выратуешся… Рабі, як ведаеш… А я табе гэтак раю, бо мне цябе шкада…

— Твая праўда, — сказаў Ясь. — Я вось толькі гумкаю, як зрабіць, Каб гэта не выглядала як блеф…

Пачалі раіцца, як ажыццявіць свой план. Урэшце надумаліся зрабіць гэтак: паставіць зэдлік над дзвярыма і перакуліць яго, да кратаў над дзвярыма прывязаць вяроўку, перарваную ў палове даўжыні. З іншага канца вяроўкі Ясь меў зрабіць пятлю і, моцна зацягнуўшы яе на шыі, легчы на падлозе. Цырульнік павінен быў усчаць шум і лямант, што арыштант павесіўся.