У палудзень яны зноў атрымалі хлеб. З’елі і ўзяліся за рэалізацыю свайго плана. Ясь зняў з сябе кашулю і ціхенька падзёр яе на вузкія паскі. Давідка дапамог сплесці матузкі ў тонкую, але моцную вяроўчыну. Ясь завязаў пятлю і прасунуў у яе шыю. Потым стаў на зэдліку каля дзвярэй, а іншы канец самаробнага шнурка прымацаваў да ніжняга прута кратаў. Пасля гэтага абарваў вяроўку на далонь вышэй ад галавы. Уласна ўсё было гатова. Цырульнік хваляваўся. Яся таксама бралі дрыжыкі.
Запалілі. Потым слухалі і назіралі праз вузкія шчыліны між дошкамі. Дзяжурны міліцыянт сядзеў за сталом. Гуляў з калегам у шашкі.
Ясь зноў усунуў шыю ў пятлю. Моцна паціснуў руку сукамерніку на развітанне. Пачаў зашморгваць пятлю. Калі вяроўка туга абхапіла гарляк, Ясь паторгаў за яе і пакруціў туды-сюды, каб на скуры выступіў чырвоны след. Рабіў гэта рэзка і з сілаю. Было балюча, але ён не звяртаў увагі. «Можа, выратую сабе гэтым жыццё», — думаў хлопец.
Сеў на зямлю, абапёршыся спінаю аб дзверы, і колькі было моцы зацягнуў пятлю. Пачуў звон у вушах, у вачах зрабілася цёмна, а кроў падступіла да носа… Амаль страціў прытомнасць.
Тады цырульнік перавярнуў зэдлік. Падскочыў на месцы, нібыта скокнуў з нараў, і пачаў апантана валіць кулаком у дзверы. Закрычаў сапраўды поўным панікі голасам:
— Вязень павесіўся! Хутчэй! Адчыніце!
За перагародкай жвава затупалі. Пачуліся галасы:
— Сарві яго! Здымі!
Міліцыянт упохапкі адмыкаў і здымаў з дзвярэй навясны замок. Давідка зрабіў выгляд, што абрывае вяроўчыну. Потым сам кінуўся на падлогу, падрабляючы гук, нібыта гэта насамрэч грымнулася Ясева цела. Падняўся. Ясь напаўляжаў, абапёрты галавой аб дзверы і раму. Ягоны твар пасінеў, вяроўчына глыбока ўрэзалася ў шыю.
Нарэшце дзверы адчыніліся насцеж. Ясева галава цяжка ўпала на падлогу. Ён ціха хрыпеў здушаным горлам. Усё выглядала праўдзіва: і абарваны над дзвярыма кавалак вяроўкі, і перакулены зэдлік, і пятля вакол Ясевай шыі, ягоны выгляд і спалоханы габрэй, які, нібы плачучы і ківаючыся ад страху, галасіў:
— А я сабе сплю… А тут бах!.. Гляджу, ён вісіць!.. Ой, як я пералякаўся… А дзверы замкнёныя!.. Потым абарваў яго!.. Алё й страху я наеўся!..
Міліцыянты выцягнулі Яся на сярэдзіну сваёй залы. Хлопец быў знясілены, шыя моцна балела, але ён быў у прытомнасці. Расслабіў цягліцы, каб цела зрабілася вялым.
— Паклічце доктара! — чуў ён нібы здалёку.
— І пазваніце ў Следчы аддзел!
— Давайце хутчэй лекара. Ён тут насупраць. Гэты, можа, яшчэ жывы.
Ясь захрыпеў гучней і павярнуў галавой направа-налева. Тады нехта лінуў яму ў твар вадой. Ён заварушыўся. Чуў словы тэлефоннай размовы:
— Дзяжурны?.. Што?.. Першы камісарыят… Арыштаваны, якога ўчора даставілі, павесіўся… Так…
— Прозвішча Нацэвіч… імя Ян… затрыманы на загад Следчага аддзела… Прашу тэрмінова паведаміць кіраўніку…
Цішыня…
— Так. Паслалі па доктара… Можа, яшчэ верне яго да жыцця… Добра… Чакаю…
Цішыня…
Ясь ляжаў і думаў. Адчуваў задавальненне, нягледзячы на боль. Раптам пачуў раздражнёны голас:
— Чаму не сцягнулі яму пятлі?!
— О, і праўда!
— Ідыёты! Гаўно замест мазгоў!
Нечыя далоні нецярпліва пачалі перабіраць вяроўку, якая глыбока ўелася ў шыю. Ясю забалела невыносна. Ён енкнуў. Вяроўку знялі. Але боль толькі ўзмацніўся. Яму цяжка было каўтаць сліну. Гэта яго ўсцешыла, бо ён вельмі баяўся, каб доктар не выкрыў сімуляцыі. Палічыў, што прыкідвацца далей непрытомным можа быць небяспечна.
Зноў зазвінеў тэлефон.
— Слухаю… Першы камісарыят… Так… Так. Нацэвіч Ян… Доктара яшчэ не было… Непрытомны… Так…
Перапынак…
— Добра… Адразу ж адправім у аддзел… Чакаем лекара… Так…
Яся апанавала радасць, але ён працягваў ляжаць і не варушыўся. Потым зноў павёў галавой, падняў плячо і апусціў. Праз хвіліну расплюшчыў вочы і паглядзеў у столь.
— Што, жывы?
Ясь спрабаваў падняцца, але зноў упаў.
— Дайце яму вады!
У памяшканне ўвайшоў лекар.
— Дзе той ваш вісельнік?
— Тут… прыйшоў у сябе… сарвалі яго…
Доктар пахіліўся над пацыентам. Потым сеў на кукішкі. На Ясевай шыі сінела шырокая пісяга. Горла спухла.
— Адкрый рот!
Ясь адчуў на шыі лекараў дотык. Глуха застагнаў.
— Перанясіце яго на лаўку!
Доктар агледзеў хлопца. Сцвердзіў:
— Будзе жыць. Горла ў запаленні, але гэта пройдзе.