— Можна яго перавесці ў Следчы аддзел?
— Можаце пераводзіць.
Лекар пайшоў. Ясь ляжаў на лаўцы.
— Маеш сілы ісці? — запытаў у яго намеснік начальніка камісарыята.
— Не ведаю.
— Ну, сядзь!
Ясь сеў.
— Дойдзеш… тут блізка… даць дваіх чалавек у канвой. Зрабіце пратакол. Далучыце вяроўку… І хутка...
Неўзабаве Яся вывелі з камісарыята. Ён выглядаў жахліва. Адзенне было мокрае і прыліпала да цела. Рукі яму звязалі спераду кавалкам шнурка. Міліцыянты баяліся, што вязень, які пастанавіў павесіцца, можа спрабаваць уцячы, нягледзячы ні на што, хоць бы дзеля таго, каб яго застрэлілі. Адзін з канваіраў трымаў яго пад левую руку. Другі ішоў ззаду, маючы напагатове зараджаны пісталет. З помсты за тое, што Ясь нарабіў ім клопату, міліцыянты павесілі яму на шыю вяроўку (рэчавы доказ) і падцяжкі. Гэтак яны клыпалі з самага краю маставой, рухаючыся цэнтральнымі вуліцамі горада. Разам яны ўтваралі дзіўную і прыкрую групу. Мінакі са страхам і спачуваннем глядзелі на вязня. Бачылі смерць, якая крочыла за ім.
Калі яны выйшлі на Губернатарскую вуліцу, іх абагнаў аўтамабіль. Раптам празычэў гучны жаночы голас:
— Стой!
Вокрык быў скіраваны шафёру, які адразу ж спыніў машыну. Ясь не глядзеў, бяздумна ўтаропіўшыся сабе пад ногі. Пакуль што ён выратаваў сабе жыццё. Але, можа, ненадоўга. Уцякаць не збіраўся, ён быў занадта знясілены апошнімі падзеямі. І цяжка было даць дзёру ў цэнтры горада. Калі збягаць, то лепш ужо з дарогі падчас пераводу ў турму. Аднак вокліч жанчыны прыцягнуў Ясеву ўвагу. З машыны выйшла высокая прыгожая жанчына. Яна была апранутая ў чорную скураную куртку. На галаве ў яе быў чырвоны шаль, з-пад якога вымыкаліся цёмныя пасмы валасоў. За ёй крочыў сталы ягамосць, апрануты — як на згалелы горад — вельмі элегантна. Аўтамабіль блішчэў блакітным лакам, на якім красаваліся чырвоныя зоркі. Спераду развіваўся чырвоны сцяжок.
Кабета махнула рукой, каб канвой і Ясь затрымаліся. Хлопец уляпіў позірк у ейны твар. Ён пазнаў Марусю Лобаву. Ашаломленыя канваіры стаялі маўчком.
— Куды вы яго ведзяце?
— У Следчы аддзел… Гэта крымінальнік…
— Я пра гэта не пытаюся. Чаму ў яго на шыі гэтыя халерныя шнуры? Што гэта такое?
— Вешаўся ў камеры… Сарвалі яго… А гэта доказ…
Лобава зняла з Ясевай шыі вяроўку і падцяжкі. Аддала іх міліцыянту.
Тым часам падышоў ейны таварыш. Ясь пазнаў у ім старога актора Сэмп-Сыркоўскага, які некалі зводзіў яго з аперэткавай спявачкай. Той таксама яго пазнаў. Машынальна працягнуў яму руку, але ў Яся далоні былі звязаныя. Хлопец падняў іх абедзве разам.
— А гэта яшчэ што такое?… Хто да такога дадумаўся?
— Начальнік камісарыята даў загад, каб арыштаваны не ўцёк.
— Та-а-ак! Начальнік камісарыята! Зарабіў ён у нас на абаранкі! Мог даць пяць або дзесяць канваіраў, але звязваць рукі нельга! Усе сядайце ў машыну! Паедзем у Следчы аддзел.
Спалоханыя міліцыянты і Ясь залезлі ў сярэдзіну аўтамабіля. Лобава села побач з кіроўцам. Сэмп-Сыркоўскі заняў месца ззаду, насупраць вязня. Лобава кінула шафёру:
— На Серпухаўскую! Следчы аддзел!
Аўтамабіль даў газу. На ходніку засталася стаяць групка разявак, якія з цікаўнасцю, але асцярожна назіралі за гэтай незвычайнай сцэнай. Сэмп-Сыркоўскі звярнуўся да Яся:
— А што ж гэта за прыгода, каралевіч дарагі?!.. Як у фільме!
Лобава адвярнулася:
— Вы яго ведаеце, таварыш?
— А як жа! Наймілейшы малады чалавек, з якім мне давялося пазнаёміцца на гэтай юдолі пакутаў і слёз, зубнога скрыгату і соўгання азадкам па падлозе. Наймілейшы!
— Ну то і добра. Вашае меркаванне для мяне важнае.
Звярнулася да Яся:
— За што цябе арыштавалі?
Ясь раздумваў, як коратка і зразумела распавесці сваю гісторыю.
— Кажы толькі праўду!
— Шчыра кажучы, не ведаю, за што. Я быў некалі арыштаваны, але мяне вызваліла камісія, бо не ставала доказаў. А цяпер затрымалі без ніякай справы і абвінавачання. Можа, з той прычыны, што ў тым самым доме арыштавалі шаўца, які наймаў у мяне кватэру. Ён уцёк з турмы. Мо толькі таму?
— А той шавец таксама пад арыштам?
— Так.
— Выходзіць, нічога сур’ёзнага ў цябе няма? Якога-небудзь забойства, захоўвання зброі, палітычнай дзейнасці, рабунку?
— Абсалютна нічога!
Маруся патрэсла галавой.
— Я ім пакажу, як працаваць!.. А то даводзяць да самагубства!.
Сэмп-Сыркоўскі пляснуў далонню па Ясевым калене:
— Будзеш свабодны, каралевіч! Калі яна сказала, то гэта тое самае, што і зрабіла! Ейнае слова — гэта скала, жалеза, сталь!
Ясь ад усяго гэтага анямеў. Не верыў сваім вачам і вушам. А адначасова адчуваў прыгнечанасць гэтай сітуацыяй. Яму было сорамна перад кабетай — ён не ведаў, як ёй аддзячыць, і сумняваўся, што ў яго хоць калі будзе такая магчымасць.