— Знаю ўжо, — заззяў Філіпаў твар. — Гэта ж залаты хлопец. От, мы такія інтарэсы муцілі! Прытанцоўваючы і так далей… Трэба шукаць, гэта не туфта!.. Золата мусіць быць, зуб даю! І мне лішнім не будзе, і яго, можа, выратуе. Пішашся? — звярнуўся да Яся. — Ты толькі з кічы адкінуўся. Можа, аброс бы троху тлушчыкам і так далей.
Ясь ахвотна згадзіўся. Дамовіліся спаткацца заўтра раніцай зноў у Цыпы і абмеркаваць работу. Сёння абодва былі занятыя. Філіп чакаў наводчыцу, Кітайку, а Ясь хацеў як хутчэй паразносіць турэмныя запіскі, зайсці да маці і праверыць сваю кватэру. Філіп даў яму адрас Казіка Марацкага і яшчэ двух хлопцаў. Рэшту маляваў ён параіў пераслаць праз Грамадзяніна, якога абяцаў заўтра сюды прывесці. Пасля гэтага яны развіталіся.
Ясь уладзіў самыя важныя справы і пайшоў да маці. Вуліца Каменная была такая ж ціхая, як і могілкі каля яе. Хлопец заспеў матку дома. Сястра была недзе зляцеўшы. Сын і маці чула прывіталіся. Ясь быў задаволены, што старэнькую праз яго не турбавалі: не рабілі вобшукаў, не выклікалі ў паліцыю.
— Ясік, родненькі, — узмалілася матка. — Ты нядобра робіш. Яшчэ згінеш. Пераязджай сюды. Кінь гэных калегаў, што цябе з тропу зводзяць… Будзем сабе неяк жыць памаленьку...
— Я цяпер яшчэ не магу, мамачка. Трэба ўсё закончыць. Каб не гэныя мае калегі, дык мы б з торбай пайшлі, нічога б не мелі. Ці вы, мама, забылі, як мы галадалі?
— Хоць у латаным, абы не ў хватаным.
— Але вам ніхто праз мяне не дакучае. Таму я з вамі і не жыву. Ай, мама, лепей не будзем пра гэта. Не варта! Ужо такі мой лёс. Але не пераймайцеся, аб адным вас прашу. Я ўсё гэта на раз-два кіну. Мне шмат не трэба. Домік у нас ёсць. Рэстаран у мяне на дваіх з дзядзькам. Гэтага хопіць. Але я хачу ўсё з хлопцамі давесці да канца. Калі б не яны, то я быў бы голы як бізун.
Рыпнулі дзверы. У кватэру ўвайшла Гэля. Ясь ледзьве яе пазнаў. Дзяўчыне не было і сямнаццаці, але выглядала яна як дарослая жанчына. Была красуняй. Вельмі любіла ўбірацца. І выглядала цудоўна. Высокая, зграбная, гнуткая. Ейная стройная фігура і грацыёзныя рухі прыкоўвалі да сябе процьму мужчынскіх позіркаў. Яна была смелая і ўпэўненая ў сабе, але маці баялася, што недасведчаная дзяўчына трапіць у нейкую любоўную інтрыжку ды зглуміць сабе лёс. Спрабавала павучаць дачку, але дзяўчыну гэта толькі злавала. Таму маці хутка адступіла.
— Чаму не павітаешся з братам? — запытала матка. — Вы ж столькі часу не бачыліся!
— Дык і што з таго? Няхай ён першы павітаецца, — адказала Гэля.
— Як ты гаворыш з мамай, — папракнуў сястру Ясь.
— Так, як хачу!
Ясь адчуў, што кроў ударыла яму ў твар. Хлопца ахапіла злосць на сястру, якая за ўсё, што мела, мусіла дзякаваць перадусім матцы, а толькі потым яму. Ён устаў з месца.
— Гэля! Схамяніся, што ты кажаш.
— Ідзі ты да халеры разам са сваёй мамай! — дзяўчына плюнула і выйшла ў сені.
Не сказаўшы ні слова, Ясь выбег за ёй. Важка лупянуў сястру кулаком. Тая, сцяўшы зубы, кінулася на яго, як пантэра. Яна біла штосілы, драпалася, кусала. Была моцнай, вынослівай і вёрткай. Яны барукаліся моўчкі, упарта, як зацятыя ворагі. Ясь ні на што не звяртаў увагі. Яго раз’ятрыла абраза ў бок маці. Праз пяць хвілін ён пакінуў сястру, распластаную на падлозе ў сенях. Усё ейнае цела было ў сіняках. З носа цурком лілася кроў. Дзяўчына ляжала на спіне ў разадранай сукенцы і бялізне, амаль голая, і, цяжка дыхаючы, з немарасці дзерла пазногцямі падлогу. Падчас бойкі яна не азвалася ні словам, цяпер таксама маўчала.
Ясь вярнуўся ў пакой. Маці плакала пры стале, закрыўшы твар рукамі. Яна папярэдне нічога не сказала сыну пра ўсе крыўды, якія зносіла ад дачкі. Думала, што Гэля палагаднее, калі Ясь будзе жыць з імі разам. Цяпер жа яна пабачыла, што гэта немагчыма. Іх супольны побыт ператварыўся б у пекла.
— Я ёй дам перцу з імберцам… Буду лупіць, пакуль не навучу, як трэба маці шанаваць…
Матка ўвесь час плакала.
Ясь пасядзеў панура пры стале, а потым устаў, вымыў рукі і твар, прывёў у парадак адзенне і развітаўся з маці.
— Можа, ты галодны? Можа, чагосьці хочаш?
— Не, нічога не трэба…
Хлопец выйшаў у сенцы. Сястры там ужо не было. Ён пасунуўся на кухню. Гэля стаяла, нахіліўшыся над вялікай мядніцай, і змывала кроў з твару ды рук. Брат наблізіўся да яе. Яна разагнулася і глядзела на яго вострым, пільным позіркам. Яся аж перасмыкнула. Яму раптам засвярбеў кулак і захацелася ўдарыць сястру яшчэ больш балюча, але спыніла думка пра... ейную галізну. Ён толькі рашуча і цвёрда сказаў: