Маруся выстаралася ў Маскве, каб яе скіравалі ў Менскі гарвыканкам на пасаду кіраўніцы культаддзела. Яна магла атрымаць і лепшае месца, нават у Маскве, дзе працаваў ейны муж-камуніст, алё не хацела жыць з ім у адным горадзе, а ў Менск яе цягнулі ўспаміны пра кароткае шчасце з Ясем і туга па сімпатычным, шчырым хлопцы, якога яна некалі называла «сваім дзіцем». У апошні перыяд іхнага рамана Марусіны пачуцці больш нагадвалі мацярынскую любоў, чым нешта іншае. Ёй не ўдалося падпарадкаваць Яся як свайго каханка, таму яна стала для яго чулым, добрым і шчырым сябрам. У іхныя адносіны яна ўкладвала не жаночае самалюбства, а мацярынскі клопат.
У Менск Лобава вярнулася ўчора. Адразу ж заступіла на пасаду. Пасялілася яна ў гатэлі «Еўропа» у нумары 34, у колішнім пакоі Філіпа Лысага. Гэты нумар адміністрацыя прызначала для самых важных гасцей… Сэмп-Сыркоўскі быў у ейным аддзеле кіраўніком тэатральнай секцыі. Інтуіцыяй стрэлянага вераб’я ён адчуў, што Лобава мае вялікія сувязі ў Маскве, таму, толькі яе пабачыўшы, рассыпаўся перад ёй дробным макам і пачаў выдыгаць, абяцаючы ва ўсім ёй дапамагчы. І сапраўды, ён адразу ж прыдаўся Лобавай як добры знаўца мясцовых парадкаў і людзей.
Марусі карцела адразу ж завітаць да Яся, але пакуль бракавала вольнага часу. Зрэшты, яна не ведала, на волі Ясь ці яшчэ за кратамі.
Выгляд хлопца, якога цягнулі вуліцай з вяроўкамі на шыі і прыстаўленым да спіны пісталетам, уразіў яе да глыбіні душы.
«Давялі ўжо!» — са злосцю падумала камісарка, маючы на думцы тых тэарэтыкаў, якія захапілі Расію і чынілі тэрор рукамі найгоршых садыстаў, дэгенератаў і вычварэнцаў. Яна адразу пастанавіла, што вырве хлопца з іхных абцугоў. Не было сакрэтам, што яна валодала вялікімі магчымасцямі. Нават агромністымі. У некаторых выпадках яна магла даваць загады нават вельмі важным асобам з партыйнай вярхушкі. А яна была настырлівая і гатовая на ўсё… Калі для Яся Лобава зрабілася жанчынай-маткай, чулай і пяшчотнай, то ў адносінах да садыстаў была моцнай, з каменным сэрцам тыранкай… Менавіта гэта і сталася адной з прычын таго, што яна разышлася з мужам.
У Следчым аддзеле Лобава суха і ўладна загадала дзяжурнаму паведаміць пра ейны візіт кіраўніку ўстановы. Назвала прозвішча і пасаду. Потым размясцілася ў крэсле, у якім два дні таму сядзела Паўлінка.
Лобава і раней, калі Ясь набраўся даверу да сваёй каханкі-фраеркі, чула ад яго розныя гісторыі пра блатных, розныя работы і гінтоў. Яна ведала, што следчыя агенты часта нажываюцца на злачынцах, што ёсць пасярэднікі, якія за вялікія ўзнагароды спрыяюць ануляванню вельмі сур’ёзных справаў. Хлопец мог назваць шмат канкрэтных прыкладаў, калі міліцыянты і шпікі праварочвалі цёмныя інтарэсы ды бралі хабар. Яна дапускала, што пры патрэбе будзе ў стане за пару дзён сабраць мноства фактаў, якія давядуць шматлікія парушэнні так званых абаронцаў закона. У ейных руках гэтыя доказы ператворацца ў нож на горле для многіх, магчыма, для ўсіх міліцэйскіх і следчых функцыянераў.
Кіраўнік Следчага аддзела вельмі ветліва прыняў Лобаву.
— Слухаю вас, таварыш, — сказаў ён пасля некалькіх прывітальных банальнасцяў.
Лобава пачала ўпрост:
— Для мяне вельмі важна, каб тэрмінова быў вызвалены арыштаваны Ясь Нацэвіч. Калі б не адсутнасць часу, я б дамаглася гэтага іншым шляхам. Праўда, для шмат каго ўзніклі б тады не зусім прыемныя акалічнасці. Але я хачу, каб яго вызвалілі адразу ж. Я пабачыла яго і прывезла разам з канвоем. Ён крайне знясілены. Выглядае жахліва. Яго вялі вуліцай са звязанымі рукамі і з вяроўкай на шыі, на якой ён вешаўся ў камеры.
— Ага! Я ведаю гэты выпадак.
— А ягоную справу вы ведаеце таксама?
— Не… Не вельмі…
— Я папрашу вас цяпер жа азнаёміцца са справай і адпусціць Нацэвіча. Я не магу марнаваць свой час.
Высакамернасць і бесцырымоннасць Лобавай раздражнілі начальніка і вывелі яго з раўнавагі. Ягоны твар выбіла ў чырвоныя плямы, а вочы напоўніліся злосцю. Ён не прывык выслухваць загады, асабліва калі вялося пра арыштаваных. Ягоныя вушы былі прызвычаеныя да ўпрошванняў, малення, плачу… Ён адказаў суха, крыху павышаным голасам:
— Я нічога не магу зрабіць. Мяне чакаюць цяпер іншыя важныя справы. Можа, таварыш, вы зможаце прыйсці да мяне заўтра, а дзявятай гадзіне раніцы. Я праверу, чым можна дапамагчы таму вашаму Нацэвічу.
Лобава ўстала з крэсла.