Выбрать главу

— Ах та-а-ак! Дык вы не толькі не ўмееце толкам выконваць свае абавязкі, але і культурна размаўляць. Я да вас болей ужо не звярнуся. Нацэвіча я вызвалю інакш. І абяцаю грунтоўна вамі заняцца. Я пастараюся, каб вы з гэтага кабінета выйшлі са звязанымі рукамі туды, дзе па вас сцены плачуць!

У тым, што сказала Лобава, гучала такая ўпэўненасць — а яна сапраўды магла выканаць абяцанае, — што мужчына збялеў. Калі б нават ён працаваў бездакорна, чалавек з партыйнай вярхушкі лёгка мог скінуць яго з цёплага крэсла. А Лобава выглядала акурат як асоба з бальшавіцкага алімпу, якая можа бязлітасна помсціць і якую нішто не ў стане паўстрымаць, пакуль ейная мэта не будзе дасягнутая.

Кіраўнік спужаўся і разгубіўся, не ведаючы, як выкруціцца з прыкрай сітуацыі. Ён загаварыў мякка і лісліва:

— Даруйце. Няма чаго гневацца. Я ж не сказаў, што не збіраюся вызваліць Нацэвіча, а толькі, што цяпер не маю часу.

— А я потым не буду мець часу. Вам было б лягчэй цяпер вырашыць гэтую справу, чымся мне пазней зноў рупіцца, каб сюды прыехаць.

— Добра. Я сам займуся… Няйначай, нешта можна зрабіць.

Лобавай стала ясна, што кіраўнік зробіць усё, што яна пажадае, нават не ад страху перад выяўленнем ягоных злоўжыванняў, а проста для свайго спакою. Яна цвёрда адрэзала:

— Прашу неадкладна вызваліць Нацэвіча!

— Пад вашае паручыцельства.

— Без!.. Яму не выстаўленыя ніякія абвінавачанні… Арыштавалі, бо ў кватэры, якую ён здаваў, схапілі нейкага тыпа!

Кіраўнік патэлефанаваў. У кабінет увайшоў высокі шчуплы службовец. Начальнік звярнуўся да яго:

— Я папрашу зараз жа даць мне ўсё, што вы маеце па справе Нацэвіча. Канвой адпусціць!..

Чыноўнік паспяшаўся выйсці. Начальнік звярнуўся да Лобавай.

— Гэта зойме толькі пару хвілін.

— Добра.

Лобава выняла з кішэні скураной курткі партсігар і запаліла цыгарэту. Яны маўчалі. Кіраўнік хацеў перарваць няёмкую сітуацыю, але баяўся азвацца, каб не ўвесці нечым Лобаву ў гнеў. З нецярплівасцю чакаў з’яўлення чыноўніка. Той неўзабаве вярнуўся. Прынёс пратакол вобшуку, які перадалі з першага камісарыята, і Ясевы рэчы, якія ў яго забралі падчас асабістага дагляду. Кіраўнік таропка прагледзеў паперы, занатаваў нешта ўнізе пратакола і падпісаў. Падаў дакументы службоўцу і сказаў:

— Папрашу пільна выпісаць карту вызвалення з-пад арышту на імя Яся Нацэвіча, а потым аформіце ануляванне справы. Нацэвіча выпусціць неадкладна!

Чыноўнік выйшаў. Кіраўнік указаў рукою на дробязі, якія ляжалі на стале.

— Гэта можна забраць і перадаць Нацэвічу. Ён вольны.

— Больш не будзе ніякіх фармальнасцяў?

— Не будзе. Карту вызвалення ён атрымае перадусім для ўласнага спакою. Гэта справа некалькіх хвілін.

— Добра.

Лобава ўстала і скіравалася да дзвярэй, 3 чырвоным шалем на галаве яна ішла нібы са штандарам. Кіраўнік сказаў на развітанне:

— Да пабачэння, таварыш!

Але Лобава, не сказаўшы ні слова, энергічна папхнула дзверы і выйшла з кабінета. Праз момант да начальніка нехта пастукаў. Зноў увайшоў службовец.

— А што рабіць з дзяўчынай, якую таксама арыштавалі пасля ператрусу ў кватэры Нацэвіча?

— Падстава арышту?

— Жыла разам з Нацэвічам.

— Яны мяне ў дамавіну ўгоняць… Натвораць такога глупства, што аж шапка на галаве расце, а мне іхнюю кашу расхлёбваць! Што гэта за падстава? Таксама адпусціць!

Гэтак Лобава за адзін раз вызваліла не толькі Яся, але яшчэ і Настку. Калі службовец выйшаў з кабінета, кіраўнік са злосцю кінуў асадку не пісьменны стол.

— І як у Расіі можа быць парадак, калі такія блядзі камандуюць!

Плюнуў.

х х х

Праз некалькі дзён пасля свайго вызвалення Ясь зусім неспадзеўкі пабачыў свайго даўнейшага настаўніка і сябра Віктара Уменскага, які крочыў другім бокам вуліцы. Хлопец борзда перабег праз маставую і стаў перад ім, радасна ўсміхаючыся. Былы манцёр, а цяпер кіраўнік гарадской электрастанцыі, таксама адказаў усмешкай, якая распраменіла ягоны хмуры твар.

— Што за сюрпрыз! Я ўжо і забыў, калі мы апошні раз бачыліся!

— Ой, даўно, — прызнаў Ясь. — Багата часу не маю, але хацеў бы перакінуцца парай словаў…

— Добра. Хадзі да мяне.

Ён завёў Яся на дзядзінец электрастанцыі, а адтуль да сябе на кватэру. Электрык займаў чатыры пакоі і кухню, але жыў толькі ў адным пакоі. На сцяне — як і некалі — віселі гітара і мандаліна. Збоку было месца для майстравання і стаяў такарны станок. Былы манцёр па-ранейшаму выглядаў марудным і панурым. Гаварыў павольна, з роздумам, нібы сілай выдушваў з сябе словы, якія захраслі недзе ў горле. Толькі адна змена была для Яся бясспрэчнай. Ён не пачуў ніводнай поўнай дэмагогіі фразы, ніводнай пахвалы бальшавізму. Наадварот.