Ясь слухаў, круглымі вачыма паглядаючы на шэры, нібы алавяны, твар манцёра. У глыбіні вачэй электрыка ўспыхвалі іскры нянавісці. Ягоны голас быў нізкі, хрыпаты.
— Паплылі, псяюжнікі, па моры крыві… І захлынуцца ёю… Але трэба паспрыяць, каб хутчэй.
І Ясь, заўсёды далёкі ад палітыкі, адчуваў, што нянавісць, якая прасякнула ўсяго манцёра, перадаецца і яму, авалодвае ім самім. Але не як праява пратэсту, а як рухавік да дзейнасці. Ён сам пачаў пералічваць гвалты, злачынствы, рабункі цяперашніх гарадскіх уладаў. Расказаў пра сваё жыццё цягам апошніх месяцаў і пра арышт. Дадаў, што абавязаны жыццём выключна адной жанчыне на важнай пасадзе.
Уменскі слухаў уважліва, насупіўшыся. На шчоках у яго хадзілі жаўлакі. Калі Ясь скончыў свой аповед, Віктар заўважыў:
— У горадзе, братка, доўга не ператрываеш. Можа, хочаш пайсці ў лясы? Я магу цябе скіраваць, там будзеш патрэбны. І свабодны. Мне трэба быць тут! Тут я, пэўна, і з зямелькай пабяруся. Нікому я не патрэбны. А ты малады. Джгай у лес! Калі захочаш — толькі скажы…
Ясь развітаўся з ім, бо спяшаўся да Лобавай. Манцёр сказаў яму ўжо на парозе:
— Калі нешта трэба, то смела прыходзь!.. Скажы ў браме, што да кіраўніка электрастанцыі!..
— Абавязкова прыйду!
— Буду чакаць. Вечарамі я заўсёды ўдома.
Ясь порстка маршыраваў Хрышчэнскай вуліцай. Быў у задуменні. Пасля вызвалення з-за кратаў яго апанавала ідэя з’ехаць з горада. Тутэйшае паветра здавалася яму атрутным. Ён не мог свабодна дыхаць. Начамі спаў вельмі кепска. Тое, што ён перажыў у зняволенні, чакаючы вывазу на Камароўку, не пераставала яго прыгнятаць. Яму апастылела становішча авечкі, прызначанай на зарэз. Ён адчуваў пагарду да разгубленых, спалоханых людзей, якіх мінаў на вуліцы. Яму не хацелася быць адным з іх. Ён прагнуў дыхаць вольным паветрам. Адчуваць свабоду. Змагацца, калі будзе такая неабходнасць. Быць поруч са смелымі, вернымі таварышамі. Абараняць іх і быць упэўненым, што і яны, калі будзе патрэбна, складуць за цябе галаву.
Дзень у дзень, ноч у ноч пачварная лапа Надзвычайкі хапала сваімі кіпцюрамі сотні ахвяр. Кідала іх у смуродлівыя засценкі. Здзекавалася. Катавала. Невядома за што… Без сэнсу… Дзеля статыстыкі… Каб давесці сваю стараннасць… Каб заграбастаць чужую маёмасць і здзерці з трупа апошнюю нітку… Дзеля прыемнасці.
З наступных дзвюх размоваў з манцёрам Ясь даведаўся, што Уменскі ўтрымлівае сталую сувязь з партызанамі і дапамагае ім. Туга па вольным жыцці і агіда да ўсяго, што адбывалася ў горадзе, толькі ўзраслі ў хлапечай душы.
Колішнія Ясевы прыяцелі прапалі. Некаторыя загінулі разам з тысячамі іншых цалкам бязвінных людзей, шмат уцякло падалей з Менска, ратуючыся ад чырвонай навалачы. Іншыя пайшлі ў лясы да партызанаў або далучыліся да анархісцкіх груп. Шырылася слава лясных атаманаў, якая, як магніт, цягнула ў гушчары з гарадоў, мястэчак і вёсак пакрыўджаных, незадаволеных, але смелых людзей.
Яся трымала ў горадзе толькі ўдзячнасць да Лобавай. Але, нягледзячы ні на што, ён не мог так жыць далей. Маладзён імкнуўся таксама дапамагчы Барану. Папрасіў Лобаву аб дапамозе. Ахвяраваў дзеля гэтага ўсе сродкі, якія толькі здолеў здабыць. Лобава распачала энергічныя захады. У Следчым аддзеле Барана не было. Ягоную справу — як вельмі сур’ёзную — перадалі калегіі Надзвычайнай камісіі.
Маруся двойчы была ў старшыні ЧК Міціна. Той абяцаў разабрацца. А наступным разам даў ёй самой глянуць Баранавы акты. А потым цвёрда прамовіў:
— Абсалютна нічога не магу для яго зрабіць. Гэта рэцыдывіст. Прафесійны злачынца. Уцякаў з турмы. Аказваў супраціўленне падчас затрымання. Пры ім выяўленая зброя. Зрэшты, ягонай справай займаецца калегія. Паспрабуйце паразмаўляць са Старцавым, але папярэджваю, што можа нічога не атрымацца. Я пастараюся на яго паўплываць… Можа, выб’ю больш лагодны вырак. Але ніякай гарантыі не даю.
Лобава не хацела ўжываць усіх сродкаў, каб вызваліць Ясевага калегу, справа якога сапраўды была цяжкаю. Яна аднак атрымала ад Міціна абяцанне, што той замовіць слоўца за Барана перад Старцавым.
Пра вынікі сваіх намаганняў яна шчыра расказала Ясю. Яна не цешыла яго надзеяй Алікавага вызвалення, але меркавала, што хадайніцтва старшыні Надзвычайкі перад кіраўніком калегіі можа даць нейкі пазітыўны вынік. Яна ведала, што ўпартага, малаадукаванага чыгуначніка, прызначанага галавою Надзвычайкі, немагчыма было падкупіць. Але разам з тым ён заўсёды трымаў уласнае слова. Таму не было сумневу, што ён заступіцца за Барана.