Але як пастановіць зрабіць Старцаў, рафінаваны інтэлігент, юрыст, ідэйны камуніст — яна не ведала.
Ясь больш ніяк не мог дапамагчы Аліку. Маладзён рэгулярна перадаваў сябру харчы і выслаў за хабар праз турэмнага вартаўніка дзве малявы. Напісаў, што ўсяляк намагаецца яго вызваліць, але шанцы малыя, амаль нулявыя. Ён сцярогся, каб незнарок не ўвесці Барана ў зман. «Можа, ён паспрабуе ўцячы недзе ў дарозе», — думаў Ясь.
Мінула два тыдні, як Ясь апынуўся на свабодзе. За гэты час ён згалеў дашчэнту. Папрадаваў рэшту рэчаў, якіх не забралі падчас вобшуку. Ў гандаль уключылася і Настка. Але ім плацілі смешныя грошы, ўвесь горад распрадаваўся, каб здабыць хоць крыху ежы. Красці ў месцічаў Ясь не хацеў. Яны і так сядзелі на мякіне пад уладай бальшавікоў. Зрэшты, ён пакляўся Марыі Лобавай, што паўстрымаецца ад усяго, што зноўку магло б прывесці да яго арышту. Гэтым разам ёй было б ужо цяжка прыйсці хлопцу на дапамогу. Ясю і так пашэнціла, што ператрус не выкрыў трох пісталетаў і зладзейскіх прыладаў. За гэта ён мусіў падзякаваць Настцы, якія ўсе левыя рэчы хавала ў тайніку, зладжаным у дрывотні.
Ясь прыйшоў да Лобавай позна. Ён ніяк не мог адважыцца расказаць ёй пра сваю пастанову пакінуць горад. Гэтую думку ён выношваў ужо працяглы час. Пасля размовы з Уменскім у яго не засталося ніякіх сумневаў. Але ён адклаў сваё прызнанне на некалькі дзён. Сёння ён нарэшце набраўся смеласці, бо да Уменскага прыйшоў ад Моніча сувязны, які заўтра апоўдні меўся вяртацца ў атрад. Ясь дамовіўся, што спаткаецца з ім у манцёра і яны разам выправяцца ў дарогу.
Лобава чакала Яся ў пакоі. Ляжала ў ложку і праглядала нейкія лісткі з тэкстам, надрукаваным на машынцы. Яна адразу адчула хлопцаў настрой, калі той толькі пераступіў парог.
— І чаму ты такі маркотны?
— Прыкра, што мушу цябе пакінуць.
— Ага… Я так і думала…
— Заўтра іду ў лясы. Не магу болей жыць у горадзе. Тут я дакладна загіну. Не важна, дзе і як. Але гэтае прадчуванне гняце мяне… Усё мне тут ужо абрыдла!
— І я?
— Не будзь такой. Каб не ты, і духу майго б тут ужо даўно не было… Я сам сябе ненавіджу!
Лобава ўважліва паглядзела Ясю ў вочы. Потым спакойна і ціха прамовіла:
— Канешне, ідзі. Нельга гвалціць сваю волю, пагарджаць тым, што падказвае інтуіцыя…
Ясь і не спадзяваўся, што яна гэтак спакойна прыме ягоную задуму. У яго нібы гара з плеч звалілася, але адначасова засмылела ўнутры ад прыкрасці. А Маруся цягнула далей:
— Ты мой бязглузды малы сынок, які прыкідваецца дарослым мужчынам, хоча быць вельмі разумным, але насамрэч яшчэ зусім дурненькі. Ці ж я магу табе нешта забараніць!.. Вабяць цябе жанчыны, бо не хапае ў тваёй галаве яшчэ клёку, каб зразумець, што гэта пустка — калі табе падабаецца толькі цела… Ляці за імі, атрымлівай асалоду, распуснічай і набірайся досведу. Стаміла цябе шэрасць горада, ты прагнеш свабоды і лясной прасторы. Ляці, мой неразумны галубок, у лясы!.. І там ты не знойдзеш спакою. Але заўсёды памятай пра сваю сяброўку, якая выдумала сабе, што ты ейны сынок. Можа, ты некалі зноў прыляціш у горад — я буду тут. Не змяню гэтага пакойчыка на лепшы. Я хачу, каб ты заўсёды ведаў, дзе я. Можа, зноў трэба будзе табе дапамагчы.
У Яся на вочы нагарнуліся слёзы. Лобава заўважыла гэта. Падышла да яго і пагладзіла па шчацэ.
— А цяпер давай пагаворым пра нешта іншае. Вельмі сур’ёзнае. Настаў вушы і слухай сюды. Я маю магчымасць даведвацца пра мноства цікавых рэчаў, якія трымаюцца ў сакрэце. Я ведаю, што ты кантактуеш з партызанамі і яшчэ з некім салідным тут, у горадзе. Дык вось, я хачу перадаваць звесткі на карысць людзей, якія змагаюцца з такімі ідэалістамі, як я… Ну, не крывіся. Няхай будзе гэтак: з такімі, як тыя, што вырвалі з рук смерці касу і цяпер шалеюць з ёй, як вар’ят з сякерай. Добра?
Ясь не вагаўся. Яго нават усцешыла такая прапанова. Ён быў упэўнены, што для Уменскага гэта будзе вялізны скарб. Паабяцаў, што заўтра раскажа пра Марусю свайму сябру, які дбайна і ахвярна вядзе тут грунтоўную працу супраць бальшавікоў.
— Цудоўна, — сказала Лобава. — І я вырвуся з-пад гнёту рэчаіснасці. Буду ў тых самых шэрагах, што і ты. Акрамя таго, здабуду вельмі важную для мяне рэч…
— Якую?
— Магчымасць перайсці пры нагодзе на другі бок барыкадаў. Гэты астабрыднуў мне як горкая цыбуліна. Гіджуся ім! Я хачу быць там, дзе і ты. Толькі не думай, што я табе навязваюся. Няма ў мяне нават і думкі такой. Мне важна, каб нашыя адносіны трывалі як мага даўжэй. У іх я ўкладаю зусім іншыя пачуцці, чым ты, але мы сумленныя і шчырыя адно з адным. Гэта самае істотнае! Згодны са мною?