— Гэты то заўсёды есць як валоў шэсць, — пажартаваў Фіська. — Умалаці яшчэ цэбрык.
— Глядзіце, каб сценаў не згрыз, — выткнуўся з языком Кнот.
Мужык весела і шчыра рассмяяўся… У камеры яго лічылі прыдуркаватым. Насамрэч гэта быў дабрадушны, пачцівы вясковец, які ніколі не сварыўся. Кепікі з сябе ён прымаў з зычлівай усмешкай і сам смяяўся найгучней. Здавалася, што ён не разумее, дзе знаходзіцца і што яго чакае. У турму ён трапіў з прадмесця. Акурат выязджаў з горада, калі яго спынілі два п’яныя салдаты. Запатрабавалі грошы. Аддаў ім усё, што меў, — дробную суму. Тады вайскоўцы зажадалі каня і воз.
— Не дам, — спакойна адказаў селянін.
— А мы і пытацца не будзем.
Вырвалі яму з рук лейцы. Адзін з жаўнераў выцяў яго ў грудзі прыкладам карабіна. Мужык вырваў яму з рук зброю і, не варухнуўшы нават брывом, забіў абодвух рабаўнікоў. Кінуў карабін на зямлю і паехаў далей. У два мігі яго дагнала некалькі конных бальшавікоў. Афіцэр, казак, не дазволіў яго біць і здаў міліцыянтам. Справу перадалі ў ЧК, а вяскоўца кінулі за краты. Ён сам не мог нават толкам расказаць, за што яго схапілі.
— Ці ты сячэш, што цябе ўкакошаць? — запытаўся ў яго Шчупак.
— Ну дык і што? — фацэтна перапытаў селянін.
— Адважны дурыла! — сказаў Фіська з павагай.
— З адважных робяць падцяжкі, — уставіў Кнот.
Усе палюбілі простага вясковага мужыка і далі яму мянушку: Кася Смяхотка. Камера, у якую яго пасадзілі, была прызначаная для вязняў, справы якіх разглядала калегія. Сукамернікі растлумачылі гэта прасцяку. Але ён забыў слова і адно паўтараў: «Цялега».
— На такой цялезе далёка не заедзеш. Трэба было сваю пільнаваць, — казаў Фіська.
— Дык я і пільнаваў. Двух пахолкаў пусціў у расход, — весела адказваў Кася Смяхотка.
— Не бядуй, дадуць табе казённую, з маторам, — сказаў Янка Залаты Зуб. — Варанок называецца.
Мужык толькі смяяўся, а яго заўсёды добры настрой, прыветлівы твар і нязменны спакой спрыялі добрай атмасферы ў камеры.
Блатныя жартавалі з вячэры, бо не былі галодныя. Ежы яны мелі досыць. Баран двойчы на тыдзень атрымліваў шчодрыя перадачы. Пра гэта клапаціўся Ясь. Маладзён лічыў справу свайго настаўніка гіблай, таму імкнуўся, каб той прынамсі ў апошнія дні жыцця не цярпеў ад голаду і заўсёды меў што пакурыць.
Надышла ноч. Зняволеныя ўлягліся на нары, але яшчэ доўга гавэндзілі.
— От як вошы кусаюцца! — хутчэй з захапленнем, чым са злосцю сказаў Кася Смяхотка.
— А ты злаві каторую за заднія ножкі, — раіў Янка Залаты Зуб. — І зубамі яе аб падаконне.
— Вошы як сабакі, кусаюць за сракі! — рыфмаваў Шчупак.
— Калі такую пагадаваць з паўгода, то потым і даіць можна, — дадаў Фіська.
А ноч спавіла горад пялюшкай цемры.
Пасля поўначы данёсся гул рухавіка. Сотні сэрцаў неспакойна здрыгануліся ў грудзях.
Чорны варанок…
І сапраўды, аўтамабіль заехаў у турэмны двор. Звонку даляталі пакрыкванні і расійская лаянка. Потым па жалезных сходах задуднілі цяжкія крокі. Сэрцы затрапяталі яшчэ мацней. Здавалася, уся турма прытаіла дыханне, Смерць мацала яе сваімі кашчавымі пальцамі. Праз момант пачулася тупатанне шматлікіх ног. Яны міналі камеры, у якіх людзі ціснуліся да сцен, дзе жах пашыраў зрэнкі вачэй, дзе, як у ліхаманцы, не трапляючы адзін на аднаго, стукалі зубы.
Адчынілі суседнюю камеру — дзясятую.
Захрыплы абыякавы голас пачаў пералічваць прозвішчы.
— На выхад! Жыва!
Нехта енкнуў. Потым было чутно шум. Нейкія стогны. Грымнуў стрэл. Потым яшчэ некалькі, якія гучным рэхам разышліся па калідорах.
Янка Залаты Зуб стаяў пры дзвярах… Адвярнуў галаву да прыяцеляў:
— Варлама бралі… Не даваўся…
Асілак Варлам, які рукамі згінаў падковы, даўно казаў, што на Камароўку не паедзе. Калегі кепікавалі з яго. Яны ведалі, што мучыцелі прыходзяць цэлай ватагаю і дадуць рады з кожным. Яны мелі карабіны, пісталеты, а для ўтаймавання непакорных у іх былі тоўстыя, даўжынёй з выцягнутую руку, бізуны, сплеценыя з меднага дроту… Імі яны ламалі вязням рукі, прабівалі чарапы. Потым кідалі іх у машыну і везлі на Камароўку. Там закопвалі іх яшчэ жывымі.
Бузыга корпаўся, каб быць апошнім. Знарок марудзіў з выхадам. Нарэшце афіцэр паказаў на вязня і загадаў жаўнерам:
— Падганіце гэтага сукіна сына!
Два чырвонаармейцы кінуліся да Бўзыгі. Вязень кулаком размажджэрыў першаму з іх сківіцу. У другога вырваў медны бізун і падскочыў да афіцэра. Сцябаў яго па галаве і плячах. Заехаў кулаком у твар. Прагучала некалькі стрэлаў, і Бузыга больш нічога не паспеў. Яго забілі.
Праз дзесяць хвілін варанок ад’ехаў. Турма выдыхнула… Да наступнай ночы…