У шмат якіх камерах не раздзяваліся на ноч. Але «дзявятка», дзе сядзелі адно зладзейская кампанія і Кася Смяхотка, дбала пра свой гонар. Яны намагаліся паводзіць сябе нармальна. Нават жартавалі, гулялі ў карты. Але справа кожнага з іх была скіраваная ў калегію, таму ў любую хвіліну смерць магла сказаць ім «прывітанне і бывай».
Янка Залаты Зуб нават крыху перабіраў меру: бясспынна сыпаў жартамі, весяліў Касю Смяхотку, гуляў у карты са Шчупаком — выстаўляў напаказ блатную зухаватасць.
А Баран маўчаў…
Старшыня калегіі Надзвычайнай камісіі, юрыст Аляксандр Старцаў, брат Аліка Барана ад аднаго бацькі, быў завалены працай. Да сваіх абавязкаў ён ставіўся адказна і заўсёды старанна вывучаў дакументы вязняў, справы якіх перадавалі на разгляд тройкі. Гэткія калегіі стварылі на загад Дзяржынскага, каб зняць нагрузку з рэўтрыбуналаў і ў хуткім тэмпе пазбавіцца ад асабліва важных або цяжкіх справаў. Тройкі мелі права завочна вырашаць лёс вязняў: прысуджаць да смерці або адпраўляць пад рэвалюцыйны трыбунал ці нават скіроўваць у Народны Суд.
Калегіі былі перадусім машынамі для вынясення смяротных пакаранняў. Гэта былі мясарубкі, у якія з аднаго боку заганялі жывых людзей, а з іншага выходзіла крывавая калатуша. Інструкцыі, на якіх грунтавалася дзейнасць калегіі, дазвалялі пасылаць на смерць кожнага, хто аказаўся за кратамі. Самым галоўным доказам віны ў тыя часы быў факт арышту.
Сёння ў рукі старшыні, які найчасцей вырашаў за траіх, трапіла надзвычай цікавая справа. Паперы Грамадзяніна. Ён быў затрыманы на вуліцы. Пры ім знайшлі набор зладзейскіх інструментаў і зацухмоленыя, абадраныя па краях старонкі рукапісу. Затрыманага даставілі ў Следчы аддзел. Там павярхоўна апыталі. Прылады канфіскавалі, а пратакол, разам з далучаным рукапісам, перадалі ў распараджэнне Надзвычайнай камісіі. Там пастанавілі аддаць яе на разгляд калегіі.
Увагу Старцава прыцягнуў рукапіс рамана «Туман». Твор не быў закончаны, але ясна было, што аўтар дасканала ведае жыццё злачынцаў. Апісаныя там персанажы былі жывыя і сапраўдныя. Змест пульсаваў крывёй. Адчуваўся ў ім боль і змаганне за праўду.
Старцаў спачатку толькі перагледзеў рукапіс, нагрымзолены сціслым почыркам. Потым затрымаўся на даўжэйшым урыўку. Нарэшце захапіў усе аркушы з сабою дадому і прачытаў да апошняй старонкі, на якой аповед абрываўся незакончаным сказам. Можна было дадумацца, што гэта была толькі частка запланаванай працы, напісаная шчыра і смела. Старцаў падкрэсліў чырвоным алоўкам шмат момантаў, некаторыя з якіх я зацытаваў на пачатку гэтага рамана як эпіграф да яго. Твор выклікаў у старшыні мноства пачуццяў, часцяком супярэчлівых.
Раман зацікавіў яго як юрыста і абразіў як грамадзяніна і прадстаўніка ўлады. Выбраныя сказы ён падкрэсліў два разы. Напрыклад:
«Гэта не шакалы духу — ненасытныя і лютыя, калі адчуваюць сваю сілу; і гнюсныя ды подлыя, калі знаходзяцца ў прыніжаным становішчы. Гэта тыя, якіх пераследуе і знішчае двудушны мешчанін, баючыся іх і адначасова захапляючыся імі».
Старцаў загадаў прывесці Грамадзяніна на допыт. Падобныя даручэнні ён даваў крайне рэдка, толькі калі справа была незвычайна важнай або заблытанай. Пасля абеду прывялі вязня. Пра гэта даклалі старшыні калегіі.
— У кабінет! — коратка адрэзаў Старцаў.
Грамадзяніна ўвялі два жаўнеры з карабінамі наперавес і сяржант з рэвальверам у руцэ. Старцаў пабачыў перад сабою сталага чалавека з сівымі растрапанымі валасамі, са шчацінаю на твары і ў старым брудным адзенні. З выразу пінжака выставала шэрая ад бруду, пажаўцелая ад поту кашуля.
— Развяжыце яму рукі! — загадаў Старцаў.
— Ён небяспечны, таварыш старшыня, — адказаў сяржант.
— Я не буду паўтараць!
Служака таропка кінуўся здымаць шнуркі, якія глыбока ўрэзаліся ў апухлыя запясці. Не даў рады. Выняў нож і перарэзаў путы. Ён занадта спяшаўся і зрабіў гэта няўклюдна, разануўшы па руцэ зняволенага.
— Прашу выйсці і чакаць на калідоры!
Сяржант выцягнуўся.
— І канвой таксама?
— Так! Таксама! Чакайце там!
Жаўнеры і афіцэр спешна пакінулі чысценькі, шыкоўна абсталяваны кабінет. Вязень стаяў у цэнтры памяшкання і спакойна расціраў далоні.
— Я старшыня калегіі…
— Вельмі прыемна, — спакойна і разняволена сказаў Грамадзянін.
Гэта прагучала крыху іранічна, хоць твар вязня застаўся сур’ёзным.
— Я вывучаю вашую справу… Некаторыя рэчы мяне зацікавілі, таму я хацеў асабіста вас дапытаць.