— Вы можаце гэта зрабіць у любы час! Я да вашых паслуг.
— Сядайце, калі ласка.
— Дзякуй. Пастаю. Не хачу пакідаць пасля сябе вошай на крэсле. Я сяджу даволі шмат, таму цяпер з прыемнасцю пастаю, — Грамадзянін пацёр далонню павека, пакінуўшы на шчацэ пляму крыві з парэзанай рукі.
Старцаў адзначыў сабе, што сітуацыя выбіла яго з каляіны. Яго раптам пачало адольваць жаданне адаслаць «пісьменніка» назад у камеру. Яму было прыкра глядзець на дзіравую і смярдзючую голь, на прыгорбленую цяжарам няволі постаць. Непрыемныя адчуванні ўзмацніла згадка пра вошай і гэтая кроў. Ён узяў чысты аркуш паперы і, каб перарваць маўчанне, запытаў:
— Вашая адукацыя?
— Універсітэт… Акрамя гэтага, павышэнне кваліфікацыі за мяжой у галіне аграноміі.
Старцаў занатаваў некалькі слоў на паперы. Потым адклаў асадку.
— Мне ў галаве не месціцца, — сказаў ён з напускным пафасам, — што чалавек з вашай адукацыяй упаў так нізка.
Грамадзянін усміхнуўся. Старцаў спаглядаў сувора і з трывогай на твары.
— А мяне дзівіць, што вас гэта здзіўляе, таварыш старшыня. Гэта проста сацыяльныя змены, да якіх імкнулася вялікая колькасць ідэйных людзей цягам многіх гадоў. А цяпер нарэшце яны рэалізуюцца… Акрамя таго, я зусім не лічу, што нізка. Я думаю, што наадварот. Але гэта досыць глыбокае і складанае пытанне. А вы, таварыш старшыня, наўрад ці палаеце жаданнем весці дыскусіі з прадстаўніком грамадскіх нізоў…
Старцаў узяў асадку і пачаў гартаць акты Грамадзяніна. А той з цікавасцю казеліў вочы на яго і думаў:
«Выліты Мангол. Той прафесійны злодзей. А гэты… прафесійны… забойца!»
— Пры вас выявілі камплект зладзейскіх прыладаў?
— Так.
— Чаму яны былі ў вас?
— Цікавілі мяне.
— Як інструменты для ўласнага адмысловага ўжытку?
— Ні ў якім разе. За ўсё сваё дармаедскае жыццё я ніколі не здзейсніў крадзяжу.
— А нядаўна?
— І ў апошнія дні я жыў абсалютна сумленна. Раней праз уласную дурноту, убітую мне ў галаву выхавацелямі, я не выступаў супраць судоў, паліцыі, пракурораў, якія самавольна пераследавалі басоту. І менавіта гэтага я цяпер найбольш саромеюся.
— Дык што? Трэба было перашкаджаць лавіць злачынцаў?
Старцаў з цікаўнасцю глядзеў на Грамадзяніна.
— А ці трэба, вынішчаючы злачынствы, самому іх здзяйсняць? — адказаў пытаннем на пытанне Грамадзянін.
А пасля невялічкай паўзы дадаў:
— Ад злодзеяў не пазбудзешся з дапамогай катаў. Бо з іхняй крыві народзяцца іншыя грэшнікі: дзікія, бязлітасныя, якія зальюць свет крывёй. У «Інтэрнацыянале», які камуністы выбралі сваім гімнам, ёсць прыгожыя словы: «Ніхто дабром не дасць збаўлення — ні бог, ні цар і ні герой…» І слушна. Гэта спраўджваецца цяпер. Іх можа выратаваць толькі адна сіла! Найвышэйшая! — Грамадзянін углядаўся некуды па-над галавой суразмоўцы. — Культура! Толькі яна!
Старцаў слухаў, звёўшы бровы, але не перапыняў. «Выстаўляе свой розум напаказ, а сам гнілы інтэлігенцік з перакручанымі мазгамі!»
— А чым можна цяпер спыніць злачынствы? — запытаўся ён цалкам спакойна.
— Розумам і сэрцам.
— Вам так здаецца. Калі на падворку поўна гною, то яго, бадай, трэба некуды перакінуць.
— А што рабіць жукам і чарвякам, якія на тым гноі… жывяцца? — апошняе слова Грамадзянін сказаў з асаблівым націскам.
Грамадзянін меў больш ёмістыя, пераканаўчыя аргументы. Цэлую іх лавіну. Але спахапіўся, бо, на ягоную думку, нельга было злоўжываць сітуацыяй безабароннага вязня ў стасунках з чалавекам, які ставіўся да яго прыязна і не важнічаў, не задаваўся сваёй уладай падчас размовы.
— Вы ведаеце, што вас чакае? — сур’ёзна запытаў Старцаў.
— Ведаю: Камароўка, — шчыра і проста адказаў Грамадзянін.
— Адкуль у вас такая ўпэўненасць? Вы ж лічыце сябе невінаватым?
— Я арыштаваны. Справа ў калегіі. Усё ў парадку. Працяг ведае кожнае дзіця ў горадзе, а не толькі я, зняволены!
Старцаў уважліва глядзеў яму ў вочы. Ягоны позірк быў халодны. У ім нельга было прачытаць ніякіх эмоцый. Хвілю памаўчаўшы, ён азваўся:
— У вас будзе нейкае спецыяльнае пажаданне ці скарга?
У галаве Грамадзяніна закруціўся бясконцы шэраг думак: ад зладзейскіх жартаў да фантазій аб фраерскіх выгодах. Нарэшце ён сказаў:
— Вы не зможаце іх выканаць.
— Вы так мяркуеце?
— Я ведаю.
Неўзабаве Грамадзяніна павялі назад за краты. «Я сапраўды гнілы інтэлігент… Усё для прыліку… Трэба было падлабуніцца да яго троху. Нагаварыць сорак бочак арыштантаў, памахаць хвастом… Можа, і вызваліў бы ці скіраваў бы ў рэўтрыбунал».