Але ён ні аб чым не шкадаваў. Адагнаў карыслівыя думкі і з цікавасцю разглядаўся па баках.
«Але ж які падобны да Барана!»
Ён не мог сабе нават уявіць, што гэта быў уласна Бараноў брат. Калі Грамадзяніна вывелі з пакоя, Старцаў узяў ягоную тэчку і зверху з правага боку ўпэўнена накрэсліў чырвоным алоўкам крыж — знак смерці. Пад ім паставіў дату — праз тыдзень — і цвёрда прыбіў пячаткай калегіі Надзвычайнай камісіі. Гэтак справа Грамадзяніна была ўладжаная. Чырвоны крыж пераможна і яскрава закончыў раман Грамадзяніна. Туман знік у чырвонай імгле.
А праз некалькі дзён Старцаў зрання спазніўся на працу. Гэта здарылася ўпершыню. Ён заўсёды быў пунктуальны.
Але напярэдадні ён мусіў завітаць на застолле, якое арганізаваў Крывашэін з нагоды прыезду з Масквы рэвізійнай камісіі. Ён пацягнуўся туды неахвотна. Не любіў каменданта і ягоных падхалімаў. Пасварыўся з жонкай, якая не хацела скласці яму кампанію. А перадусім на яе ці, хутчэй, на ейны спеў, акурат і разлічваў камендант.
Пры стале тостаў было аж зашмат. Госці — зануды. Вярнуўся дадому злы на ўсё і ўсіх. У дадатак яшчэ насупленая жонка. Патрабавала, каб яны вярнуліся ў Маскву. Ёй не хацелася жыць у нудным, пазбаўленым радасці і надзеі Менску, дзе ў яе не было сяброў і блізкіх людзей.
— Ты можаш і тут выступаць… Спяваць у тэатры…
— Каму? Быдлу? Я бачыла, хто тут ходзіць у тэатр: салдафоны, даносчыкі, блядэры ды п’яныя камунякі.
— Што за словы?! Прыкусі язык!
— Ах, якая чуллівая душа!.. Мамчын пестунок!..
Паставіла яму ў віну працу старшынёй калегіі і паабяцала, што ўсё кіне і вернецца да маткі.
Ранкам Старцаў прачнуўся з галаўным болем. Сняданку не было. З’еў хлеб з маслам і паехаў на працу. На стале яго чакаў цэлы стос тэчак да разгляду.
Паліў цыгарэту і ўвесь час думаў пра жонку, якую, нягледзячы ні на што, моцна кахаў. Нарэшце ўзяўся за дакументы. Чырвоныя крыжы клаліся на іх адзін па другім.
Адкрыў чарговую тэчку. Пабачыў усярэдзіне прышпілены бланк часовага пашпарта. У яго ледзь не апала пашчэнка — перад ім ляжала ягоная ўласная фатаграфія.
«Што за халера?!» Пачытаў чытаць паперы.
— Аляксандр Баран… шавец…
«Ага, Баран!» Яму ўспомнілася просьба старшыні Надзвычайкі, Міціна, каб звярнуў увагу на справу Барана і пры магчымасці прыхільна да яе паставіўся. Старцаў у глыбіні душы не любіў Міціна, лічыў яго тупым фанатыкам і выскачкам, таму заступніцтва Лобавай ускосна толькі пагоршыла Баранаў лёс.
Пераправерыў усё вельмі ўважліва. Рэцыдывіст… узломшчык… шматразова асуджаны… уцёкі з турмы… меў пры сабе зброю…
Махнуў далонню. Чырвоны аловак завіс на секунду над паперай, каб вывесці на ёй кляймо смерці, выдаліць чалавека са спісу жывых. Але прыняў руку.
Старшыні здалося, што гэтым рухам ён выкрасліў бы сам сябе. Нахмурыў лоб.
«Аляксандр… Аляксандр… Аляксандр… Першы, другі, трэці… тыраны… Аляксандр Македонскі… гордзіеў вузел…»
Рука зноў завісла ў паветры.
«Шавец па прафесіі… І такое падабенства… шавец…»
Аловак даткнуўся да шурпатай паверхні і аж скрыгатнуў, выводзячы чырвоны крыж.
Старцаў сумленна выканаў свой абавязак і пазбавіўся ад шаўца, які адважыўся быць да яго падобным і насіць тое самае імя.
Шаснаццатага ліпеня ў дзявятую камеру кінулі трох новых вязняў. Гэта былі ўсе свае: Жаба, Давідка і Грамадзянін. Тут толькі Кася Смяхотка не належаў да блатных.
Жабу павязалі тыдзень таму. Накрылі гінты на вуліцы. Бараніўся, але ў яго быў толькі малакаліберны браўнінг «шасцёрка». Нашпігаваў двух сабак кулямі, аднак не ўлізнуў. Яго самога ранілі ў плячо і ў лапатку.
Давідка сядзеў ужо даўно. Ягоныя дакументы нейкім чынам былі згубіліся ў рэўтрыбунале. Толькі пад канец чэрвеня іх недзе адкапалі і скіравалі ў ЧК. Там тэчку ўпрыгожыў чырвоны крыж, а Давідку перавялі ў дзявятую камеру. Габрэй ведаў, што яго чакае, але трымаўся мужна. Калі раней плакаў пасля няўдалых уцёкаў, то цяпер з годнасцю чакаў смерці. Ён і Янка Залаты Зуб забаўлялі хлопцаў размовамі з Касем Смяхоткам, якога падахвочвалі расказваць розныя вясковыя гісторыі і анекдоты.
Давідка сядзеў пасля абеду на падаконні і спяваў:
— Я табе скажу, калі ты памрэш, — зачапіў яго Фіська.