— Альбо сыдзеш адсюлека вон, каб і духу твайго не было, або перапросіш матку… Другім разам лепей пагаворым, чым сёння… Я табе нервы падлячу!
Вечарэла. Хлопцу вурчала ў жываце. Ён шпарка ішоў у бок Залатой Горкі. Яму было холадна. На ім была бялізна і адзенне, якое яму дала Мілка, дастаўшы з шафы свайго брата-нябожчыка. Свае апранахі Ясь пакінуў у яе. Дзяўчына хацела вымыць ягоную бялізну, а адзенне вычысціць і папрасаваць, бо падчас Ясевага арышту і побыту за кратамі яно страціла належны выгляд і моцна збаёдалася. Але паліто ў яго не было. Днём яму не было надта халодна, але цяпер ён увесь дрыжаў ад холаду.
Вуліцы былі амаль пустыя. Толькі на Захар’еўскай рух быў крыху большы. Ясь пайшоў пад нумар 157. У доміках не было святла. Баранава майстэрня была на замку. Ён абышоў дамок навокал. Пуста.
«Альбо Паўлінка некуды выйшла, альбо ўвогуле пераехала на іншую кватэру».
Ён не ведаў, што рабіць. Яму карцела трапіць у свой дом альбо ў жытло Лобавай, каб забраць паліто. Ён узгадаў манцёра Віктара Уменскага, з якім калісьці граў на гітары і мандаліне. Той жыў у другім дамку. Скіраваўся туды, але яго кватэра таксама была зачыненая. Ён зноў абышоў першы дамок. Раптам ягонае вока зачапілася за сабачую будку.
«А дзе Мілы?»
Ясь прысеў на кукішкі каля буды. Унутры раздалося глухое бурчанне. Толькі Мілы нават не паварушыўся. У яго не было сіл на абарону. Але праз хвілю ён адчуў нюхам, што гэта Ясь. Сабака ведаў пах маладзёна, які цяпер выклікаў у жывёліны ўспаміны пра Барана. Ясь раней часта карміў Мілага. Нярэдка ўдвух з Бараном прыходзіў да сабакі. Мілы паспрабаваў выпаўзці з буды. Але сіл не ставала.
Хлопец засунуў руку ў сярэдзіну. Даланёю ён адчуў касмыкаватую шэрсць і косці. Усё было зразумела. Ён выцягнуў сабаку вонкі. Мілы быў лёгкі як пушынка. І зусім не супраціўляўся.
— Вось дзе подлая свалата! — вылаяўся Ясь.
Хлопец аслабіў сабачы ашыйнік і зняў яго жывёліне праз галаву. Акрыўшы Мілага пінжаком, Ясь прытуліў яго да сябе і выйшаў на вуліцу. Пакуль ён і сам не ведаў, куды падацца.
Паўка валадарыла ў сваёй крамцы на Залатой Горцы. Кліентаў было поўна. Паўлінцы нават давялося ўзяць сабе памочніцу, бо сама яна ўжо не ўпраўлялася настаўляць самавар, абслугоўваць гасцей і разлічваць за прылаўкам. Паставіла яшчэ два дадатковыя столікі. Зарабляла вельмі шмат, але не пераставала наракаць. Расказвала пра нейкія страты. Жалілася на вялікія выдаткі, нявыгадную арэнду, падаткі. А служцы шкадавала хлеба. Кліентаў жа яна чаравала як магла: і словамі, і ўсмешкамі, і жэстамі.
Калі-нікалі ў крамку заходзіла Паўлінчына сястра — Стася. Ёй было ўжо пятнаццаць гадоў. Стася была вельмі худой і бледнай ад недаядання. Пасля матчынай смерці яна і Юлік жылі з ласкі лёсу, бо Хурдзіч распіўся і зусім пра іх не дбаў.
Стася заўсёды была галодная ды скардзілася сястры на цяжкае жыццё.
— І мне нялёгка, — казала Паўця. — Цэлымі днямі ў гэтай будзе важдаюся. Няма калі і перадыхнуць. Праца й праца!
— Я магу дапамагчы, — прапаноўвала Стася. — Юлік таксама. Купіць нешта, прынесці. Я магу падаваць да столікаў, посуд памыць.
Але Паўлінка лічыла за лепшае наняць чужую дзяўчыну, каб родзічы, крый Божа, не сцямілі, колькі яна насамрэч зарабляе.
Звычайна яна збывала сястру сухімі хлебнымі акрайчыкамі і кілбаснымі абрэзкамі. Загортвала іх ў паперу, усоўвала Стасі ў рукі і гаварыла:
— А цяпер ідзі сабе, не круціся пад нагамі, бо мне трэба працаваць.
Часам у ейную крамку заходзіў Філіп Лысы. Ён франтавата кланяўся, купляў цыгарэты альбо нешта перакусіць і, крыху пабалбатаўшы з гаспадыняй, урачыста і дастойна развітваўся ды ішоў далей. Звычайна ён наведваўся сюды, ідучы дзеля нейкай блатной справы са свайго раёна на Камароўку. Злодзей нават і не заікаўся ў прысутнасці Паўкі пра свае інтарэсы, бо раней Баран папярэдзіў яго, што жыве з фраеркай.
Сярод Паўчыных кліентаў шмат было такіх, якія намагаліся здабыць увагу прыгожай крамніцы. Вялікая іх частка пускала слінку не толькі на саму жанчыну, але і на ейнае меркаванае багацце. Але Паўця была не лыкам шытая. Хоць часам ёй цяжка было саўладаць са сваім досыць гарачым тэмпераментам, жанчына нікога не падпускала занадта блізка. Акрамя таго, урок, які ёй задаў «каханы Толік», таксама не прайшоў без следу.