Давідка ўзняў бровы ўгору:
— І калі?
— У гэтую ноч.
— Каб ім моль пяткі паела!.. Я не дрэйфлю. Іх таксама смерць не міне. Можа, даўжэй здыхаць будуць.
А Фіська бадзёра тупаў па камеры. Выцягнуў на сярэдзіну Касю Смяхотку і, насвістваючы польку, пачаў з ім разам танцаваць.
— Не ганяй ветру! — сунімаў яго Янка Залаты Зуб.
— У яго вецер у галаве, — скаментаваў Шчупак.
А Фіська з Касем Смяхоткам скакалі, як на гулянцы. Баран папраўляў Жабу перавязку. Грамадзянін гуляў у карты, у тысячу, са Шчупаком і Кнотам. Усе забівалі час, якога ў іх засталося гэтак мала, а можа, проста намагаліся скараціць чаканне…
Надышоў вечар. Усе ў камеры мелі непахіснае прадчуванне, што «гэта» адбудзецца ў найбліжэйшую ноч. Але ніхто не панікаваў. Ні па кім нельга было пазнаць, што ён баіцца. Усе былі настроеныя рашуча і заўзята. Кожны пастанавіў памерці годна. Зрэшты, тут былі сабраныя насамрэч смелыя людзі. Сапраўды адважныя, сіла духу якіх трымала ў цуглях страх. Але ўсё ж ніводзін са зняволеных не спаў і не раздзяваўся. Ніхто нават не разуўся… Яны не думалі супраціўляцца, бо гэта і так не мела сэнсу, а толькі развязвала катам рукі, каб яшчэ больш паздзекавацца са смяротнікаў.
Гадзіны міналі адна па другой. Баран, лежачы на нарах, трымаў у руцэ Паўлінчыны валасы. Апошні — фальшывы — напамінак аб яго каханай дзяўчыне: жыццё і тут паглумілася з яго.
Некаторыя размаўлялі. Кася Смяхотка заснуў. Былі спадзевы, што ў гэтую ноч смерць усё ж забудзецца пра іх, але пад раніцу завуркатаў матор.
Чорны варанок запоўз на турэмны двор.
Калі адчынілі дзверы, усе ўжо былі гатовыя да выхаду. Сёння бралі толькі адну камеру — дзевяць чалавек. Каты меркавалі, што сутыкнуцца з супраціўленнем. Дзявятка мела кепскую славу. Таму спакой і абыякавасць вязняў былі для іх нечаканкай. Усе моўчкі выйшлі на дзядзінец. Турэмнікам звязалі за спінамі рукі мяккім дротам. Потым запіхнулі ў машыну. Яны сядзелі, ляжалі і стаялі, як каму выпала. Разам з імі ехалі дванаццаць чырвонаармейцаў — канвой, а таксама двое чэкістаў і адзін афіцэр.
Чорны варанок вывалакся з турэмнай брамы ў горад. А потым пакаціўся цэнтральнымі вуліцамі — гук рухавіка змусіў сарвацца з ложкаў і прыпасці да вокнаў безліч устрывожаных людзей.
На Камароўцы, пад лесам, калючым дротам была абгароджаная вялікая пляцоўка. Гэта быў прастакутнік з адной пярэрвай на ўезд для машын. Спачатку расстрэльвалі на адкрытай прасторы. Алё некалькі разоў смяротнікі кідаліся наўцёкі, нягледзячы на рызыку. Некалькім нават удалося ўратавацца. Пасля гэтага месца расправы абгарадзілі калючым дротам.
Трупы закопвалі неглыбока, часам толькі прысыпалі зверху пяском. У шмат якіх месцах з зямлі вытыркалі людскія канцавіны. Агідны пах раскладання разносіўся далёка навокал.
Ужо развіднела, калі варанок апынуўся на месцы экзекуцыі. Канваіры першымі пакінулі аўтамабіль. Потым загадалі выйсці асуджаным. На запясцях ім раскруцілі дрот, каб яны маглі раздзецца. Вязні стаялі, збіўшыся ў кучу, і панура маўчалі.
Янка Залаты Зуб дапытлівым позіркам акінуў наваколле.
«Збегчы ніяк не ўдасца».
З машыны выкінулі тры рыдлёўкі.
— Патрэбныя тры ахвотнікі для капання, — звярнуўся адзін з жаўнераў да зняволеных.
Кася Смяхотка плюнуў на далоні і першы з прыемнасцю схапіўся за рыдлёўку. Ён любіў працу, а ўжо доўга быў яе пазбаўлены.
— Яшчэ двое!
Кнот і Шчупак таксама ўзялі рыдлёўкі. Чырвонаармеец, адышоўшыся ад іх на пятнаццаць крокаў, вызначыў месца магілы.
— Капаць! Жыва!
Пад рыдлёўкамі захрабусцелі косці.
Адзін з чэкістаў загадаў астатнім вязням раздзявацца. Асуджаныя ведалі, што нават тыя падраныя лахманы, якія яны мелі на сабе, і зношаны абутак — усё гэта будзе здабычай для іхных катаў. Баран, распранаючыся, выняў з кішэні портак Паўлінчыны валасы.
Яны стаялі, як гурт сіротаў, у зношанай, бруднай, поўнай вошаў бялізне. Зябкі ранак студзіў іхныя целы. Давідка ляскаў зубамі ад халадэчы, але баяўся, каб гэтага не заўважылі ды не падумалі, што ён калоціцца ад страху. Жаба стаяў нязрушна, паважна, спакойна. На бінтах у яго выступілі цёмныя плямы крыві. Грамадзянін вінавата ўсміхаўся, нібы прасіў прабачэння ў «таварыства», што з’явіўся перад ім у такім неахайным выглядзе. А ў ягонай галаве мітусіліся думкі: «Не паспеў закончыць “Туману”… Шкада!.. Але што з мяне, лядашчага, узяць?» Баран увесь час разважаў пра Паўлінку. «Цяпер, пэўна, спіць. Але добра, што Ясь ведае, дзе золата… Будзе мець хоць троху на пражыццё».
А на ўсходзе палала заранка. Яе ружовыя водбліскі падалі на дрэвы і аздаблялі зелень цёплым святлом. Неўзабаве золата і чырвань стрэлілі ўгору і, перапіваючыся, граючы, урачыста ўбралі неба ў россыпы далікатных колераў.