— Сядзі тут! Я цябе замкну. Вярнуся праз дзве гадзіны, — паабяцаў манцёр. — Ежа ў шафцы.
— Я буду спаць!
— Добра.
Манцёр выйшаў. Ясь, знябыты пазаўчорашнім лясным маршам, дзённым боем і даволі доўгай дарогай, патрабаваў адпачынку. Калі за манцёрам бразнулі дзверы, ён лёг і адразу заснуў.
Прачнуўся блізу палудня. Уменскі ўжо быў дома. Ён не выглядаў усхваляваным, але калі пачаў гаварыць, то стала ясна, што ў ягоных грудзях ўсё клякоча.
— Пайду сам!.. Не магу на гэта глядзець!..
Цяжка патупаў да шафы ў іншым канцы пакоя і адсунуў яе ад сцяны. У верхнюю ліштву шафы ззаду былі ўбітыя цвікі, а на іх вісела некалькі нямецкіх карабінаў і больш як дзясятак патронных стужак. Ён упохапкі зарадзіў карабін. Узяў чатыры патронніцы. Падышоў да акна і адчыніў яго. Папхнуў у бакі аканіцы. Сонечнае святло заліло пакой.
Вуліцай цягнуліся бальшавіцкія абозы. Наўкол крычалі. Пануквалі коней. На вазах, закладзеных цывільнымі рэчамі — «ваеннымі трафеямі» — ехалі чырвонаармейцы.
Ясь падышоў да манцёра.
— Што ты надумаўся рабіць?
Уменскі не адвярнуў галавы. Ясь пачуў:
— Чакаю прамежку… Затрымаю рэшту…
«З глуздоў злузнуўся, мабыць?»
Ясь з цікавасцю ўзіраўся на вуліцу. Туркатанне колаў сцішылася. Набліжаўся канец абозу. Толькі ўдалечыні з горкі каціліся вазы наступнага табару. Выпадкова ўзнік прамежак.
Раптам манцёр — здавалася б цяжкі і нехлямяжы — лёгка скочыў на падаконне, а адтуль на вуліцу. З карабінам і патронамі схаваўся пры браме.
Ясь падышоў да шафы. Таксама ўзяў карабін і некалькі патронніц. Прысеў са зброяй каля акна і ўляпіў зрок налева, угору вуліцы Захар’еўскай. Адтуль выплывала чарговая калона. Хлопец саскочыў на вуліцу. Яму зрабілася горача… Дзень быў спякотны, нават без слабага ветрыку. Прыгнуўшыся, Ясь перабег на іншы бок маставой. Унурыўся ў нішу пры ўваходзе ў жаночую гімназію. Гэта была досыць вялікая камяніца на рагу вуліц Садовай і Захар’еўскай. Амаль насупраць была ўязная брама на дзядзінец электрастанцыі.
З горкі мкнулі вазы. Ясь пачуў вокліч манцёра:
— Лупі па конях!
Ясь здабыў у Моніча, у лясах, добры досвед абыходжання са зброяй. Ён уважліва прыцэльваўся і страляў, крыху выгінаючыся са свайго сховішча. На іншым баку вуліцы манцёр зладжана зараджаў карабін, цэліўся, страляў.
Першы воз, які з’язджаў з гары, памчаў уніз па стромым схіле. У палове спуску конь адскочыў улева, на ходнік, і ўпаў. Калёсы перавярнуліся. З іх пазвальваліся жаўнеры. Другі воз мінуў першы, які перакрываў паўвуліцы, і панёсся долу. У шалёным тэмпе ён мінуў манцёра ды Яся і з грукам ускаціўся на мост праз Свіслач. Толькі ён адзін і ўвільнуў.
Цяпер вуліцу загарадзіла некалькі перавернутых фурманак і конскія трупы. Наступная частку абозу затрымалася. Бегалі людзі. Кіравалі калёсы направа, у аб’езд, каб пазбегнуць абстрэлу.
Побач з Ясевай галавой куля ўдарыла ў тынк і засыпала яму твар пабелкай. Ён ацёр твар ды лоб і глыбей усунуўся ў нішу. З гары пулялі ўсё часцей. Бальшавікі спрабавалі ліквідаваць барыкаду з вазоў і конскіх трупаў. Ясь і манцёр гасілі па іх, рупячыся ім усяляк перашкодзіць.
У пэўны момант Ясь заўважыў, што манцёр абапёрся спінаю аб сцяну дома, з-за рога якога страляў. Паволі ён ссоўваўся долу, потым паваліўся на брук і застыў без руху. Ягоныя рукі былі раскінутыя ўбакі. Больш ён не зварухнуўся.
Ясь хацеў перабегчы вуліцу і праверыць, што з Уменскім. Але зразумеў, што яму ўжо нічога не дапаможа. Другі Ясеў настаўнік пайшоў з жыцця.
Яшчэ старанней схаваўшыся ў нішы, хлопец страляў у кірунку барыкады. Ён браў на мушку людзей, якія там кешкаліся, спакваля спрабуючы расцягнуць завалу. Яны не ведалі, з кім сутыкнуліся і наколькі вялікая гэта сіла. Частка абозу павярнула направа, каб па вуліцы Вясёлай аб’ехаць неспадзяваную перашкоду. Іншыя пакуль чакалі.
Ясь не пераставаў пуляць. Яму і ў галаву не прыходзіла, што ён не справіцца, што ён мусіць уцякаць, пакуль гэта магчыма… Пот заліваў яму твар, у горле перасохла. Ён увесь быў паглынуты стралянінай. Яго ўвагу скраў азарт. «Не дам разабраць барыкаду!» — шаптаў маладзён.
Кулі штораз часцей свісталі побач з ім. Раптам, цэлячыся, ён адчуў, што нехта ўдарыў яго ззаду. Уздрыгнуў. Адвярнуўся. Нікога за ім не было. Адчуў слабасць ва ўсім целе. Ногі пачалі падгінацца. Толькі праз нейкі момант ён зразумеў, што яго ранілі. Пацягнула на ваніты. Кінуў карабін і пакульгаў прэч. Завярнуў за рог будынка, на вуліцу Садовую.