Выбрать главу

Раніцай нас паклікалі на допыт. Зноў пасыпаліся адны і тыя ж пытанні. Я гаварыла тое самае, што і ў першы раз. На допыце прысутнічаў паліцэйскі Сазонаў, які ведаў нас да вайны. Калі мы вярнуліся ў камеру, мама прагаварыла:

— Наш рускі чалавек, а дапамагае немцам. Якая ганьба! Як агідна на яго глядзець. Цяпер нам не мінуць шыбеніцы, абавязкова выдасць нас.

Надзеі на вызваленне не было. Мы сталі чакаць свайго канца. Мама часта паўтарала: “Хутчэй бы скончылася ўсё гэта”.

Наступнай раніцай з суседняй камеры да нас данесліся злосныя крыкі. Я зацікавілася і падышла да сцяны. Крыкі паўтарыліся яшчэ мацней. Сценка дашчаная, і ў ёй была шчыліна. Я перамагла страх і прыпала да яе. Тое, што я ўбачыла, прымусіла мяне задрыжаць усім целам. У камеры было чацвёра: нямецкі афіцэр, перакладчык і два канваіры. Перад імі стаяў малады хлапец. Выгляд меў ён жудасны: увесь у крыві, пад вачыма сінякі, замест вопраткі матляліся адны лахманы. Раскудлачаныя валасы пасмамі звісалі на лоб. За яго спіной, на дзвярах камеры, была выразана пяціканцовая зорка. Паказваючы на гэтую зорку, афіцэр праз перакладчыка пытаў:

— Навошта ты гэта зрабіў?

Юнак маўчаў.

— Пан афіцэр,— прамовіў перакладчык,— гэты нягоднік не хоча адказваць. Паглядзім, што ён скажа, калі такая ж зорка з'явіцца ў яго на спіне.

Афіцэр матнуў галавой у бок салдат. Тыя, як сабакі, падскочылі да хлапца і схапілі яго за рукі. Ударам бота яны павалілі яго на падлогу і пачалі выразаць на плячы зорку. Хлапец застагнаў. Мне зрабілаея жудасна, і я адвярнулася.

Калі ўсё сціхла, я зноў глянула ў шчыліну. Хлапец, сабраўшы апошнія сілы, прыўзняўся на руках і сказаў так гучна, каб, відаць, яго пачулі другія зняволеныя ў суседніх камерах: «Бывайце, таварышы, я паміраю за Радзіму! Адпомсціце за мяне...»

Канваіры падхапілі яго, выцягнулі на двор і кінулі ў канаву, якая была за баракам.

Апоўдні пачуліся крыкі ў камеры з другога боку. Праз такую самую шчыліну я ўбачыла, што дапытвалі бабульку гадоў васьмідзесяці. Немец на ламанай рускай мове гаварыў:

— Засталося пятнаццаць хвілін. Будзеш адказваць?

Бабулька маўчала. I зноў...

— Засталося дзесяць хвілін. Будзеш адказваць?

У адказ ні гуку.

— Засталося пяць хвілін...

I нарэшце:

— Засталася адна секунда. Будзеш адказваць?

А потым грозна крыкнуў:

— Узяць яе!

Тут пачалося такое, што і сказаць нельга. Ёй абрэзалі вушы, выкалалі вочы...

Я не магла глядзець, а толькі чула стогны бабулі. Калі яна была мёртвая, яе выкінулі ў канаву, дзе ляжаў невядомы хлапец.

Праз дзень нас выпусцілі. Калі нам сказалі, што мы можам ісці дадому, мы не паверылі сваім вушам. Мы чакалі смерці, а нам кажуць:

— Можаце ісці дадому.

Некалькі секунд мы стаялі як аслупянелыя. I толькі пасля таго як нам прапанавалі ачысціць камеру, мама хуценька выйшла і я ўслед за ёю.

Вярнуўшыся ў атрад, мы пайшлі да камандзіра. Мама пра ўсё расказала яму і на чым свет стаіць пачала лаяць здрадніка Сазонава. Камандзір атрада перапыніў яе і сказаў:

— Дарэмна лаеш яго.

— Чаму дарэмна? — абурылася мама.

— Ваша шчасце, што там быў Сазонаў.

— Што вы гаворыце? — здзівілася мама.

Камандзір спакойна растлумачыў:

— Сазонаў — не здраднік. Ён падпольшчык. І гэта ён дапамог вам вызваліцца.

Мы ўсё зразумелі. Мама вінавата сказала:

— А я так кляла яго…

— Ну, что ж, ад гэтага яму нічога не станецца,— сказаў камандзір.

Апрача таго, мы даведаліся, хто какая бабулька. Яна была матка камандзіра партызанскай брыгады (прозвішча яго я цяпер не памятаю). Пад выглядам жабрачкі яна пайшла ў Рудзенск, каб сабраць потрэбныя звесткі аб нямецкім гарнізоне. Адзін здраднік пазнаў яе і данёс у паліцыю. Яе схапілі і замучылі.

Мы засталіся ў атрадзе. Праз некалькі дзён пачулі, што немцы расстралялі падпольшчыка Сазонава. Мама і я вельмі шкадавалі яго.

ПОЛЯ НІКАЛАЕВА (1933 г.)

г. Мінск, вул. Іванаўская, 36.

СТРАШНЫ ДЗЕНЬ

Раніцай у нашу вёску Рыбцы наехала шмат немцаў. Яны ланцугом акружылі сяло і пачалі паліць з таго канца, што ад чыгункі. Палячы, яны стралялі ў тых, хто выскокваў з хаты і хацеў уцячы.

Мы таксама сабраліся ўцякаць. Мама нават звязала ў клункі адзежу, крыху яды. Але да нас зайшла цётка Агапа, і мама пачала раіцца з ёю, што рабіць.

— Можа, яны спаляць некалькх хат, а ўсіх не будуць,— сказала цётка.

— I то праўда. Навошта ім губіць усіх людзей,— згадзілася мама.

У хату ўвайшоў немец і па-руску спытаў: