Выбрать главу

— Дзе гаспадар?

— У млын паехаў,— адказала мама.

Немец не стаў больш распытваць і знік. Пасля яго ў хату ўбег другі, у руках ён трымаў выстаўлены наперад аўтамат. Цётка Агапа стаяла каля печы, а мама сядзела на лаве, каля акна, і на руках трымала меншага браціка Пецю, якому пайшоў толькі чацвёрты год. Нічога не кажучы, немец выстраліў у цётку. Куля трапіла ёй у жывот.

Цётка схапілася рукой за рану, павалілася на падлогу і крыкнула:

— Гад нямецкі! Страляй яшчэ, каб не мучыцца!..

Немец выстраліў другі раз. Цётка Агапа застагнала і змоўкла. Тады ён выставіў аўтамат на маму. Яна не скранулася з месца. Немец стрэліў і папаў маме ў плячо. Мама захісталася і звалілася з лаўкі дадолу: яна ўпала на правы бок і падабрала пад сябе Пецю.

Я сядзеў на печы із-за коміна сачыў, што рабілася ў хаце. Немец зірнуў на мяне, але не зачапіў. Мне тады было сем гадоў, і ён падумаў, што я малы і з хаты нікуды не ўцяку. Калі ён выйшаў, мама варухнулася і завойкала. Я злез з печы і падбег да мамы. З пляча ў яе цякла кроў. Убачыўшы кроў, я заплакаў. Пеця таксама пачаў усхліпваць. Ён ляжаў пад мамінай рукой. Я асцярожна падняў яе руку і вызваліў браціка. Рукаў яго кашулі быў у крыві. Пеця баязліва азірнуўся і пабег да ложка. Я дапамог яму ўзабрацца на печ.

— Сынок, падай мне вады,— папрасіла мама. У кутку, ля печы, на лаве стаяла вядро. Я схапіў конаўку, зачэрпнуў вады і падаў маме. Яна глынула разы са тры.

Раптам я пачуў, што ў сенцах нешта трашчыць. Я выглянуў у дзверы. У сенцах гарэла сена. Ад яго загаралася страха. Полымя паўзло па сценах. Белы горкі дым ішоў у хату. У хаце станавілася дымна і горача. Я паспрабаваў выцягнуць маму, але ў мяне не хапіла сілы. У гэты час загарэліся дзверы.

— Куды мне дзявацца? — спытаў я ў мамы.

— Бяжы, сынок, хутчэй,— сказала мама і цяжка застагнала.

Я пабег. А на браціка забыўся.

Праз агонь у дзвярах рынуўся ў сенцы, а адтуль на двор. На прыгуменні ў нас стаяў стажок сена. Я пабег да яго. Вакол гарэлі суседнія будыні. Ад гарачыні раставаў снег, і вада хлюпала пад нагамі. Я быў у лапцях, і ногі мае намоклі.

Немцы ўбачылі мяне і пачалі страляць. Але я стаў бегаць вакол стога, каб немцы ў мяне не напалі. Другія немцы лавілі кароў, авечак, свіней і клалі іх на вазы. Людзей нідзе не было відаць.

Калі ўся вёска была ў агні, немцы паехалі. Я адышоў ад стажка і ўбачыў суседзяў Драздоў.  Яны намагаліся патушыць сваю хату, але гэта ім не ўдалося. Я падышоў да іх.

— Вазьміце мяне,— папрасіў я.

— А дзе вашы?

Я сказаў, што засталіся ў хаце.

— Бяжы у склеп,— сказала старая і паказала куды.

У склепе сядзела іх двое дзяцей: хлопчык Шура і дзяўчынка Галя. Я сеў побач з імі. Прабыў там пакуль не прыйшла Драздзіха і не сказала вылазіць.

— Хадзем з намі,— сказала Драздзіха, калі я вылез.

Ад вёскі нічога не засталося, толькі дагаралі галавешкі. Мы абышлі пажарышча і пайшлі на пасёлак, што за чыгункай. У пасёлку ўцалела некалькі хат. Мы зайшлі ў адну з іх. Там сабралася шмат людзей: і здаровыя, і раненыя. Разам з імі я пераначаваў.

Назаўтра вярнуўся з млына мой бацька. Ён клікнуў цётку Таццяну, і мы пайшлі ў сваю вёску. Ад нашай хаты засталіся адны вугалькі. Мы адкапалі костачкі згарэўшых мамы, Пеці і цёткі Агапы, злажылі ў скрыначку і пахавалі на сялібе, бліжэй да лесу. Пасля гэтага татка, цётка Таццяна, яе Толя і я пераехалі ў вёску Пярэжыр і пасяліліся жыць у цёткі Матруны.

Калі прыйшла Чырвоная Армія, бацька пайшоў на фронт.

ГЕНЯ ШЫМАНОВІЧ (1935 г.)

в. Дукора, дзіцячы дом, Рудзенскі раён.

ЯК Я СТАЎ ГВАРДЗЕЙЦАМ

Да вайны я жыў у вёсцы Марынішча Расонскага раёна Віцебскай вобласці. Маці працавала ў калгасе, а бацька быў начальнікам пажарнай дружыны. Я закончыў два класы Марынішчанскай школы. Летам купаўся, лавіў рыбу ў Дрысе.

Калі пачалася вайна, бацьку ў Чырвоную Армію не ўзялі, бо ён быў хворы. Мы сталі капаць у садзе зямлянку-сховішча ад бомбаў. Туды хаваліся я, мама, бацька і бабуля.

У той дзень, як немцы ўпершыню абстрэльвалі наша сяло, мы сядзелі ў гэтым сховішчы. Калі супакоілася, мы вылезлі з зямлянкі. Я ўбачыў, што сцяна нашай хаты прастрэлена кулямі.

Потым у вёску прыйшлі немцы. Але я іх не бачыў зблізку. Мы ўцякалі ў лес. Карову прывязалі за біла, паклалі на воз пажыткі і разам з усімі паехалі ў гушчар.

Я чуў, што ў нашай вёсцы немцы забіраюць свіней, курэй — усё, што ўцалела на дварах. Я і Пецька Шырокаў парашылі схадзіць у Марынішча і паглядзець.

Прыйшлі. Бачым — салдаты ў зялёных фрэнчах з белымі каўнярамі паклалі дзеда Міхала і б'юць. Ён ляжыць на пасланых дошках, а яны сякуць бізунамі па голай спіне. Мы з Пецем — назад, схаваліся за хлеў, папаўзлі агародамі за сяло — і ў лес. Мы расказалі ўсё, што бачылі. Бацька насварыўся і прыгразіў, каб больш я нікуды не адлучаўся, а пільнаваўся воза.