Выбрать главу

Наша стралковая брыгада знаходзілася ў Віцебскай вобласці да 15 мая 1944 года. У гэты дзень мы пайшлі ў наступленне. Я ўжо ўмеў цягнуць сувязь, выдатна ведаў усе няспраўнасці тэлефонных апаратаў — і сваіх і нямецкіх. Я ішоў услед за разведчыкамі і прымаў удзел у вызваленні горада Полацка.

У Полацку нашу брыгаду расфарміравалі. Наш камандзір стралковай брыгады загінуў у баі. Цяпер я трапіў у батальён сувязі. I калі пайшлі ў наступленне далей, мне далі гвардзейскі значок. Я стаў гвардзейцам. З нашым гвардзейскім батальёнам я прайшоў Польшчу, Літву, Латвію. Мы многа вызвалілі гарадоў, але назвы іх усе такія, што запомніць цяжка. Вось, памятаю, у Рызе адзін дзядзька распытаў у мяне, як я трапіў у армію, і даў мне вялікі букет кветак. Я падзякаваў.

— Трымайся, сынок! — сказаў ён.— Хутка закончыцца гэтая вайна?

Я адказаў:

— Як да Берліна дойдзем.

Але я не дайшоў да Берліна. У Прусіі было такое здарэнне.

Я і тры разведчыкі — Кузьмін, Саўчанка і Байкадамаў — пайшлі да немцаў у тыл. Нам трэба было даведацца, колькі ў немцаў батарэй і дзе яны знаходзяцца. Пайшлі ноччу. Узялі аўтаматы і дзве шпулькі з провадам. Цераз лінію абароны ісці было страшна, але мы перабраліся шчасліва. Ішлі разам, пакуль ставала проваду. Тады я застаўся наладжваць сувязь, а разведчыкі пайшлі далей. Я падключыў апарат, паклікаў свой пазыўны, сказаў, што ўсё ў парадку, і пачаў маскіравацца. Праз нейкі час, калі стала світаць, Саўчанка прынёс мне паперку. На паперцы былі запісаны квадраты на карце і колькасць нямецкіх батарэй. Ён сказаў мне перадаць гэта камандзіру, а сам пайшоў да таварышаў. Я даў званок, чую — ручка апарата лёгка круціцца. Значыць, сувязі няма. Я пайшоў шукаць парыву на лініі. Іду, шукаю, а ўжо світае. Хутка знайшоў адзін канец проваду, потым другі і пачаў іх звязваць.

Раптам з-за кустоў паказаліся два немцы. Яны ішлі да мяне, але пакуль што мяне не бачылі Я хапіўся за аўтамат, прыклаўся і даў чаргу. Немцы паваліліся. Я хацеў ісці да апарата, а пасля парашыў: можа, у немцаў якія важныя дакументы. Пайшоў і забраў усё, што было ў іх з дакументаў. А зброю іх у кусты пакідаў. Вярнуўся і перадаў па тэлефоне весткі, а таксама і тое, што са мною было. Камандзір адказвае:

— Схавайся дзе-небудь там, каб нашы снарады не закранулі. Зараз мы распачнём агонь.

Калі пяхота пайшла ў наступленне, мяне падабралі нашы байцы.

На другі дзень капітан Анохін выклікаў мяне са строю.

— Гвардыі радавы таварыш Казлоў, вас узнагароджваем медалём «За адвагу».

Я адказаў:

— Служу Савецкаму Саюзу!

Я з яшчэ большай ахвотай пайшоў у наступленне, помсціць немцам за бацьку і маці, але хутка настаў Дзень Перамогі. Дзень Перамогі я спаткаў у Данцыгу і на радасці ўсе патроны і ракеты перастраляў.

Пасля вайны наш батальён тры месяцы стаяў на беразе Балтыйскага мора. Я часта ездзіў на лодках, караблях гуляць у мора.

А калі надышоў навучальны год, мяне накіравалі вучыцца.

АЛІК КАЗЛОЎ (1932 г.)

Мінск, чыгуначнае рамеснае вучылішча № 3.

НА ФАШЫСЦКАЙ КАТАРЗЕ

У часе блакіроўкі немцы забілі маю маці. Мы, дзеці, разбегліся хто куды. Я далучыўся да трох партызан і разам з імі пачаў уцякаць. У Пціцкім лесе нас сталі даганяць немцы. Схавацца не было дзе, і я ўзлез на дрэва. Немцы ішлі ланцугом і ўбачылі мяне. Яны размахвалі рукамі і крычалі, каб я злазіў. Я не паслухаўся. Тады яны далі некалькі выстралаў. Паўз маё вуха празвінела куля. Я ўздрыгнуў, але не крануўся з месца. «Хоць мяне і заб'юць, але злазіць не буду»,— рашыў я.

Тады немцы падсеклі елку, і я разам з ёю ўпаў на зямлю. Я так моцна ўдарыўся, што спачатку не мог гаварыць. Немцы схапілі мяне і прывялі ў бункер. Пачаўся допыт. Праз перакладчыка яны спыталі ў мяне, чаго я сюды хадзіў.

— Баяўся, што немцы заб'юць, і ўцякаў,— адказаў я.

— А чаму ты быў з партызанамі?

— Яны сказалі, што з імі мяне не заб'юць...

— А каб цябе і забілі, то на свеце не паменшала б людзей,— злосна сказаў перакладчык і падаў знак рукою. Мяне завялі за перагародку і пачалі біць бізунамі. Але нічога не даведаліся.

Мяне прывялі ў вёску Аносавічы і загадалі пільнаваць захопленых у людзей кароў. Я паспрабаваў уцячы, але гэта мне не ўдалося. Мяне злавілі, набілі, завезлі на аўтамашыне ў вёску Навасёлкі Капаткевіцкага раёна і пасадзілі за калючы дрот. Там ужо знаходзілася многа нашых людзей. Праз тыдзень нас пагрузілі ў вагоны, замкнулі і павезлі ў Германію. У нашым вагоне былі адны толькі хлопчыкі, і так многа, што мы ляжалі адзін на адным. Шэсць канваіраў сцераглі нас, як сабакі. Мы думалі, што нас вязуць на смерць, і рашылі ратавацца.