Выбрать главу

На першай станцыі канваіры адчынілі дзверы. Хлопчыкі, як па згавору, рынуліся ў дзверы, збілі немцаў з ног, пачалі выскокваць з вагона і разбягацца хто куды. Я сядзеў каля дзвярэй. Калі на мяне пачалі напіраць, я скокнуў і паваліўся на зямлю. Не паспеў узняцца, як на мяне пачалі падаць другія. Яны так прыціснулі мяне, што я не мог устаць. Калі яны разбегліся і я хацеў узняцца, да мяне падскочыў канваір, схапіў за каўнер і, ударыўшы нагою ў спіну, павалок назад у вагон. Пасля гэтага выпадку немцы больш не адчынялі вагоны.

Праз тыдзень нас выгрузілі ў Берліне і пагналі ў канцлагер. Тут нас пастрыглі і пасярод галавы выбрылі палоскі. На рукавах зрабілі нашыўкі, на штанах — зялёныя лампасы. У лагеры мы прабылі нядоўга. Адтуль нас перавезлі ў горад Лангельфельд. Мы апынуліся ў канцлагеры, высока агароджаным калючым дротам. У цёмных сырых бараках былі нары ў чатыры паверхі. У кожным з іх змяшчалася па чатырыста — пяцьсот чалавек. Дзеці знаходзіліся разам з дарослымі. Цесната была страшэнная. Кармілі нас вельмі дрэнна. На нагах мы насілі драўляныя калодкі. Часта нас цягалі на допыт. У мяне хацелі дапытанца, хто я такі, чым займаўся, дзе і за што мяне злавілі... Я гаварыў, што, калі палілі вёску, я ўцёк у лес, там мяне і злавілі.

З кожным днём я слабеў усё больш і больш. Хутка я адчуў, што мне прыйдзе канец, і рашыў уцякаць. Але зрабіць гэта было нялёгка: немцы пільна ахоўвалі лагер.

Аднаго разу ноччу я заўважыў, што дарослыя выдралі акно і пачалі вылазіць з барака. Я — за імі. За варотамі лагера мяне злавілі вартавыя і прывялі ў барак. На допыце спыталі, чаму я ўцякаў. Я сказаў:

— Мяне тут мораць голадам, і я не мог больш цярпець...

За гэта мяне так збілі, што ўсё цела было чорнае. Я не мог падняцца. Мяне прынеслі ў барак і кінулі на нары. Уранні пачалі выганяць на работу, але ў мяне не было сілы ісці. Тады мяне паставілі ўсярэдзіну, між дарослымі, і пагналі на завод.

На заводзе мяне прыставілі да станка і паказалі, што і як мне рабіць. Я павінен быў штампаваць шайбы. Я націскаў кнопку, і машына прабівала ў шайбе дзірку. Нада мною стаяў наглядчык і пільна сачыў за маёй работай. Я не меў права ні азірнуцца, ні глядзець па баках. Даволі было гэта зрабіць, як наглядчык біў кулаком па карку і на ўсё горла крычаў:

— Фэстэр арбайт! Хутчэй працуй!

Рабочы дзень цягнуўся дванаццаць гадзін, і за гэты час есці не давалі. Я так знясільваўся, што ледзь стаяў на нагах. Калі работа канчалася, нас строілі ў калону і пад канвоем прыганялі ў барак. Там нам давалі па сто грамаў прэлага хлеба і па літру варанай і несалёнай крапівы. З'еўшы галодны полудзень, мы па званку валіліся на нары. Сеннікі, набітыя стружкамі, былі вельмі цвёрдыя. У іх вадзілася шмат насякомых. Нылі рукі і спіна. У галаву лезлі розныя думкі. Заснуць адразу не было ніякай магчымасці.

На золаку нас паднімалі і зноў пад канвоем гналі на завод. Калі хто не ўставаў ад знясілення ці недамагання, таго моцна білі і прымушалі ісці. Пры гэтым гаварылі:

— Няма чаго прытварацца.

На маіх вачах збілі Галавача Пецю, які так аслабеў, што не мог падняцца з нараў.

Рабочыя не вытрымлівалі і паміралі. Штодзённа з баракаў выносілі па дзесяць — дванаццаць чалавек. Іх грузілі на аўтамашыну, вывозілі за горад, у лес, і там закопвалі.

Праз некаторы час нас перавялі на другую работу — загартоўваць часці для самалётаў. Рабочыя не хацелі дапамагаць немцам і стараліся шкодзіць, як маглі. Яны то недагартоўвалі, то перагартоўвалі. Калі немцам удалося выявіць шкодніцтва, пачаліся допыты. У мяне імкнуліся даведацца, хто з рабочых гэта зрабіў. Я хоць ведаў, але не прызнаўся. За гэта мяне моцна адлупцавалі. Дарослых збівалі да смерці. Тонік Васіль не перанёс пабояў і назаўтра ж памёр. Нягледзячы на катаванні, рабочыя трымаліся дружна, і немцам не ўдалося выявіць, хто шкодзіў.

Немцы ўзмацнілі нагляд, але і гэта не дапамагло. Рабочыя ўхітраліся шкодзіць і пасля гэтага.

Цяжка было ў канцлагеры. Жылі мы горш за скаціну. Я ўсё часцей і часцей успамінаў родны дом. «Эх,— думаў я,— каб хоць на хвілінку злётаць дадому, убачыць сваіх». Але гэта было немагчыма. Немцы пільна сцераглі нас і на кожным кроку гаварылі, што мы ўжо ніколі больш не вернемся на радзіму. Балюча было чуць гэта.

У пачатку 1945 года да нас у барак трапіў адзін наш ваеннапалонны баец. Убачыўшы яго, зняволеныя пачалі бедаваць. Тады ён ціха сказаў:

— Не бойцеся, хутка нас вызваляць.

— Адкуль ты ведаеш? — спыталі ў яго.

— Я быў разведчыкам,— сказаў ён і расказаў, што робіцца на франтах.

Ад яго мы даведаліся, што нашы ідуць на Берлін. Усе вельмі ўзрадаваліся: да гэтагу часу мы нічога такога не чулі. Але некаторыя гаварылі, што нам усё роўна не мінаваць пагібелі.