Выбрать главу

— Дзе твой бацька?

— Памёр,— адказала я.

— А маці?

Еўка высунула галоўку і смела сказала:

— Забралі праклятыя фашысты!

Немец разгневаўся і наставіў на нас вінтоўку. Ён хацеў нас пастраляць, але не пастраляў. Замест таго ён падпаліў хлеў і пабег.

Мы выскачылі з хлява і пабеглі на агарод. Селі ў ямку і чакаем. I вось бачу — бяжыць мой старэйшы брат Міша. Дабегшы да дома, спыніўся. Дом палаў. Міша думаў, што мы гарым у хаце. Ён стаў клікаць:

— Каця!.. Каця!..

— Мы тут,— гукнула я.

Пачуўшы мой голас, ён падбег да нас, схапіў Васю, і мы пабеглі ў чужы дом, што стаяў на агародзе. Селі ў кутку і пачалі размаўляць. Раптам Міша ўбачыў, што сюды бяжыць немец.

— Хавайцеся! — крыкнуў Міша.

Мы пазалазілі пад ложак. Міша таксама схаваўся. Але немец не зайшоў у хату, а пахадзіў каля яе і пабег прэч.

Вечарам з лесу прыйшоў бацька. У гэтай хаце мы пераначавалі.

Назаўтра бацька і другія сяляне, якія засталіся жывыя, пайшлі хаваць костачкі пагарэлых людзей.

Калі я даведалася, што ў той хаце разам з другімі спалілі і маю міленькую мамачку і сястрычак Маруську і Аню, я плакала датуль, пакуль не змаглася. Не магла змірыцца з тым, што ніколі больш не ўбачу маму, не пачую яе голасу, не прытулюся да яе грудзей.

Пасля пахавання маці бацька сказаў, што паедзем жыць у суседнюю вёску Грабаў. Мне вельмі не хацелася пакідаць роднае месца, дзе я нарадзілася і пражыла столькі год. Але раз бацька сказаў — трэба слухацца.

У Грабаве мы пасяліліся ў нейкай незнаёмай цёткі. Жылося цяжка: у нас не было чаго есці. Але бацька казаў нам, што хутка прыйдуць нашы і вызваляць ад пакут. Мы слухалі яго, і нам станавілася лягчэй.

Аднойчы ў Грабаў уварваліся немцы. Мы ўцяклі ў лес. У лесе было яшчэ горш, але мы цярпелі і чакалі, калі настане шчаслівы дзень вызвалення.

I вось ён прыйшоў. Вярнулася наша Чырвоная Армія. Мы былі вельмі рады бачыць дарагіх байцоў, нашых вызваліцеляў. Гэты дзень застанецца ў памяці назаўсёды.

Мы пераехалі ў сваю вёску. Хутка бацька і брат Міша пайшлі на фронт.

У 1946 годзе мой бацька прыйшоў з арміі. Я вельмі ўзрадавалася яго звароту. Зноў мы будзем жыць разам.

КАЦЯ ГОРБАЛЬ (1934 г.)

Петрыкаўскі раён, ст.Капцэвічы

У НЯМЕЧЧЫНЕ

Аднаго дня немцы акружылі нашу вёску, забралі кароў, авечак, свіней, а пасля сталі браць людзей.

Наша сям'я складалася з сямі чалавек: тата, мама, два браты і тры сястры. Нас усіх пагрузілі на нейкую машыну зялёнага колеру, навокал абцягнутую палатном. Тата з мамай сядзелі на скрыначцы, у якой былі харчы. Мама карміла грудзьмі маленькага Антося. Валя сядзела ў таты на каленях, схіліўшы галоўку на яго грудзі, драмала. Мы, як старэйшыя, стаялі каля ног мамы і таты.

Была летняя спякота, а нас у машыне — што селядцоў у бочцы. Страшэнна хацелася піць, сохлі вусны, а вады не давалі. Машыны несліся на захад некалькі дзён і начэй. Прыехалі ў нейкі горад. Перад намі барак. Немец грозна загадаў вылазіць. Мы пасыпаліся з машыны, як гарох. Сэрца раздзіраў крык і плач дзяцей. Была пададзена каманда:

— Жанчыны і дзеці ў левы бок, а мужчыны ў правы!

Мы ледзь паспелі развітацца з нашым таткам. Немцы крычалі на ўсё горла: «Шнэль! Шнэль!» Мужчын кудысьці павялі, а нас загналі ў цесны барак.

Засталіся мы з мамкай. Ва ўсіх слёзы каціліся з вачэй. Галас жанок і дзяцей раздзіраў душу, але нямецкія бандыты толькі пасмейваліся. Быў тут і Пранук дзядзькі Кастуся, і Анька цёткі Алесі, і многа-многа другіх дзяцей з нашай вёскі. Ды не толькі з нашай вёскі, а былі і другія людзі. Сама я чула, як у маёй мамкі пыталіся жанчыны:

— Якой вы вобласці? Ці спалена ваша вёска? — і г. д.

Мамка ім адказвала:

— Віцебскай вобласці, вёска спалена. Спалена жывая і мая мама, і бабуля, сямідзесяцітрохгадовая, хворая, у якой балела галава, а немцы думалі, што тыф. Ох! Ох! — і захліпнулася мамка ад слёз.

Мы ўсе, гледзячы на мамку, таксама пачалі плакаць.

— Ціха, цётачка, не плач,— сказала другая жанчына,— бачыш, дзеткі, гледзячы на цябе, плачуць.

Калі пачала надыходзіць ноч, мамка, сабраўшы нашы рызманы, паслала нам пасцель. Вячэраць не было чаго, і мы, не еўшы, ляглі спаць. Скрыначка наша з харчамі засталася ў машыне.

Раненька я абудзілася ад вялікага скаплення паветра. Быццам камень ляжаў на маіх грудзях, і цяжка-цяжка было дыхаць. Вокны і дзверы не дазвалялася адчыняць. Людзі спалі на нарах адзін над адным. Дзяцей зазвычай лажылі на падлозе.