Выбрать главу

Працёршы вочы ад сну, я ўбачыла, што няма маёй мамкі. Мне стала вельмі страшна. Я думала: напэўна, і мамку пагналі ў правы бок. Засланіўшы вочы рукамі, я пачала плакаць і прыгаварваць.

Аж чую нечы голас:

— Манечка, дачушка!

Гэта была мая мама: яна трымала ў адной руцэ малюсенькі кавалачак чорнага хлеба, у другой салдацкі кацялок, відаць, з нечым цёплым, бо пара ішла.

— Ціха, Манечка, не плач, прынесла вам есці,— сказала маці.

Калі я пачула слова «есці» ды ўбачыла хлеб, запляскала рукамі і засмяялася. Сваім смехам абудзіла меншых братоў і сясцёр. Мама прысела каля нас, доўга глядзела на гэту маленькую скібачку хлеба, а пасля разламала на чатыры кавалачкі. Антосю і сабе не выдзеліла. Я да самай смерці не забуду таго кавалачка хлеба, які дастаўся мне ў тую пару. Я ніколі не забуду, як мне тады хацелася есці.

У такім паветры і голадзе мы праседзелі два тыдні. Разы два мамцы нашай удалося вылезці праз калючы дрот, каб дастаць нам чаго-небудзь паесці. Пасля немцы нацягнулі нейкі электрычны провад, да яго нельга было падыходзіць. Немцы з барака выходзіць не дазвалялі, а ў барак уваходзіць пускалі. I вось раз мамка прыйшла з жэбраў — торба поўная хлеба, а ў руцэ жбанок з малаком. Вось мы тады пад'елі даволі.

Але хутка мама захварэла. Прыйшлі санітары і забралі яе ў шпіталь. Толькі аднеслі мамку, як зараз жа захварэлі таксама два мае браты і дзве сястры. I іх таксама на насілках кудысьці панеслі. Гэта, мусіць, зрабіла нам яда.

Плакала я колькі хацела — ніхто мяне ўжо не супакойваў.

Надумалася я прасіць у немцаў пропуска ў шпіталь. Так хацелася ўбачыць сваю мамку. Да братоў і сясцёр я не прасілася: немцы самі, забіраючы іх, казалі, што ім зараз жа зробяць «капут». Маленькі Антось у тую пару быў быццам нежывы: не крычаў, як бывала раней, у яго былі заплюшчаныя вочы, і ён ледзь дыхаў.

Пасля доўгага ўпрошвання аднаго немца я дабілася пропуска ў шпіталь да мамкі. Сабралася ў паход. Толькі так балюча,— ведаю, мамка галодная, а я не маю чаго ёй занесці.

Паглядзеўшы пропуск у шпіталь, мяне прапусцілі праз браму. Павярнуўшы ўправа, я ўбачыла высокі белы будынак. Гэта быў шпіталь. Там таксама стаялі патрулі. Яны паглядзелі дакумент і сказалі:

— Другі ганак налева.

Іду. З ганка адразу ўваход у пакой, дзе трое дзвярэй. Мне чамусьці захацелася пайсці прама. Стукаюся.

— Мо-ожна-а,— чуецца быццам з падзямелля голас.

Уваходжу. Стаіць шэсць ложкаў. На кожным ложку па два-тры чалавекі. Пытаюся:

— Ці няма тут, цётачкі, маёй мамкі?

— А як жа завецца мамка? — запытала адна.

Я не паспела адказаць, як пачуўся голас:

— Манечка, дачушка!

Гэта мая мамка! Ляжала яна з нейкай жанчынай. Мамкі сваёй я не пазнала: была яна жоўтая, як воск, апухлая, а словы вымаўляла вельмі цяжка. Пачала яна пытаць у мяне пра астатніх дзяцей.

— Нічога, мамачка,— кажу я,— нам цяпер даюць тры разы есці, і мы пачалі папраўляцца...

— Праўда, Манечка, ты як быццам пачала папраўляцца,— радасна сказала мама і заплакала.

Яна заўважыла, што я пачынаю пухнуць, і падумала, што папраўляюся. Села я блізенька-блізенька каля сваёй мамкі. Мне так было добра, што я зноў да яе прытулілася. Многа чаго гаварыла мне мамка. Яна казала, як будзе нам зноў добра, калі немцаў нашы паб'юць.

— Толькі глядзі, Манечка, Антося і ўсіх дзетак.

Я адказала:

— Добра.

Вельмі прыемна было сядзець з сваёй мамкай, але час не дазваляў. Сюды можна было заходзіць толькі на дзве гадзіны. Моцна-моцна мы пацалаваліся, і я мусіла пайсці. Ішла, ледзь перастаўляючы нага за нагу.

Назаўтра першы раз нам далі паесці супу з качарэжак ад капусты, чарвякамі запраўленага, ды такога рэдзенькага, што я ў сваім кацялочку знайшла палавіну качарэжкі, восем крупінак ячных і дзесяць чарвякоў. Нам проста было дзіўна, адкуль яны бяруць столькі чарвякоў? Чарвякоў мы выкідвалі. Лыжак нам не трэба было: усе мы суп пілі проста з сваіх кацялкоў або місак.

Пасля снедання нам далі загад збірацца на работу. Пад'ехалі машыны, мы пагрузіліся і паехалі. Куды — не ведалі. Я вельмі баялася, каб не вывезлі з таго горада, бо не ўбачу тады сваю мамку.

Але не. Спыніліся мы ў горадзе, перад вялікай фабрыкай. Вылезлі з машыны. Жанчынам сказалі ісці направа, а нам — налева. Жанчын павёў нямчур у сярэдзіну гэтай фабрыкі. Нас павёў другі нямчур.

Кожнаму з нас, дзяцей, была дадзена работа і загадана:

— Каго сёння мы дзе паставілі, мусіць там працаваць заўсёды. Хто зменіць сваё месца, атрымае пяць бізуноў або 24-ты барак.

Бізуны і 24-ты барак былі вядомы нам усім.

Мяне паставілі пры нейкай машыне, адкуль выходзілі шрубачкі. Працавалі з васьмі гадзін раніцы да васьмі гадзін вечара. Абедзенны перапыпак — адна гадзіна. У дванаццаць гадзін дня нам далі абед, які складаўся з трыццаці грамаў чорнага хлеба і такога ж супу. Чарга за супам была вялікая, але я дачакалася. Атрымаўшы малы кавалачак хлеба, я яго там жа і праглынула, суп выпіла да дна. Раптам як бы мяне хто кальнуў іголкай — так я падскочыла. Ах! Што ж я зрабіла, з'ела ўвесь хлеб і не пакінула хворай мамцы! Ад жалю аж слёзы пакаціліся, але хлеба не вернеш.