Выбрать главу

Брат з таварышам пад'елі і паехалі. Я ляжаў у пасцелі і думаў, як лепш выканаць яго заданне, сабраць падрабязныя звесткі. Перад вачыма стаялі нямецкія машыны з незразумелымі знакамі, немцы станавіліся папярок дарогі і гаварылі: «А, ты пасланец партызан!» Хапалі і дапытвалі, але я ім не гаварыў ні слова... Часам мне мроілася, што я партызан, маю вінтоўку, хаджу на заданні...

З такімі думкамі я і заснуў.

Калі я прачнуўся, мама паліла ў печы. Я апрануўся, узяў пяць яек і, не сказаўшы ёй ні слова, выйшаў з хаты. Іду і думаю, як пра ўсё даведацца. За мной паўзе страх, але я стараюся адагнаць яго. За спіной чую нечыя крокі. Азіраюся. Мяне даганяе знаёмы хлопчык Валодзя.

— Шура, ты ідзеш у камендатуру на работу? — пытае ён.

— Не. Купіць цыгарэт...

Набліжаемся да нямецкага паста. Стаяць двое: немец і паліцэйскі. На мяне глядзіць немец і, здаецца, вось-вось скажа: «Куды ідзеш? Партызаны прыслалі?» Але не, ён раптам крычыць:

— Цыгарэты! Сахарын! Яйка нікс?

— Нікс,— адказваю я.

— Шура, ты ж ідзеш купляць цыгарэты,— шэпча Валодзя.

— Гэты ашукае,— кажу я.— Выменяю ў камендатуры.

Адлягло ад сэрца. Ступаю смялей і сам сабе кажу ў думках: «Хіба яны могуць здагадацца, што я іду ў разведку? Такіх, як я, тут швэндаецца многа».

Тыя, што прыйшлі раней, у баку ад камендатуры рэжуць і колюць дровы. Больш нікога навокал не відаць. I машын ніякіх няма. Вось камендатура — вялікі двухпавярховы будынак. Узнімаюся па прыступках наверх. Насустрач выскоквае немец, хапае мяне за плячо і крычыць:

— Гольц! (Дровы!)

Разам з немцам вяртаюся да дроў. Ну, думаю, цяпер-то я траплю ў пакой! Набралі дроў і панеслі. Але не ў пакой, а на кухню. На дварэ цеплыня, і ў памяшканнях не паляць. Не шанцуе. Ідучы назад, я адлучаюся, заходжу ў першыя дзверы і трапляю ў афіцэрскі пакой. Афіцэраў двое. Дастаю тры яйкі і прашу цыгарэты. Адзін бярэ яйкі і дае мне цыгарэту, другі паказвае, каб я чысціў боты. Я рад, што магу затрымацца.

Першы ўстаў, апрануўся, а на шыю начапіў якуюсьці бляшку з арлом. Раней я такіх не бачыў. Пэўна, гэта і ёсць тыя, што ўчора прыехалі.

Пачысціўшы боты, я выйшаў і адправіўся на канюшню. Там сустрэў хлопчыкаў, якія хадзілі кожны дзень. Пачаў размаўляць з Валодзем. Ад яго даведаўся, што ў камендатуру прыехала палявая жандармерыя, а немцы, якія тут былі, выязджаюць.

З канюшні рашыў зайсці яшчэ ў адзін пакой,— у мяне ж было два яйкі. Трапіў у каравульнае памяшканне, але зрабіць абмен не ўдалося: там адбываўся нібы сход, і мяне адразу выгналі.

Больш хадзіць пабаяўся і з гэтымі дадзенымі вымушан быў вяртацца. Ідучы дадому, адчуваў сябе дарослым: я ж пачаў дапамагаць партызанам!

Зноў у камендатуру пайшоў праз дзень. На гэты раз убачыў рэшту немцаў, якія выязджалі. На іх месцы засталася палявая жандармерыя і паліцаі з смілавіцкага гарнізона.

Такім чынам, праз некаторы час я ўжо ведаў, што ў гарнізоне ёсць два пасты і адна наглядальная вышка, што тут налічваецца сто чалавек, два станковыя кулямёты і дзесяць ручных, што ёсць у жандараў аўтаматы, а ўсіх жандараў — чалавек пятнаццаць. I ўсе гэтыя звесткі я перадаў партызанам.

Аднойчы мы вячэралі. У хату ўвайшоў дзядзька Аляксей і пачаў расказваць, што ён зараз сустрэў аднаго чалавека з вёскі Турэц, які супроць ночы чагосьці пайшоў у нашу вёску.

— Падазроны ён,— сказаў дзядзька.— Добраму чалавеку ў такі час няма чаго хадзіць з партызанскай вёскі ў камендатуру.

Я кінуў яду і, недаслухаўшы, што гаварыў далей дзядзька, выскачыў на двор. Пачынала цямнець. Подбегам пайшоў да камендатуры. У канцы вёскі дагнаў старога. Ён быў абуты ў лапці, ногі да калень заматаны аборамі.

«Гэта і ёсць той чалавек, пра якога гаварыў дзядзька,— падумаў я.— Так абуваюцца толькі старыя з Турца». Я прыцішыў хаду і стаў наглядаць, куды ён пойдзе.

Але прасачыць яго мне не ўдалося. Недалёка ад камендатуры знаходзілася канава і раслі кусты. Ад іх адна за адной пачалі аддзяляцца цёмныя постаці. Стары параўняўся з імі, і раптам да маіх вушэй даляцелі нямецкія словы. Я здагадаўся, што гэта адпраўляюцца немцы на засаду, і павярнуў назад.

Мінуўшы дамоў восем, спыніўся. Хоць было страшнавата, але жаданне дазнацца, куды яны пойдуць, пераадольвае. Прыглядаюся, дзе можна перачакаць, каб прапусціць іх уперад, і тады сачыць. На дварэ зусім сцямнела. Крокі набліжаюцца. Разважаць няма калі. Пад нагамі адчуў мосцік. Гэта каля Верамейчыка. Залез пад мосцік і чакаю. Шум нарастае. Вось-вось немцы пойдуць па мосціку.

Але што такое, мосцік маўчыць, не грукоча. Я зразумеў, што немцы звярнулі каля Верамейчыка ў вулачку. Шум заціхае. Я асцярожна вылез з свайго ўкрыцця і, прыгнуўшыся, паспяшыў у вулачку. Глянуў уздоўж і ўбачыў немцаў, якія аддаляліся. Каля платоў пайшоў услед.