Выбрать главу

Зімою разнесліся чуткі, што ў лясах з'явілася шмат партызан. Аб іх гаварылася многа незвычайнага і таемнага. Я ўважліва прыслухоўваўся да гэтых размоў. Вельмі хацелася ўбачыць партызана, але гэта не ўдавалася. На пытанне, якія яны, заўсёды чуў адказ:

— Не ведаю, сам не бачыў.

Начамі да нас сталі заходзіць незнаёмыя людзі. Дзед аб нечым шаптаўся з імі, і яны хутка выходзілі. Я не звяртаў на гэта ўвагі. Ці мала цяпер ходзіць па свеце бяздомных людзей! Адзін просіцца пераначаваць, другі — есці...

Пад вясну наведванні ўчасціліся. Людзі заходзілі ў хату. Дзед уставаў з пасцелі, абуваўся, апранаўся і разам з імі кудысьці надоўга знікаў. Дзед звычайна агню не паліў, і разгледзець, што гэта за людзі, нельга было. Пазней я даведаўся, што гэта партызаны.

Аднойчы ўранні прыйшлі паліцаі і сталі правяраць дакументы. Дзед знік з дому ноччу і яшчэ не вярнуўся.

— А дзе твой стары? — спытаў у бабулі адзін паліцай.

— Пайшоў правяраць петлі, пастаўленыя на зайцоў,— адказала яна.— Паляванне са стрэльбай забаранілі, то ён прыдумаў нейкія петлі.

— Ведаем мы яго петлі! — закрычаў Платонаў.— Петлі ноччу не правяраюць.

Яны перавярнулі ўсё ў хаце, павытраслі сеннікі, патаўклі прыкладам шафу, ламамі ўзарвалі падлогу. Мы сядзелі на печы і плакалі, спалоханая бабуля прытулілася да коміна і маўчала. Калі паліцаі выходзілі, бабуля кінула ім услед:

— Сцены яшчэ цэлыя! Як гэта вы пакінулі іх?

— Яшчэ дабяромся і да цябе і да тваіх сцен,— прасіпеў Платонаў.

Як дазналіся пасля, у канцы вёскі паліцаі сустрэлі дзеда. У руках ён сапраўды нёс драцяныя петлі, але ішоў не з лесу, а па дарозе, што вядзе з Магілёва. Дзеда прывялі ў хату і доўга білі. Ён паціху стагнаў і не гаварыў ні слова.

— Дакуль ты будзеш маўчаць, стары вылюдак? Чаго хадзіў пад Магілёў? — дапытваўся Платонаў.

— Вылюдкі вы, а не я,— азваўся дзед.

Другі паліцай наводмаш ударыў дзеда. Дзед упаў на абернутую пасярод хаты шафу. Падбегла бабуля. Паліцай штурхнуў яе, і яна павалілася на падлогу. Падскочыў Платонаў і моцна тузануў дзеда за бараду. Дзед ссунуўся з шафы далоў, павярнуўся да яе плячыма, абапёрся і сеў.

— Ну, бальшавіцкі падхалім, скажаш, дзе быў? — зароў Платонаў.

— Мне няма чаго вам казаць,— прастагнаў дзед.

Платонаў стукнуў ботам дзеду ў грудзі. Дзед паваліўся тварам уніз і скурчыўся. Галава яго пахіснулася на бок. Платонаў глянуў на печ. Я, Коля і Ніна шчыльней прыціснуліся да коміна. Платонаў зняў з плячэй аўтамат і даў чаргу па дзеду. Потым перавёў аўтамат на бабулю. Яна, як сядзела, так і ўпала на спіну.

Паліцаі хутка выйшлі з хаты.

Дзядзька пахаваў дзеда, бабулю, а нас забраў да сябе. Жывучы ў яго, я часта хадзіў у сваю хату, якая цяпер была пустая і закінутая. Успамінаў, як мы добра жылі, дзе і што клалі. Іншы раз знаходзіў рэчы, схаваныя бацькамі. Тады мяне ахоплівала вялікая радасць.

У страсе варыўні я выпадкова знайшоў бінокль. Схапіўшы сваю каштоўную знаходку, узлез на страху клеці. Адсюль відаць была суседняя вёска Княжыцы. У ёй размяшчаўся нямецкі гарнізон. Вельмі цікава было глядзець на вёску праз бінокль: відаць, як ходзяць людзі, як паліцэйскія катаюцца па вуліцы на веласіпедах. Каля вёскі, на ўзгорку,— нямецкія ўмацаванні, абнесеныя драўлянай сцяной. Па гэтай сцяне ходзяць нямецкія вартавыя.

Клець пакрыта гонтамі, і сядзець на ёй нязручна, дужа муліла. Тады я прарабіў у зашчытку дзірку, на бэлькі палажыў некалькі дошак. Атрымаўся палок, на якім можна было сядзець і ляжаць, а галоўнае, я мог усіх бачыць, а мяне — ніхто. Пасля гэтага я забіраўся туды і падоўгу назіраў за тым, што робіцца ў Княжыцах.

Аднаго разу ў цёплы летні дзень я з вясковымі хлапчукамі гуляў у чыжа. У разгар гульні з-за будынка паказаўся чалавек у парванай вопратцы, лапцях, з вялікай сівой барадой. Жабрак, дый годзе. Мы сталі прыглядацца да яго. Ён ступіў некалькі крокаў ад рога і паклікаў мяне пальцам. Я падышоў.

— Пазнаеш мяне? — спытаў ён.

— Не.

— Я Папоўскі, з Шчэгліцы,— і ён крануў сваю бараду. Цяпер я ўбачыў, што ў яго не свая барада, а падклееная з нейкага сівога валосся.

— Ты партызан?

— Ага. Немцы ёсць у вёсцы?

— Няма.

— Я прыйшоў вось чаго. У цябе, напэўна, засталася ад дзеда зброя. Аддай яе нам. Яна нам вельмі патрэбна.

— Чаму ж не, ёсць. I дзедава і мая.

— А ты зможаш яе прынесці?

— Не, яе многа. Я вам пакажу, дзе яна схаваная.

Ён аглянуўся навокал і хутка сказаў:

— Сустрэнемся ў Шчэгліцкім лесе, каля прасекі. Я прыйду туды вечарам. Добра?

— Добра.

Вечарам сустрэліся на ўмоўленым месцы. З Папоўскім былі яшчэ два партызаны. Я павёў іх да вулля і аддаў зброю, схаваную ў ім. Тую, што была закапана пад вывараццю, дзед паспеў перадаць сам. Папоўскі спытаў, дзе я назбіраў столькі зброі. Я расказаў аб усім па парадку. Расказаў яшчэ, што наглядаў праз бінокль. Ён абняў мяне і пацалаваў.