Выбрать главу

Паміраць я не хацеў, а таму і не працівіўся матцы. Не адыходзячы ад акна, увесь час глядзеў я ўдаль і гатовы быў схавацца пад печ ці зарыцца ў пасцель, калі пакажуцца нямецкія разбойнікі. Але дарога была пустынная, і я час ад часу адыходзіў ад акна.

Першых немцаў я заўважыў здалёк, яшчэ за Таранковым дваром, калі яны толькі паказаліся на веласіпедах з-за горкі. Я хацеў быў схавацца, але мяне зацікавіла, што побач з веласіпедамі варушыліся дзве дзіцячыя постаці. Хутка я разгледзеў двух немцаў у касках. Яны ехалі схіліўшыся, адзін за адным, а за першым веласіпедам беглі два цяплыньскія хлопчыкі. На іх тварах былі вялізныя сінякі, цёк брудны пот. Вочы вылазілі на лоб. Яны бесперастанку лізалі языкамі сухія губы. Задні немец іх падганяў, і яны не адставалі ад першага веласіпеда.

Немцы паехалі к лесу. Праз кароткі час адтуль пачуліся два сухія выстралы.

— Няўжо тых дзяцей?..— са слязамі на вачах ламала мама рукі...

Назаўтра, калі немцы кудысьці зніклі, бацькі знайшлі сваіх дзяцей у хварасцянскім ельніку мёртвымі.

Іх везлі на калёсах праз нашу вёску. Усе хварасцянцы выйшлі насустрач. Маткі дзяцей-нябожчыкаў ехалі на тых жа калёсах і галасілі. Я ішоў побач, і слёзы каціліся з маіх вачэй. Целы забітых былі закрыты белай прасціной, я не мог іх разглядзець. Маткі нахіляліся да сынкоў і, заліваючы прасціну слязьмі, прыгаварвалі:

— Намазолілі вы вочы разбойнікам... За што ж яны вас?.. Няма ў іх нічога чалавечага...

Пахавалі іх на тым месцы, дзе знайшлі забітымі, і паставілі два крыжы.

Цяпер я часта хаджу на гэтыя могілкі, і перад маімі вачыма ясна паўстае ўвесь жудасны малюнак.

Яны загінулі смерцю нявінных, не дачакаўшыся светлых дзён.

САША МУКГОРАЎ (1930 г.) г. Мінск, 

2-гі Р,  Люксембург зав., д. № 11.

НА АКОПНЫХ РАБОТАХ

Увосень 1943 года фронт падышоў да ракі Проні. Вёска Хварасцяны, дзе я жыў, знаходзілася ў трох кіламетрах ад ракі, і старыя гаварылі, што нашы хутка будуць тут. З нецярпеннем чакалі людзі прыходу сваіх.

Мы жылі ў лесе: баяліся, каб нас не перастралялі ці не пагналі ў рабства ў Германію. Але, як толькі падымалася сонца, немцы, нібы ганчакі, бегалі па кустах і лавілі маладых, старых і падлеткаў. Вечарам маці і наша суседка Паўлючыха загаварылі аб тым, дзе мне і іхняму Івану схавацца на дзень.

— Заставацца тут рызыкоўна,— сказала мама.— Няхай лепш ідуць у Чортава балота. Дарог паблізу няма, і немцы не так валачыцца будуць.

Развіднелася ўжо, калі я з Паўлюковым Іванам выйшлі з вылежанай цёплай ямкі. Галінкі дрэў убраліся інеем. Я калаціўся ад холаду і лезці ў тваністае балота не захацеў. Рашыў запаўзці ў бункер, які калісьці з сёстрамі будаваў, і прасядзець там да вечара. Бункер быў добра замаскіраваны, і немцам цяжка прыкмеціць яго. Аб сваім намеры расказаў Івану. Той не згадзіўся, раззлаваўся на мяне і бягом кінуўся назад. Я залез у бункер і распластаўся на саломе, што ў пасцелі. Побач былі другія бункеры. У іх чуліся плаксівыя дзіцячыя галасы. Не прыкмеціў, калі падкраўся сон. Прахапіўся ад жаночых крыкаў, якія даносіліся знадворку. Я не мог зразумець, у чым справа.

Раптам ля ўвахода зашастаў лазовы куст, і ў дзвярах я ўбачыў чорнае дула аўтамата. Я вылез і апынуўся перад самым немцам. Морда ў яго была чырвоная і прышчастая, нібы абскрэбеная тупым нажом морквіна. Аўтамат настаўлены прама ў грудзі. Я стаяў і адчуваў, як дрыжыкі працінаюць усё маё цела, цямнее ў вачах. Штурхануўшы мяне рукою так, што я ледзь не паваліўся, немец загадаў ісці наперад. Ён прыгнаў мяне да грамады хварасцянцаў, якіх немцы вылавілі ў кустах і на балоце. Сярод іх быў і Харанёўскі Коля, з якім я вучыўся ў школе. Родных маіх не было; іх, як відаць, немцы не знайшлі.

Нас гналі табуном, нібы авечак, спярша па полі, затым дарогай праз бярэзнік. Зараснік кішэў ад немцаў. Яны капалі бункеры, ляпалі сякерамі. Каля дарогі стаяла легкавая машына. Ля яе круціўся нямецкі афіцэр. Калі мы праходзілі міма, ён схапіў мяне за руку, выцягнуў з натоўпу і адштурхнуў убок. Тое самае зрабіў ён і з Харанёўскім Колем. Я павесялеў. Цяпер я быў не адзін. Да нас падышоў немец з вінтоўкай і пагнаў перад сабой. Спыніліся ля шырокай і глыбокай ямы, дзе працавалі дзяўчаты. Нам далі рыдлёўкі і паказалі, каб мы лезлі туды «арбайтэн».

Працавалі ўвесь дзень без перадыху. Нам не давалі нават разагнуцца. Даволі было гэта зрабіць, як немец, які стаяў над намі, гаркаў на ўсё горла і пагражаў зброяй. К вечару я зусім знямогся. Шчымелі рукі, ныла спіна. Здавалася, не вытрымаю і павалюся.

Калі зусім сцямнела, нас пасадзілі на грузавік і пад вартай прывезлі ў вёску Усушак, якая знаходзілася ў пяці кіламетрах ад нашых Хварасцян. Выгрузілі і прывялі ў прасторную хату. У памяшканні гарэла газоўка. Перакладчык спытаў нашы імёны, прозвішчы, дамашнія адрасы.