Выбрать главу

За сталом сядзеў тоўсты лысы немец і запісваў з слоў перакладчыка. Потым ён нешта буркнуў. Перакладчык грозна сказаў:

— Задумаеце ўцячы, зловім і расстраляем. Не паглядзім на ваш дзіцячы ўзрост.

Амаль да самай зімы нас ганялі на работу з Усушка ў хварасцянскія бярэзнікі. Пра сваіх родных я нічога не чуў і не ведаў.

Аднойчы, шукаючы з немцамі вады для размочвання гліны, мне пашчаслівіла пабыць на тым месцы, дзе я хаваўся з сваімі. Я ўзіраўся ў наваколле, стараючыся адшукаць прыкмету, якая б сказала, што родныя яшчэ тут. Але нічога такога я не ўбачыў. Наткнуўся і на бункер, адкуль мяне выцягнулі немцы. Ён быў увесь разбураны.

Работа, якую мы выконвалі, была непасільная для нас. Мы то капалі бункер, то насілі бярвенні для накатаў. Немцы лаяліся, смяяліся і здзекаваліся з нас, чаго я не мог цярпець. Прадуктаў амаль не выдавалі, хоць нам было вызначана на дзень трыста грамаў хлеба і не памятаю колькі маргарыну. Жылі толькі тым, што крадком раздабывалі ў вёсцы.

З Усушка нас перагналі ў вёску Астравы. Тут было яшчэ горш. Есці не давалі, а знайсці што-небудзь было немагчыма, бо ўсё падабралі немцы. З кватэрамі было кепска. Лепшыя памяшканні займалі немцы. Не лічачы дзяўчат, падлеткаў і старых, нас было каля дваццаці чалавек. На ўсіх адвялі маленькую дзіравую хатку з вокнамі без шыб. У добрага гаспадара, як гаварылі старыя, карова стаяла ў цяплейшым хляве. Толькі тут я даведаўся, што фронт прасунуўся наперад і зараз пярэдняя лінія яго не на Проні, а дзесьці ля вёскі Усушак. Маю вёску занялі нашы. Як хацелася зараз быць там!

З Астравоў нас ганялі ноччу пад Усушак, на перадавую, капаць траншэі. Гэта былі дні сапраўдных пакут. Кулі свісталі над галовамі, а нас паставяць на адкрытым полі, адмераюць па пяць, а то і больш метраў і — капай. Зямлю скаваў мароз, і мясцінамі мерзлата даходзіла да паўметра. Я выбіваўся з сіл, пакуль выконваў сваю норму. Часта толькі ўранні нас выводзілі з гэтага пекла.

Колькі маладых дзяўчат пакалечыла праз немцаў у гэты час! Памятаю адну смаленскую. Маленькая такая, вясёлая. Яна расказвала пра бацьку, што служыў у Чырвонай Арміі, пра маці, якую забілі немцы. Яна так не любіла немцаў, што гатова была пазасякаць іх рыдлёўкай. Куля трапіла ёй у шыю. Як цяпер чую яе сіплы галасок:

— Ой, паміраю! I з-за каго? З-за смярдзючых немцаў.

Шмат загінула дзяўчат з суседняга сяла Доўгі Мох. Хлопчыку Федзю з вёскі Раманвіна куля прайшла праз хрыбетнік.

— Ай, у пяты, у пяты коле! — нема крычаў бядак.

А ці можна забыць Аню з Усушка? Яна была ўжо самастойная дзяўчына — дзесяць класаў скончыла да вайны. Перад самым няшчасцем, ледзь не плачучы, расказвала, што брат яе ў Чырвонай Арміі афіцэрам, а сама яна ворагу працу аддае. Ёй прастрэлілі грудзі.

Я пачаў задумвацца, як выкруціцца ад катаржнай працы. Рад быў бы захварэць, і захварэць так, каб не падняцца. Але хвароба не ішла. Уцячы? Нельга — вартавалі. А працаваць на немцаў дужа не хацелася. Не выйсці на работу таксама было амаль немагчыма. Усё ж некаторыя ўхітраліся ўхіляцца ад працы, хаваліся. Немцы ведалі пра гэта і ўзмацнялі кантроль. Перад тым, бывала, як ісці на работу, выстраяць у шарэнгу і давай правяраць па спісу, хто прысутнічае, а каго няма. А тады пойдуць па хатах, знойдуць ухільшчыкаў, надаюць у каршэнь і пагоняць на месца. А яшчэ немцы ўвялі талоны. Як прыйдзеш з работы і здасі патрулю рыдлёўку, табе даюць талон. Назаўтра па гэтым талонам выдавалі паёк. У спісе рабілі паметку, што ты здаў талон, атрымаў «харчы», а гэта значыць, учора працаваў. У каго не было талона, садзілі ў халодную.

Гледзячы на старэйшых, аднойчы і я не пайшоў на працу. Зрабіў так. Яшчэ днём схаваў рыдлёўку, а калі выганялі на працу, сам залез пад падлогу. Сядзеў ціха, таму што па хатах часта хадзілі нямецкія патрулі. Калі вярнуліся рабочыя, хутка апрануўся і пайшоў услед за калонай. Я так злаўчыўся, што тры ночы ўзапар не выходзіў на работу. На чацвёртую — папаўся. Атрымалася гэта таму, што талоны раздалі не па месцу прыбыцця, як было раней, а ў дарозе.

У хату ўвайшоў начальнік нашай калоны і, не пераступіўшы парога, клікнуў мяне.

— Чаму не быў на працы? — спытаў ён праз перакладчыка.

— Чаравікі парваліся,— адказаў я.

Начальнік вызверыўся і так штурхануў, што з мяне ледзь не выскачыў дух. Думаў, што прыстрэліць: у такія моманты ён пускаў у ход рэвальвер.

— Унтэр-афіцэр учора заходзіў сюды і нікога не бачыў,— сказаў перакладчык.