Выбрать главу

САША МУКГОРАЎ

НУМАР 79645

Калі фронт стаў набліжацца да Бягомля, сакратар райкома партыі сказаў маме:

— Муж ваюе, а ты выязджай. Няма чаго табе тут рабіць з чацвярыма дзецьмі.

— А на чым я паеду?

— Я дапамагу дастаць каня,— паабяцаў ён.

Сваё слова сакратар стрымаў. Мы пагрузілі на падводу свае манаткі, узялі харчоў і рушылі ў дарогу.

Каля запаведніка немцы перарэзалі нам шлях і забралі каня. Далей ехаць не было на чым, і мы пешшу вярнуліся ў Бягомль. Але там жыць доўга не прыйшлося. Бацькаў знаёмы перадаў нам, каб мы ўцякалі адсюль: нас могуць арыштаваць як сям'ю камуніста.

Мы сабраліся і ў тую ж ноч выехалі ў вёску Дроздава Талачынскага раёна. Тут было шмат сямей партызанаў і савецкіх работнікаў. Тут знаходзіўся і штаб мясцовага партызанскага атрада. Мы пасяліліся ў адной цёткі.

Праз некаторы час у Бягомльскім раёне арганізаваўся партызанскі атрад. Камандзірам яго быў наш знаёмы Манковіч. Даведаўшыся, дзе мы знаходзімся, ён прыслаў запіску, у якой раіў пераехаць да яго ў атрад. Мы пачалі рыхтавацца да ад'езду. Але не паспелі.

У поўдзень наляцелі немцы і акружылі вёску. У вёсцы былі партызаны. Між імі і немцамі завязаўся бой. Было забіта і ранена шмат нашых людзей. Мая мама таксама была ранена ў руку і нагу. Людзей сабралі ў адно месца, пералічылі, пад канвоем прыгналі ў Талачын і пасадзілі ў турму.

У невялікім падвале змяшчалася каля трохсот чалавек. Духата і цесната былі страшэнныя. Людзі задыхаліся. Есці давалі адзін раз у суткі і то нейкага пойла. Каля дзвярэй стаяла бочка з вадой.

Стары дзядок, які быў каля яе, самлеў, уваліўся ў бочку і захлынуўся. Штодзённа памірала некалькі чалавек. У маёй мамы гнаіліся раны, але ніхто і не думаў дапамагчы. Тады я разарвала хусцінку і перавязала раны.

Сярод нас знаходзілася многа партызан. Іх дапытвалі на двары турмы. Немцы выганялі нас з падвала і прымушалі глядзець, як яны здзекуюцца з іх. Калі хто-небудзь адварочваўся, таго немцы моцна збівалі. Я сама бачыла, як адна пажылая жанчына не магла перанесці выгляду нечалавечых пакут, самлела і ўпала на зямлю. Да яе падскочыў паліцай і ўдарыў ботам у спіну. Жанчына не паднімалася. Яе падхапілі, выцягнулі на тое месца, дзе дапытвалі партызан, і пачалі лупцаваць бізунамі. Білі да таго часу, пакуль яна зноў не страціла прытомнасці.

Тыдзень, праведзены ў талачынскай турме, здаўся годам. Потым нас перавялі ў мінскі канцлагер. У ім было яшчэ горш. Людзей зусім марылі голадам. Пачаліся хваробы. Неўзабаве захварэла і мая бабуля. Яе палажылі на спецыяльныя нары, на якіх ляжалі і другія хворыя. Калі іх збіралася многа, пад'язджала вялікая закрытая машына «чорны воран» і забірала іх. Хворых вывозілі за горад у лес і расстрэльвалі. Так загінулі мая бабуля, цётка Саша і іншыя знаёмыя з нашага мястэчка.

Потым захварэлі маці і я. Мяне кінулі на тыя самыя нары, на якіх ляжала бабуля. Я ведала, што мяне чакае смерць. Мне зрабілася страшна. Я не ўтрымалася і заплакала. Прыйшоў рускі доктар Міхаіл Сямёнавіч, малады і надзвычай чулы чалавек. Каб звярнуць на сябе ўвагу, я заплакала яшчэ мацней. Ён падышоў да мяне.

— Адкуль ты? — спытаў Міхаіл Сямёнавіч.

— З Бягомля,— адказала я.

— А што ў цябе баліць?

Я расказала.

— Ці ёсць у цябе мама?

— Ёсць...

— Калі пайшло на папраўку, мяне забралі ў памяшканне, дзе знаходзіліся здаровыя. Затым з'явілася і мама. Я вельмі рада была бачыць яе. Але, як на бяду, захварэў брат Сеня. Па просьбе мамы яго забраў Міхаіл Сямёнавіч. Потым я даведалася, што Міхаіл Сямёнавіч вылечыў яго і ён уцёк у партызаны.

Пасля выздараўлення ўсіх, хто быў звязаны з партызанамі або лічыўся савецкім актывістам, адлучылі ад астатніх, старанна агледзелі, адабралі рэчы і добрую вопратку і пагналі на станцыю. На пуцях стаяў доўгі-доўгі цягнік. Нас пасадзілі ў таварны вагон, дзверы зацягнулі дротам і строга наказалі сядзець і не варушыцца. Пры гэтым было аб'яўлена, што калі ўцячэ хоць адзін чалавек, то ўвесь састаў паляціць пад адхон.