Выбрать главу

Калі цягнік крануўся, жанчыны кінуліся да дзвярэй. Праз шчыліны ў дзвярах пазіралі на родныя палі і лясы, якія заставаліся ззаду. Многія плакалі: куды нас вязуць і што з намі будзе, ніхто не ведаў. Я прытулілася да мамы і сядзела моўчкі. Маўчала і мама.

У першую ж ноч зняволеныя аднаго вагона ўзарвалі столь і ўцяклі. Сярод іх быў і знаёмы дзядзька Цярэшчанка. У нашым вагоне таксама пачалі праразаць дзірку ў падлозе. Завадатарам гэтай справы была цётка Франя. Але знайшлася нямецкая прыслужніца, якая данесла аб гэтым канвою. У час астаноўкі прыйшлі камендант і салдаты і цётку Франю так збілі, што яна ў дарозе памерла. Пасля гэтага канвой узмацніўся. У наш вагон пасадзілі дванаццаць салдат, якія дзень і ноч сачылі за намі і ні разу не выпусцілі на двор.

На дарогу кожнаму з нас выдалі па паўбуханкі хлеба. Больш нічога не давалі. Жыхары вёсак і гарадоў падыходзілі да цягніка і прасілі канваіраў, каб яны дазволілі перадаць хлеб. Немцы бралі і самі з'ядалі. Людзі хутка слабелі. Ад голаду многія паміралі. Іх выкідвалі проста з вагонаў.

На шостыя суткі поезд спыніўся. Куды мы прыехалі, ніхто не ведаў. Некалькі гадзін нас не выпускалі з вагонаў. Потым загадалі выходзіць. Нас пастроілі ў калону па пяць чалавек і пагналі. Ноч была цёмная, ішоў дождж з градам. Мы курчыліся ад холаду, бо нашу вопратку адабралі яшчэ ў Мінску.

Лагер быў агароджаны высокай мураванай сцяной, зверху нахіленай у бок лагера. Наверсе былі электрычныя правады. Па правы бок ад нас на вялікім пляцы стаялі мужчыны ў ніжняй бялізне. Яны моклі пад дажджом.

У лагер штодзённа прыбывала па некалькі эшалонаў, больш за ўсё з яўрэямі. Іх прывозілі з розных краін. Яны прыязджалі ў добрых вагонах, з вокнамі. Першы прыбыў эшалон з яўрэямі, потым наш, за нашым яшчэ адзін з яўрэямі. Начальства палічыла, што першыя два эшалоны з яўрэямі, а трэці — з рускімі. Перш-наперш у лагер пагналі людзей з першага эшалона, за імі — нас.

Спачатку мы ішлі полем, потым увайшлі ў лес. Пасярод яго, недалёка ад дарогі, мы ўбачылі касцёр, на якім нямецкія каты спальвалі дзяцей. Яны бралі дзяцей і, як дровы, кідалі ў агонь. Дзеці страшэнна крычалі:

— Мамачка, ратуй нас!

На іх крыкі ніхто не звяртаў увагі. Ад іх крыкаў зрабілася страшна. Я дрыжала, нібы на марозе.

На ўскраіне лесу мы ўбачылі крэматорыі, вялікія, падобныя на фабрыку, будынкі з высокімі круглымі комінамі. З комінаў вырываліся клубы сівога дыму і часам шугала полымя. На зямлі стаяў страшэнны смурод. Пахла гарам. Тут мы здагадаліся, што трапілі ў лагер, дзе спальваюць людзей.

Убачыўшы першы раз гэтае полымя, я крыкнула:

— Мамачка, пажар!

Але полымя хутка згасла. Мая сяброўка, Міля Янушкоўская, якая ішла побач, сказала:

— Каця, нас адлучаць ад дарослых і спаляць на тым самым кастры, на якім спальвалі дзяцей.

Стала ясна, што нас вядуць на смерць. У галаве памуцілася. Я нават не памятаю, што гаварыла маме ў той час.

Па дарозе немцы не дазвалялі ні размаўляць, ні аглядацца па баках. Адна знаёмая, цётка Мар'я, гадоў пад сорак, інвалідка — у яе правая нага была драўляная — не сцярпела і злосна крыкнула:

— Гады, паразіты! За што мучыце народ? Усё роўна ўсіх не пераб'яце.

Да яе падскочыў канваір, схапіў за вопратку, выцягнуў з шарэнгі і тут жа, на вачах усіх, застрэліў з вінтоўкі.

Будынак крэматорыя быў агароджаны калючым дротам. Нам загадалі спыніцца. Гадзіны са тры мы стаялі без руху. За гэты час у крэматорый прывялі мужчын-яўрэяў. Калі ўспыхвала полымя, мы здагадваліся, што гэта кідалі ў агонь людзей.

Як мы стаялі на двары, да нас падышоў нейкі чалавек і па-руску спытаў:

— Хто вы, рускія ці не?

— Рускія,— хорам адказалі мы.

Ён не паверыў і зноў перапытаў:

— Скажыце праўду, не маніце, хто вы такія?

Мы зноў адказалі, што рускія.

— А што тут робяць з людзьмі? — спыталі жанчыны.

— Вы не хвалюйцеся, нічога дрэннага з вамі не будзе,— адказаў ён.

Тады да яго падышла Міля і жаласным голасам спытала:

— Скажыце, дзядзечка, нас спаляць ці не?

— Дзетка мая, не бойся. Вы ўсе застаняцеся жывыя,— сказаў ён і пайшоў кудысьці ўбок.

Праз некалькі хвілін падышоў тоўсты пажылы немец-эсэсавец і загадаў усім распранацца. Людзі не хацелі гэтага рабіць. Немец паўтарыў свой загад. З крыкам і плачам жанчыны і дзеці пачалі скідаць вопратку. Тых, хто не хацеў распранацца, немец лупіў палкай. Многія, усё яшчэ не верачы, што іх гоняць на верную смерць, звязвалі сваю вопратку ў клуначкі і клалі збоку, у сушэйшае месца.