Выбрать главу

Калі ўсе распрануліся, нас пастроілі ў шарэнгу па адным чалавеку і сказалі ісці. Мы ўвайшлі ў сырое і цёмнае, без вокнаў, памяшканне. Сцены і падлога ў ім былі цэментавыя. Холад хапаў за ногі, зрабілася яшчэ страшней. Я з жахам падумала: «Вось-вось настане мой канец, і больш я нічога не ўбачу».

Мінуўшы адзін пакой, увайшлі ў другі. Тут жанчынам пачалі абстрыгаць валасы і кідаць у кучу. Такіх куч было некалькі.

У трэцім пакоі дзве немкі ў чорных халатах змазвалі нам галовы нейкай смярдзючай вадкасцю. Затым па адной сталі мы заходзіць у памяшканне, з якога ўжо траплялі ў печ крэматорыя. Перад уваходам стаяла вялікае карыта з якойсьці густой сліззю. Кожны з нас вымушаны быў памазаць ногі да калень.

У памяшканні гарэла адна малюсенькая лямпачка. Калі я і Міля ўвайшлі, мама ўзяла нас за рукі. Яна ўвайшла раней і чакала нас каля дзвярэй. Я прытулілася да яе мацней. Калі памяшканне аказалася бітком набітым людзьмі, дзверы за намі зачыніліся. Падняўся страшэнны плач, енк.

— Хутчэй бы канец,— сказала мама.

Раптам я адчула, як падлога пад намі заварушылася і пачала нахіляцца. Унізе, збоку, мы ўбачылі агонь — гэта і была печ крэматорыя, у якой спальвалі людзей. Тыя, што стаялі з таго краю, з крыкам зваліліся ўніз. Мы таксама не маглі ўтрымацца на слізкіх нагах і пачалі пасоўвацца ўніз.

Але ў гэты час здарылася тое, чаго ніхто не чакаў. Падлога пачала ўзнімацца. Калі яна выраўнялася — расчыніліся дзверы, і ў памяшканне ўвайшлі камендант і той самы немец, які прымушаў нас распранацца. Камендант па-нямецку нешта сказаў тоўстаму.

Нас аблілі халоднай вадой, якая лілася аднекуль зверху. Некаторыя жанчыны так сасмяглі, што разяўлялі раты і з прагнасцю пілі гэтую брудную халодную ваду. Нас вывелі на супрацьлеглы бок крэматорыя, пастроілі ў шарэнгу і загадалі чакаць, пакуль не пададуць вопратку. Праз гадзіну на ваганетках падалі адзенне, і мы пачалі апранацца. Жанчынам далі адны летнія плацці. Мне дасталася падраная белая сукенка, якая была да пят. Затым па аднае мы падыходзілі да немкі, якая пэндзлем ставіла на плячах чырвоны знак множання («штрайфа»). У асобнай зале ўсіх нас аглядалі і ставілі кляймо. У мяне на левай руцэ, ніжэй локця, быў зроблен № 79 645, у мамы — 79 646, а ў Мілі — 79 644.

Калі скончылася кляйменне, нас загналі ў памяшканне лазні, дзе мы прасядзелі да вечара. Ноччу нас размеркавалі па бараках. Я, мама і Міля папалі ў блок №11. Гэта быў цёмны і цесны будынак. Нары размяшчаліся ў тры паверхі. Людзей было паўнютка набіта. Мы так стаміліся, што паваліліся на нары і адразу паснулі.

Тут мы адбывалі каранцін.

На світанні я прахапілася ад крыку «апель!». Нас прымусілі выйсці з блока і пастроіцца па дзесяць чалавек. З трох гадзін ночы да дзесяці гадзін раніцы прастаялі мы без руху пад адкрытым небам. Гэта было вельмі цяжка. У людзей нылі спіны, падкошваліся ногі. Многія ад голаду і холаду падалі. Некаторыя тут жа паміралі. На маіх вачах памерлі цётка Надзя, Дар'я і іншыя. Трупы забіралі і заносілі ў крэматорый.

У дзесяць гадзін у асобных бачках прынеслі цеплаватую ваду — гарбату, у якой плавала лісце бярозы і другіх дрэў. Кожнаму дасталося па шклянцы. Пасля таго нам далі на пяць чалавек па місцы горкага варыва, без хлеба. Лыжак не было, і мы пілі яго так. Ад такога варыва людзей ванітавала. У першы раз я зусім не магла яго есці. Але прыйшлося прывыкаць.

Пасля абеду, з чатырох да адзінаццаці вечара, зноў «апель» — пакутнае стаянне на адным месцы. Вечарам мы атрымлівалі сто грамаў хлеба і шклянку гарбаты. У адзінаццаць гадзін абвяшчаўся «лагерруэ» — спакой. Нас упускалі ў блок, і мы лажыліся спаць. Але ў цеснаце і брудзе заснуць адразу не ўдавалася.

I так кожны дзень.

Калі скончыўся каранцін, жанчын пачалі ганяць на работу.

Недалёка ад лагера была сажалка. Немцы прымушалі зняволеных залазіць у сцюдзёную ваду і вядзёркамі пераліваць яе ў канаву, а потым з канавы назад у сажалку. За малейшае непаслушэнства жорстка збівалі.

Немцы строга сачылі, каб рабочыя нічога не маглі даставаць з прадуктаў. Аднойчы дзяўчынка Вера прынесла пачак папярос. Немцы абшукалі Веру, знайшлі папяросы і загадалі з'есці іх. Вера некалькі з'ела, а болей не магла. Яе моцна збілі і паставілі стаяць на каленях на вострых цвіках.

У хуткім часе дзяцей, якіх налічвалася пятнаццаць чалавек, адлучылі ад дарослых і перавялі ў блок пад назвай «кіндэрхайм» — дзіцячы дом. Вельмі цяжка было расставацца з мамай. У «кіндэрхайме» нас старанна агледзелі дактары. Пяць дзяўчынак, якія былі вельмі худыя і бяскроўныя, адаслалі назад. А мяне і астатніх пакінулі. Акрамя нас тут знаходзілася шмат дзяцей з другіх краін.