Выбрать главу

Аднойчы ў адзінаццаць гадзін дня навічкоў павялі ў «рывір» — бальніцу. З паўгадзіну ці больш мы сядзелі ў прыёмным пакоі і чакалі. Чаго нас сюды прывялі, ніхто не ведаў.

Сярод нас было некалькі зусім маленькіх дзетак — па два-тры гады, не больш. Спачатку ўзялі гэтых малышоў. Іх павялі ў асобную палату. Мы засталіся чакаць сваёй чаргі. Хутка адтуль данесліся дзіцячыя крыкі і плач. Яны то заціхалі зусім, то аднаўляліся з большай сілай. Што немцы рабілі з імі, я не ведала. Адно было ясна: нешта нядобрае, страшнае. Са страхам чакала я, калі паклічуць мяне...

Нарэшце ўвайшла немка і гукнула:

— Жачкіна!

Я здрыганулася. Перакладчыца сказала, каб я падышла да гэтай немкі. Я падышла. Яна ўзяла мяне за руку і павяла ў палату. У палаце нікога не было. На стале я заўважыла шкляныя трубкі, у якіх была кроў. Я здагадалася, чаго мяне сюды прывялі. Ад страху я пакусала сабе губы, і з іх пацякла кроў. На вачах выступілі слёзы.

— Не плач, нічога страшнага не будзе,— супакоіла перакладчыца.

Мяне распранулі, узялі за рукі і павялі да стала. Я ўпіралася і заплакала яшчэ мацней. Тады немка і перакладчыца схапілі мяне пад рукі і сілком палажылі на стол. Рукі, ногі, галаву прывязалі гумавымі жгутамі. Немка ў белым халаце і з завязаным марляй ротам узяла шпрыц і пракалола на правай руцэ жылу. Ад болю я закрычала і страціла прытомнасць. Ачуняла я ў тым самым пакоі, адкуль мяне ўзялі. Вакол стаялі мае сяброўкі Міля, Тома Стракач і Каця Кудзелька. Твары ў іх былі бледныя: яны думалі, што я не вытрымаю і памру.

Крыві бралі шмат, і многія дзеці паміралі. Так загінулі двухгадовы хлопчык Толя з Барысаўскага раёна, палеская дзяўчынка Ніна пятнаццаці год, трохгадовая Галя і іншыя.

У больш здаровых і дужых дзяцей кроў бралі па некалькі разоў. Я была вельмі худая і знясіленая, і ў мяне больш не бралі.

У Асвенціме я пражыла больш года. Дні былі падобныя адзін на адзін. Асабліва цяжка было, калі мяне разлучылі з мамай, і каля года я не ведала, дзе яна і што з ёю. Потым кудысьці ўзялі старэйшых дзяўчынак. Засталіся я, Міля, Тома, Каця. Іншы раз мы садзіліся на нары і пачыналі гаварыць пра сваё паднявольнае жыццё. Дзяўчынкі гаварылі:

— Эх, хоць бы адзін разок убачыць сваіх! Тады б можна было і памерці.

У канцы 1944 года да нас дайшлі весткі, што Чырвоная Армія падыходзіць да Асвенціма. У лагеры паднялася паніка. Немцы пачалі паліць дакументы, баракі, узрывалі крэматорыі, вывозілі людзей. Тых, хто не мог ісці, расстрэльвалі.

Памятаю, нас выгналі на двор і выстраілі ў калону. Пачаўся адбор. Камендант лагера Крамер, высокі, тоўсты, з лупатымі вачыма, і некалькі другіх немцаў глядзелі, ці можа ісці чалавек, ці не. На абяссіленых ён паказваў пальцам. Тых забіралі і расстрэльвалі.

Я з дзяўчынкамі стаяла і трэслася. Кожны з нас думаў: а што скажа камендант? Вось дайшла чарга і да нас. Камендант зірнуў на Тому, нешта буркнуў і паказаў пальцам, потым на мяне. Я і Тома закрычалі і пачалі плакаць. Немка, якая стаяла побач з камендантам, штосьці сказала яму. Таўсцяк немец крыкнуў ёй:

— Негодныя!

Немка зноў штосьці сказала. Камендант пачаў крычаць, а потым згадзіўся. Нас выпусцілі за вароты. Мы далучыліся да другіх людзей. У лагеры чуліся крыкі, енкі, плач, выстралы. Гэта расстрэльвалі збракаваных жанчын і дзяцей. Гарэлі будынкі, і чорны дым клубамі ўзнімаўся ў неба.

Здаровых пастроілі ў калону па пяць чалавек, кожнаму далі па скрынцы з нейкім грузам, і мы рушылі ў дарогу. Ісці было цяжка. Скрынкі рэзалі плечы, балела спіна. Сілы падалі. Я ледзь цягнула ногі. Я не сцярпела і сказала Томе:

— Хоць мяне і заб'юць, але больш несці не буду!

— Я таксама кіну,— сказала Тома.

Мы кінулі скрынкі ў канаву і пайшлі так. Трое сутак ішлі галодныя. Я так утамілася, што не магла перастаўляць ногі. Тых, хто адставаў, немцы расстрэльвалі. Я ведала, што мяне таксама застрэляць, калі я адстану. I ўсё ж я рашыла прысесці і адпачыць. Я сказала аб гэтым Томе. Яна згадзілася адпачыць разам са мной. Мы выйшлі з калоны і селі на пянёк. У гэты час мы ўбачылі, як адна бабуля прыстала і часта падала. Заўважыўшы гэта, падышоў канваір і спіхнуў яе нагою ў канаву. Яна стала прасіцца:

— Сыночак, пакінь мяне. Я крыху адпачну і пайду...

I яна пачала вылазіць з канавы.

Немец крыкнуў, выхапіў рэвальвер і застрэліў яе.

Мы чакалі, што будзе з намі. Падышоў той самы канваір і сказаў, каб мы ішлі. Але мы зрабілі выгляд, што не чуем. Ён паўтарыў свой загад другі раз. Мы не варухнуліся. Трэці раз ён крыкнуў і выставіў на нас рэвальвер. Тома закрычала:

— Кацечка, я не магу сядзець! Пайду.

За ёю ўзнялася я, і мы пайшлі.