Выбрать главу

На бліжэйшай чыгуначнай станцыі нас пасадзілі на платформу і прывезлі ў г. Беркенбельзен. Мы апынуліся ў канцлагеры, дзе было не лепш, чым у Асвенціме. Нас размясцілі ў бараках, у якіх гуляў вецер. Людзі паміралі яшчэ больш.

У Беркенбельзене мы даведаліся пра тых дзяўчынак, якіх забралі раней. Яны былі ў гэтым самым лагеры. Мы папрасілі польку Стэню, каб яна перавяла нас да тых дзяўчынак. Яна не хацела.

Мы сталі перад ёй на калені і сталі цалаваць рукі. Яна згадзілася і перавяла. Убачыўшы іх, мы сталі цалавацца ад радасці. Яны для нас былі што родныя сёстры.

Я і другія больш дарослыя дзяўчынкі хадзілі ў «кіндэрхайм» на работу. Там мылі падлогу, кармілі і даглядалі малых дзяцей. Аднойчы я і Оля Караленка пайшлі ў «кіндэрхайм» за баландой. Раптам Оля штурханула мяне ў бок і кажа:

— Паглядзі!

Я зірнула і ўбачыла: адзін зняволены ў другога зняволенага, які толькі што памёр, адрэзаў вуха і стаў яго грызці. Немка, якая праходзіла міма, заўважыла гэта. Яна падбегла да мужчыны і пачала біць рукамі яго па твары. З рота ў яго пацякла кроў. Потым завяла на тое месца, дзе катавалі і вешалі зняволеных. Няшчаснага паставілі на калені, у зубы далі вуха, а ў рукі — дзве цагліны. Ён стаяў да таго часу, пакуль не зваліўся на зямлю.

Калі англійскія войскі сталі падыходзіць да Беркенбельзена, прыйшоў загад атруціць усіх зняволеных. Страва была падрыхтавана і атручана, але яе не паспелі раздаць. У лагер уварваліся англійскія танкі.

Неўзабаве прыйшоў наш ваенны чалавек, які быў з англійскімі войскамі. Ён абдымаў нас і казаў:

— Канец няволі! Хутка вы будзеце на радзіме.

Якое шчасце было чуць гэтыя словы! Нашай радасці не было канца-краю. Мы абнімаліся, цалаваліся і плакалі. Плакалі ад радасці.

Праз два дні ён на машыне адвёз нас у дзіцячы дом для рускіх дзяцей. А яшчэ праз месяц нас адправілі ў Расію. Дома я сустрэла маму і брата Сеню. Жывая засталася і Міля. Яна жыве ў Барысаве, і я перапісваюся з ёй.

КАЦЯ ЖАЧКІНА (1931 г.)

Бягомль, сярэдняя школа № 1.

У НАВАГОДНЮЮ НОЧ

Раніцою трыццаць першага снежня 1943 года мяне паклікалі да камандзіра атрада Барыса Уладзіміравіча Мацюгіна. Калі я ўвайшоў у штабную зямлянку, Барыс Уладзіміравіч сядзеў і разглядваў карту.

— Як адчуваеш сябе, Віця, здаровы? — ветліва спытаў ён.

— Здаровы,— адказаў я.

Перад гэтым я ездзіў у нямецкі гарнізон мястэчка Ільі па трафеі, што захапілі партызаны з узвода Алёшы Заўялава. Пагода была халодная. Я прастудзіўся і некалькі дзен прахварэў на грып. Вось чаму камандзір і спытаў пра здароўе.

— А калі здаровы, то для цябе і справа важная ёсць,— адарваўшыся ад карты, сказаў Барыс Уладзіміравіч.— Толькі што немцы аднавілі картонную фабрыку ў Раёўцы. Пасля Новага года збіраюцца пусціць яе ў ход. Ну, а мы думаем пусціць яе раней, сёння ноччу... Ты хочаш пайсці на дыверсію?

Мяне першы раз збіраліся пасылаць на баявую аперацыю, і я з радасцю згадзіўся.

— А цяпер пойдзеш да камандзіра роты Літвіненкі, ён табе раскажа, як і што рабіць.

— Ёсць! — сказаў я і выйшаў.

Камандзір першай роты Якаў Паўлавіч Літвіненка падрабязна расказаў пра свой план.

Вечарам ён, Віктар Ляўцоў і я прабіраемся ў мястэчка Раёўку, маскіруючыся паблізу картоннай фабрыкі і назіраючы за нямецкімі вартавымі.

Потым Літвіненка і Ляўцоў падпаўзаюць да склада і падпальваюць кучу старога картону. Каб прыцягнуць увагу вартавога да сябе, адкрываюць стральбу з аўтаматаў. Я ў гэты час падбягаю да фабрыкі, абліваю бензінам будынак і падпальваю.

— Зразумеў, што ад цябе патрабуецца?

— Ага…

— То ідзі рыхтуйся...

Я загадзя паклаў у сумку бутэльку з бензінам, карабок з запалкамі запхнуў за пазуху, каб не адсырэлі на марозе.

З лагера мы выйшлі яшчэ днём. Да мястэчка трэба было ісці семнаццаць кіламетраў. У дарозе я ўвесь час думаў аб тым, ці змагу падпаліць фабрыку. А што, калі мяне немцы заўважаць раней, чым паспею дабегчы да фабрыкі? Ад думак нібы распухла галава, і ў душу закрадваўся страх. Літвіненка заўважыў гэта.

— Ты што задумаўся, Віця? Не тушуйся, браток. Мы такую штуку ўчынім, што немцам моташна стане.

Ад цёплых і бадзёрых слоў Якава Паўлавіча мая трывога рассеялася, як дым. Пасля таго як у баі з карным атрадам загінулі мой бацька, маці і брат, Літвіненка замяніў мне бацькоў.

На змярканні выйшлі на ўскрай лесу. Метраў за дзвесце ад нас пачыналіся першыя будынкі мястэчка. У вокнах дамоў свяціліся рэдкія агеньчыкі. Брахалі сабакі. На вуліцы выразна чулася нямецкая гамонка.

Пастаялі, паслухалі і загуменнямі асцярожна пачалі прабірацца ў мястэчка. Нямецкіх пастоў паблізу не было. Але мы стараліся прайсці так, каб нас не заўважылі нават цывільныя. Гумны скончыліся. За імі пачынаўся невялікі пляц, у канцы якога віднеліся цьмяныя абрысы фабрыкі. Мы залезлі ў стог саломы і сталі наглядаць.