Выбрать главу

Маці старалася хоць дзе-небудзь што-небудзь пасеяць. Устане раненька і бяжыць. Потым прастудзілася і захварэла на тыф. Уся яе работа лягла на мяне. Праз два тыдні мамка памерла. Яна пакінула нас, траіх дзяцей. Малодшаму быў адзін месяц. Па начах я не спала, а ўсё калыхала браціка. Трэба было прысыпаць бульбу, палоць грады. Бацька папрасіў суседку, каб яна дапамагла. Хлеба не было, малака не было. Раней, бывала, пойдзеш у краму і купіш, што трэба, а цяпер усё для немцаў. Пасля шасці гадзін не дазвалялі выходзіць з хаты. Маленькі брацік хутка памёр.

Не было солі. На наша шчасце, партызаны падарвалі эшалон з соллю. Мы пайшлі ноччу, набралі многа солі і закапалі, каб немцы не знайшлі. Партызаны часта прыязджалі па соль, і мы ім давалі.

Аднаго разу немцы акружылі вёску і сталі зганяць у кучу ўсіх людзей: і старых і малых. Наставілі кулямёты і пытаюцца:

— Хто карміў партызан?

Стараста сказаў, што ніхто не карміў, што партызаны як ішлі праз вёску, так і пайшлі. Немцы нас адпусцілі, але папярэдзілі: калі будзем карміць партызан, то нас усіх пастраляюць. Але мы яшчэ лепш сталі дапамагаць партызанам.

Партызаны хадзілі на падрыў чыгункі праз нашу вёску. Яны часта ў нас начавалі. Паліцаі сталі хавацца. Мы заўсёды былі гатовы ўцякаць у лес. Сваю адзежу і хлеб мы закапалі ў зямлю. Думалі: няхай лепш згніе, чым пападзе ворагу.

Раз пачуўся стрэл. Я выбегла на двор і ўбачыла, што немцы і паліцаі зноў акружаюць вёску. Хто з людзей уцякаў, у таго яны стралялі. Бацькі дома не было. Я адразу пабегла за вёску, але ўспомніла, што брат застаўся ў хаце, і вярнулася.

Яго дома не было: я думала, што немцы яго забілі. Але нехта сказаў, што ён пабег з людзьмі ў лес. Я была вельмі рада. У той раз немцы забілі дзяўчынку Кацю, год чатырнаццаці. Яна схавалася ў кустах. Падышоў немец, паглядзеў на яе і выстраліў. Былі ранены і двое дзяцей. Немцы пабілі б яшчэ многа людзей, але яны тады ішлі не на нас, а на Вялікія Сялючычы. Там спалілі многа людзей: сярод іх былі мой дзядзька Кузьма і цётка Дуня.

Мы выбраліся ў лес. Бацька мой зрабіў курэнь, і мы там жылі. Была ўжо зіма, холадна, не было ніякай цёплай адзежы. Потым мы зноў перасяліліся ў вёску.

Я па некалькі дзён не раздзявалася, бо баялася, што немцы нападуць на нас сонных. Не разувалася, і ногі былі мокрыя. Потым разулася, і акурат у тую ноч партызаны хадзілі на падрыў поезда. Там забілі дзевяць немцаў, узялі два кулямёты і сем вінтовак. Зрабіўшы сваю справу, партызаны ў нашай вёсцы спыніліся начаваць.

Усе спалі да раніцы. Устаўшы, я крыху абулася і стала пячы бліны ў печы. Чуем — стрэл. Гэта вартавы даў трывогу. Мы ўсе выбеглі на двор. Нас акружылі немцы. Я прыбегла ў хату, схапіла з ложка коўдру і пабегла сама. Толькі татку сказала:

— Бяры Мішу і ўцякай!

Партызан Міця сеў на свіран і стаў з кулямёта сячы немцаў. Ён страляў, пакуль усе людзі не выбеглі з вёскі. Потым і сам пабег у лес. Быў вялікі мароз. Я трошкі адбеглася — і мая нага разулася. Пабегла босая. Я не ведала тады ні страху, нічога. Бягу, а навокал мяне кулі ціўкаюць. Я нагу не адчувала, грукала ёю, як дзеравяшкаю.

Так мы прабеглі сем кіламетраў. Снег быў да калень. Прыбеглі ў вёску Грабаў. Калі я ўвайшла ў нейкую хату, нага мая стукнула, як арэх. Стала мая нага раставаць і вельмі балець. У мяне зрабілася гарачка.

Тут прыехаў з вёскі Міхедавічы адзін чалавек па сваю пляменніцу. Я папрасілася, каб ён і мяне ўзяў з сабою, бо там жыў мой дзед. Ён прывёз мяне да дзядулі. У іх на кватэры былі партызаны. Бабуля прыклала мне да нагі льнянога семя. У мяне тады моцна балела галава, і я не магла заснуць. Тады адзін партызан даў мне такіх кружочкаў, каб можна было спаць. Мне крыху палягчэла.

Я не ведала, дзе знаходзяцца татка і Міша. Але потым людзі сказалі, што Міша ў нашай вёсцы. Дом наш немцы спалілі, але татка паспеў выратаваць з хлява карову, якую немцы не агледзелі. Ён пакінуў Мішу і карову ў суседкі, а сам пайшоў у партызаны. Я была вельмі рада, што яны засталіся жывыя.

Калі татка даведаўся, дзе я, то прыйшоў і прынёс мне коўдру. Потым прывёў партызанскага доктара Рымшу, які сам быў з вёскі Бабунічы. Доктар сварыўся, што мне прыкладалі льняное семя. Ён зняў з нагі мёртвую скуру. Вельмі балюча было, але я не плакала. Ён мне нагу перавязаў. Потым раніцою яшчэ раз перавязаў. Быў вельмі добры чалавек. Калі ад'язджаў у другое месца, то даў мне бінт і паласканне.

Татка хацеў забраць мяне ў свой лес, бо на гэту вёску часта нападалі немцы. Ён хацеў несці мяне на плячах, але я была цяжкая. Тады ён пасадзіў мяне на маленькія санкі. Толькі мы ад'ехалі, як людзі гавораць, што ў Сялючычах (гэта наша вёска) немцы. Татка вярнуўся. Я думала: «А як жа Міша?»