Выбрать главу

Цяпер я жыву з Мішам у дзетдоме ў Петрыкаве.

ЖЭНЯ ЕЎСТРАТАВА (1933 г.)

У БРЭСЦЕ

Мільгаюць палі, лясы, вагон дрыжыць, а я сяджу і гляджу праз акно. Раптам нейкі вялізны чалавек трасе мяне за плячо і крычыць: «Лерачка, уставай!»

З намаганнем расплюшчваю вочы, але нічога не магу зразумець. Нешта гудзе, вые, дом увесь дрыжыць. Што гэта — бура, ці землетрасенне, або працяг сну?

Тата бярэ мяне пад пахі і ставіць на падлогу. Раптам — страшэнны грукат, звон шкла, і ўнутраная аканіца бразнулася на зямлю.

— Хутчэй апранайцеся і ідзіце ў склеп,— кажа тата,— а я пайду ў паравознае дэпо.

У склепе я пачула, што немцы перайшлі мяжу і напалі на нас.

Так пачалася для нас вайна.

У пяць гадзін раніцы бамбіць перасталі. Мы вярнуліся на сваю кватэру. Таткі не было.

У шэсць гадзін на вуліцы затрашчалі матацыклы, і хвілін праз дваццаць да нас уварваўся нямецкі афіцэр з салдатамі.

— Савецкія?.. Муж?.. Зброя?..— крыкнуў афіцэр.

Дзесяцімесячная сястрычка Іначка спала на маім ложку. Афіцэр закрычаў, затупаў нагамі, падбег да ложка, ухапіў за канец матраца і з усёй сілы скінуў яго на падлогу разам з сястрычкай. Пад матрацам быў рэмень, канец якога немец палічыў за партупею. Штурхануўшы нагой маму, якая кінулася да Іначкі, афіцэр з салдатамі выйшаў.

Сястрычка так моцна стукнулася галавой аб жалеза, што тыдні праз два памерла... Сусед, які служыў у немцаў, загадаў казаць усім, што яна памерла ад дызентэрыі, і нават прыслаў дэзінфектара.

Немцы ў Брэсце больш за ўсіх праследавалі тых савецкіх людзей, якія пераехалі сюды з 1939 года. Таму да нас яны прыходзілі амаль кожны дзень. Жыць стала немагчыма, і мы перасяліліся на ўскраіну горада, дзе нас ніхто не ведаў. Туды прыйшоў і бацька, які да гэтага часу недзе хаваўся. Ён ад усіх таіў, што ён машыніст, і, нарэшце, калі не было куды дзецца, пайшоў на працу чорнарабочым. Мама дастала паперку, што яна інвалід, такім чынам ухілілася ад працы на немцаў.

У нашай кватэры пад кухняй быў добры бетанаваны склеп. Акно, што выходзіла з яго на двор, татка замураваў і засыпаў зямлёй. Калі ў горадзе з'явілася электрычнасць, татка зрабіў дзірку ў куце за печкай і па-за шпалерамі правёў у склеп провад. Там устанавілі радыёпрыёмнік. Дзверцы ў падлозе перарабілі ў падлогу, а замест таго ў сенцах, пад бочкай з вадой, пакінулі непрымацаваныя дзве дошкі. Да нас прыходзілі таварышы бацькоў слухаць радыё.

Тата стаў рабіць вёдры, паяць каструлі, і да нас пачалі прыходзіць заказчыкі, але ўсё адны і тыя ж. Мама стала шыць, але прымала заказы толькі ад сваіх людзей і часта аддавала іх нязробленымі. Людзі выносілі ад нас радыёзводкі Масквы.

Аднаго разу, увосень 1942 года, мы доўга чакалі маму.

Набліжалася дзевятая гадзіна вечара, да якой можна было хадзіць, а мамы ўсё не было. Нарэшце ў дзесяць гадзін мама прыйшла бледная, хістаючыся, у запэцканым адзенні. Яна сказала, што была ў суседзяў, праз вуліцу, што яе напалохаў сабака і яна павалілася ў гразь. Распрануцца яна не магла, і мне прыйшлося дапамагаць ёй. Я ўбачыла, што ў яе былі пашкоджаны правы бок, ногі, плячо распухла.

I толькі пазней, калі я стала дапамагаць маме ў яе падпольнай рабоце, мама мне расказала, што тады яна была на канспіратыўнай кватэры, што іх заспелі там немцы, і мама скочыла праз акно з другога паверха...

Увесну 1943 года арыштавалі многа моладзі. Была арыштавана і дачка мамінай падругі, Вера Краўцова, з дзесятага класа. Яна была ў нас піянерважатая. Разам з ёю арыштавалі сакратара камсамольскай арганізацыі Барыса Аноткіна. Іх расстралялі. Я іх добра ведала, і мне было вельмі цяжка.

Аднаго разу мама сказала мне, што ў адных знаёмых трэба ўзяць скруткі, а ёй ісці туды нельга. Тады я прапанавала пайсці самой. Мама ўзяла мяне за руку і сказала:

— Гэта вельмі сур'ёзная і небяспечная справа. Калі ты баішся, то не трэба, дзетка.

Я ёй сказала, што хачу быць такой, як Вера і Барыс. З таго часу я хадзіла па кватэрах, разносіла і брала пакункі. У нямецкай аптэцы працавала наша знаёмая Галя Аржанава. У яе я брала медыкаменты.

Увосень 1943 года зноў быў правал. Былі выданы дзве канспіратыўныя кватэры. Арыштавалі сакратара падпольнага гаркома партыі тав. Жулікава з сям'ёй і многіх таварышаў, якія заходзілі да яго, не ведаючы пра засаду немцаў. Там быў арыштаваны і мой тата, але яму ўдалося адгаварыцца, бо ён нёс запаяную каструлю. Тады расстралялі дваццаць чалавек.

У сакавіку 1944 года мама пайшла ў партызанскі атрад, куды яна часта хадзіла з заданнямі. Суседзям мы казалі, што мама пайшла ў вёску працаваць. На гэты раз мама затрымалася на цэлы месяц. Мы ўжо лічылі, што яна загінула. Але яна трапіла ў акружэнне і пасля месячных баёў выратавалася.