Выбрать главу

Ззаду раптам загрымеў выбух. Застрачыў аўтамат, прагудзела грузавая машына. Але я ўжо быў далёка. Спыніўся аддыхацца ў хмызняку, пад крутым берагам Дняпра, і засмяяўся: «Гэта вам Васіль Анатольевіч кавалак дзетдомаўскага цукру паслаў. Ад яго і зубы, мусіць, павыскаквалі...»

Пасля мы даведаліся, што міна разнесла на кавалкі чатырох афіцэраў і сухенькага падпалкоўніка. Васіль Анатольевіч казаў, што асабліва я добра ўладзіў з падпалкоўнікам, па загаду якога не адна вёска была спалена і расстраляны сотні людзей.

Мяне ўзнагародзілі медалямі «За адвагу» і «Партызану Айчыннай вайны I ступені».

Цяпер я вучуся ў Лоеўскай сярэдняй школе, а Васіль Анатольевіч працуе дырэктарам дзетдома ў Васілевіцкім раёне. Нядаўна ён быў у Лоеве, і мы аглядалі тое месца, дзе адбыўся выбух. Там зараз адрамантаваны клас і знаходзіцца канцылярыя нашай школы. На месцы ж паветкі нам пабудавалі лесвіцу і добры турнік для фізкультурных практыкаванняў. Ніяк нельга пазнаць цяпер гэтага месца. А фізруком у нас Валодзька Бандарэнка — былы памочнік Васіля Анатольевіча.

КОСЦЯ БАДРАВЕЦ (1931 г.)

РАЗМІНІРОЎШЧЫКІ

Пачалася вайна. Уваліліся немцы і ў наша сяло Галубіцы. Пуста адразу стала на вуліцах. Усе людзі зрабіліся невясёлыя, маўклівыя. Адразу шмат людзей пайшло ў партызанскія атрады, з імі — і мой старэйшы брат.

Бацька па заданню партызан стаў на службу да немцаў. Пашле ён падводы па соль для немцаў і накажа партызанам, а тыя і перахопяць соль. Загадаюць бацьку прыгнаць маладняку, а бацька перакажа партызанам. Яны прыйдуць, загоняць скаціну ў лясны гушчар і схаваюць там. Прыедуць немцы па жывёлу, а бацька і кажа, што не мог выканаць загаду, бо ў сялян няма ніякай скаціны.

Немцы з вёскі, а людзі зноў — жывёлу дахаты.

Мама дапамагала бацьку.

Аднаго разу два немцы, зайшоўшы вечарам да нас, завялі з бацькам такую гутарку (я чуў яе з печкі).

— Скажы, ці зможам мы перамагчы Расію?

— Не,— адказаў бацька.

— Чаму?

— Таму, пане афіцэр, што рускі народ увесь супроць вас.

Немцам гэта вельмі не спадабалася, і яны пайшлі. Бацька адразу здагадаўся, што нехта выдаў яго, і сказаў, што нам трэба ўсім ісці ў лес. Мы пачалі збірацца. Але немцы апярэдзілі нас. Раніцай вялікая машына спынілася ля нашых акон. У хату ўскочылі некалькі немцаў, схапілі маму і бацьку і пацягнулі на вуліцу. Спяшаючыся, усцягнулі іх на машыну і павезлі ў Петрыкаў. Два тыдні іх мучылі там, білі — усё хацелі дазнацца, дзе знаходзяцца партызаны, але нічога дабіцца не маглі. На другі дзень бацьку і маці павесілі.

Мы засталіся адны. Дзядзька Іван баяўся, што і нас забяруць немцы, і сказаў, што трэба нам перабірацца да партызан. Мы закапалі адзежу ў зямлю, узялі хлеба, мяса, круп, запрэглі вала, і на досвітку я, Оля і Ніна паехалі.

Хаваліся мы ў Чэрскім лесе. Удзень не так ужо страшна было, а ўночы — вельма жудасна. Нам усё здавалася, што нехта ідзе па нас. А то яшчэ дождж пойдзе ці вецер разгуляецца, тады прытулімся адно да аднаго пад кустом і ціхенька сядзім. Нам вельмі шкада было бацьку і маму. Сёстры плакалі, а я не паддаваўся, хоць мне і здавалася, што знаходжуся пад зямлёй, а не на зямлі.

Праз некалькі дзён у лес прыйшлі людзі з нашай вёскі. З імі быў і дзядзька Іван. Нам зрабілася весялей. Усе разам пачалі ставіць курані, у куранях жылося куды лепш, і было цяплей і дождж не заліваў. Увечары мы галінамі шчыльна застаўлялі ўваход, каб не відаць было агню.

Аднаго разу на наш след напалі немцы і пачалі абстрэльваць. Курані былі недалёка ад балота. Мы ўсе кінуліся туды і паляглі. Было холадна, зуб на зуб не пападаў, а сэрца так моцна стукала, што я баяўся, як бы яно не выскачыла. Немцы прайшлі метраў за шэсць ад нас, але нікога не заўважылі. Мы паляжалі яшчэ трохі і, калі стала зусім ціха, пайшлі ў лес.

Пачалася восень. Было вельмі холадна, і дзядзька Іван забраў нас у вёску. Там у нашай хаце мы пачалі жыць з дзядзькам Іванам і цёткай Оляй, яго жонкай. На ўсякі выпадак зрабілі сховішча ад немцаў. У нашых сенцах быў склеп, мы пракапалі ход на двор, з двара ў хлеў. У хляве выкапалі яму, паклалі паверх дошак, а на дошкі накідалі гною і перагарадзілі хлеў. Гной так зляжаўся, што падымеш, бывала, дошку і пакладзеш зноў, дык і не відаць, што чапаў. Там сядзелі мы падоўгу, гулялі ў карты, у даміно. Да нас прыходзілі хавацца і нашы суседзі.

Неяк адну ноч я спаў у хаце, і якраз у гэтую ноч на сяло наляцелі немцы. Адзін уваліўся ў нашу хату, і я не паспеў схавацца. Ён схапіў мяне за рукаў і пачаў цягнуць на вуліцу. Я ўпіраўся, казаў, што хворы. Але ён цягнуў. Тады я ўскінуў світку на плечы і нехаця пайшоў з хаты.