Выбрать главу

Выходжу на вуліцу, а там многа ўжо дзяцей. Бачу, сярод іх і мой таварыш Пеця Марозка. Я ажно павесялеў, падміргнуў яму, а сам падумаў: «Як гэта ўцячы ад немцаў?» Падышоў да Пеці і ціхенька пытаю:

— Куды гэта нас?

— Не ведаю...— ціха адказаў ён.

Нас пагналі ў школу. Ідучы, мы даведаліся, што нас збіраюцца везці ў лагер. I, стукаючы босымі нагамі па халодным бруку, мы канчаткова вырашылі ўцячы.

Школа была не новая. У адным месцы зусім абвалілася падмуроўка, нехта выцягнуў некалькі цаглін, і зрабілася велікаватая дзірка. Калі мы падышлі да школы, я штурхнуў пад бок Пецю і кіўком галавы даў знаць, каб ён ішоў за мной. Падышоўшы да дзіркі, я сказаў яму:

— Лезь.

Ён папрасіў даць яму ножык і адразу пачаў праціскацца ў выбоіну. Я пайшоў зноў да дзяцей.

Неўзабаве прыехалі тры нямецкія грузавікі, і дзяцей пачалі кідаць на машыны. Дзеці плакалі, упіраліся, крычалі. Пачалася сумятня. Я адбег крыху і апынуўся ля дзіркі. Паспрабаваў лезці, але світка перашкаджала. Скінуў яе з сябе і праз хвіліну ляжаў ужо побач з Пецем. Але мне не ляжалася: я падпоўз да дзіркі і асцярожна зазірнуў на двор. А на двары быў такі крык, што не вытрымаць. Жанчыны з плачом кідаліся да немцаў і адбіралі дзяцей. Нейкі хлопчык крычаў:

— Мамачка, ратуйце!

Крыху паводдаль стаяла мая цётка Оля з невялічкім клуначкам у руцэ і пільна прыглядалася, відаць, шукала мяне.

Дзяцей пагрузілі на машыны і павезлі. Доўга яшчэ немцы не маглі разагнаць жанчын. Яны ўсё стаялі і плакалі. Нарэшце ўсе разышліся. Стала ціха. Раптам мы пачулі крокі над галовамі. Пачалі прыслухоўвацца. Нехта хадзіў па класу. Прайшоўшы некалькі разоў па пакоі, ён стрэліў дза разы ў падлогу. Кулі ляглі недалёка ад нас. Мы баяліся дыхаць. I зноў усё сціхла. Мы яшчэ паляжалі трохі, затым папаўзлі праз двор на агароды, там пасядзелі дацямна і тады пайшлі дахаты.

Я адразу ў хату не пайшоў, а палез у сховішча.

Там сядзелі дзядзька Іван, цётка Оля і мае дзве сястры. Яны вельмі ўзрадаваліся ўсе, як мяне ўбачылі. Цётка Оля пакарміла мяне. Пад'еўшы, пачаў расказваць ім, як я і Пеця схаваліся ад немцаў.

Мы ўжо ведалі, што Чырвоная Армія гоніць немцаў, і ўсё чакалі, калі яна прагоніць іх з нашага сяла. I дачакаліся.

Перад адыходам немцы пачалі ўсюды ставіць міны. Узарвалі школу і мост. Мы баяліся, што немцы ўзарвуць нашу хату і хлеў, і ноччу прабраліся праз агароды на поле і схаваліся ў жыце. Праз некаторы час дзядзька Іван кажа мне:

— Схадзі, Федзя, у сяло і паглядзі, што там немцы робяць.

Азіраючыся, я пайшоў пад сваю хату, гляджу — на нашым двары корпаюцца ў зямлі два немцы. Я прытаіўся за хлявом і выглядаю з-за вугла, што яны будуць рабіць. Яны пакалупаліся ў зямлі і скора пайшлі з двара. Я бягом да сваіх. Дзядзька Іван выслухаў мяне і сказаў:

— Ото ж нечысць!

На другі дзень я прыйшоў на свой двор і пачаў уважліва прыглядацца да таго месца, дзе капаліся немцы.

Асцярожна пачаў разгортваць зямлю ў два бакі і раптам бачу — ляжыць невялікая скрыначка і нешта чорнае тырчыць. Я ўзяў і адкруціў чорную палачку, а там белы капсуль. Яшчэ дзве міны зняў на нашым двары.

Немцы паўцякалі, а праз некаторы час прыехалі да нас на маторках матросы. Людзі збегліся з усяго сяла. Усе былі вельмі рады, цалавалі, абдымалі матросаў.

Дапамагалі і мы байцам. Каля нас недалёка была вёска Снядзін. Перад адыходам немцы ўсю яе замініравалі. Я, Пеця Марозка, Слава Чарняўскі, Васіль Бойдаш хадзілі здымаць міны і ў гэтую вёску. Ездзілі туды на суткі, а то і на двое. Мы размініравалі поле, шлях, вуліцы і агароды. Усяго мы ўчацвярых знялі каля васьмі тысяч мін. Каб здымаць міны, не патрэбна ўжо такая вялікая навука, але толькі патрэбна вялікая асцярожнасць.

Аднойчы я і Пеця Марозка здымалі міну. Ён неяк наступіў на яе і падарваўся. Яго забіла, а мяне цяжка раніла. Доўга я праляжаў у Петрыкаўскай бальніцы. Мяне вылечылі, і зараз я жыву ў г. Петрыкаве, у дзіцячым доме.

Вось як я жыў, калі немцы былі ў нашым сяле.

ФЕДЗЯ ПАШУК (1932 г.)

г.Петрыкаў.

ВА УСХОДНЯЙ ПРУСІІ

Нашы часці няспынна прасоўваліся па тэрыторыі Усходняй Прусіі.

Я знаходзіўся тады ў радыёроце асобнага батальёна сувязі і працаваў радыстам на станцыі. У наш абавязак уваходзіла перадаваць загады паветраным часцям, якія знаходзіліся ў адным з гарадоў Літвы.

Аднойчы пасля паветранай і артылерыйскай падрыхтоўкі мы пачалі наступленне на вялікую чыгуначную станцыю.

Станцыя мела важнае значэнне, і немцы ўпарта абаранялі яе. Потым яны перайшлі ў контратаку. Мы вымушаны былі заняць абарону. Нямецкія танкі і пяхота шалёна рваліся наперад. Справа і злева ад нас ім удалося крыху ўклініцца ў размяшчэнне нашых часцей. Генерал, які знаходзіўся на нашым назіральным пункце, загадаў трымацца да апошняга патрона.