Выбрать главу

Недалёка быў лес, і Валодзя папоўз да яго. Рукі дубянелі ад холаду, але ён не звяртаў на гэта ўвагі. Яму хацелася хутчэй дабрацца да ляснога гушчару, які схавае яго ад злых ворагаў — немцаў.

Прапоўзшы з паўкіламетра, Валодзя пачуў цяжкі тупат конскіх ног. Ён імгненна азірнуўся. Па дарозе ехаў паліцай на кані. Убачыўшы чалавека, які паўзе, ён пагнаўся за ім. Валодзя хацеў узняцца і бегчы, але ў гэты момант наляцеў коннік і моцным ударам бізуна па галаве збіў яго з ног.

Паліцай прыгнаў Валодзю ў Шклоў і здаў у камендатуру. Яго пасадзілі ў турму, дапытвалі, хто ён і адкуль. Валодзя не прызнаўся. Праз некалькі дзён яго перавялі ў канцлагер. Разам з другімі яго ганялі капаць акопы вакол горада.

Я часта насіў яму перадачу. Калі мы сустракаліся, ён расказваў мне, як немцы здзекаваліся з яго ў гестапа, як ён выратаваўся ад смерці. Аднойчы ён сказаў, дзе схаваны рэвальвер. Я адшукаў яго і праз Валодзіных сяброў перадаў дзядзьку Манькоўскаму.

У лагеры Валодзя прабыў да прыходу Чырвонай Арміі. Адступаючы, немцы вывезлі яго ў Германію. Што там зрабілі з ім, я не ведаю.

КОЛЯ КАЙКУЛІН (1931 г.)

г. Шклоў.

ДВА РАЗЫ Ў КЕНІГСБЕРГУ

Наша вёска называлася Грані. Яна была недалёка ад горада Полацка. Памятаю, як мамка або татка ездзілі на кірмаш і прывозілі мне смачныя абаранкі і цукеркі. Мне ішоў тады сёмы год, і я быў адзін у бацькоў. Быў яшчэ старэйшы брат, Васіль, але ён служыў у Чырвонай Арміі.

Я добра не разумеў, што здарылася, толькі заўважыў, што стала трывожна, чулася гаворка пра вайну, пра немцаў, потым пра нейкіх партызан. Я прыслухоўваўся, распытваў і сяк-так зразумеў, у чым справа.

Аднаго разу ноччу пачуўся стук у акно. Я прачнуўся і ўбачыў, як татка падышоў да акна і сказаў камусьці: «Ужо, ужо», а потым пайшоў адчыняць дзверы. Упоцемку я ўбачыў, што ў хату ўвайшло многа людзей. Гаварылі яны ўсе шэптам. Я здагадаўся, што гэта партызаны. Мама ўстала, пазавешвала вокны посцілкамі і запаліла газоўку.

Татка пачаў спешна апранацца, мама памагала збірацца, клала ў торбу чыстую кашулю, анучы, хлеб, сала. Калі было ўсё гатова, татка пацалаваў бабулю ў руку і ў галаву. З мамкай таксама моцна абняўся і пацалаваўся.

— Чакай, вернемся з перамогай,— сказаў ён.— Гадуй сына.

Потым падышоў да мяне, узяў на рукі і так моцна прыціснуў да грудзей, што я аж войкнуў. Усё гэта рабілася хутка, але я паспеў спытацца:

— Куды, тата, ідзеш?

— Бараніць Радзіму ад фашыстаў, сынок,— адказаў ён.

Усе выйшлі з хаты. Загасіўшы агонь, мы з мамкай, абняўшыся, доўга сядзелі ля акна. Глядзелі на тую сцежку, што крута заварочвала ў лес, куды пайшлі незнаёмыя разам з татам. Мамка расказала мне, што сёння ноччу ўсе нашы мужчыны адправіліся ў партызаны, бо заўтра немцы будуць браць людзей сабе на службу. А хто ж захоча служыць ворагу? Там, у лесе, многа партызан, і яны будуць дапамагаць нашай арміі. А калі немцаў прагоняць, то ўсе вернуцца дадому.

Але татка мой ужо больш не вярнуўся...

Прайшло колькі часу — і раптам нашу вёску сталі абстрэльваць снарадамі з Полацка. А тут яшчэ з'явіліся самалёты і таксама пачалі бамбіць. Людзі кінуліся хто ў лес, хто ў поле, а хто дома шукаў ратунку.

Гудуць снарады, гараць будынкі, народ уцякае, а мая мамка павалілася ў сенцах і варухнуцца не можа. Я кінуўся да яе, але яна мне і слова не паспела сказаць — была мёртвая.

Бабуля сказала, што трэба ўцякаць у лес, у акопы. Яна нічога не памятала і не ведала, што рабіць, а мне прыйшло ў галаву выратаваць нашу карову і ўзяць кумпяк свініны. Я завязаў карове за рогі нейкі ручнік, і мы пабеглі. Быў такі гром, што мы аглухлі.

Толькі падышлі да акопа, як недалёка разарваўся снарад і раніў карову. Яна зарыкала і павалілася. Але нам было не да яе. Мы схаваліся ў акоп і са страхам адчувалі, як трасецца зямля.

Калі стала ціха, вылезлі наверх. Над вёскай стаяў чорны дым. Я падумаў, можа, мамка не памерла, а толькі самлела, і пабег дадому. Там ужо былі немцы. Наша хата не гарэла.

Я ўбег у сенцы і ўбачыў, што мамка, таксама як і раней, ляжыць на зямлі мёртвая.

А тым часам немцы на вёсцы злавілі дзевяць партызанскіх сем'яў, загналі іх у хлеў і падпалілі. Я забыўся на ўсё сваё гора, калі ўбачыў гэты жах. Зрабіўшы сваю страшную справу, немцы паехалі.