Выбрать главу

Праз некалькі хвілін артылерыйская страляніна спынілася, і мы пачулі кулямётныя і вінтовачныя стрэлы. Яны ўсё больш і больш мацнелі і набліжаліся. Я зацікавіўся і падышоў да акна. Тое, што ўбачыў, прымусіла мяне ўздрыгануцца ўсім целам. З саду выскачыў высокі немец і накіраваўся ў наш дом. Зброі ў нас не было. «Ну, капут нам усім»,— падумаў я і са страхам пачаў сачыць за немцам. Узбегшы на ганак, ён чамусьці спыніўся, пастаяў некалькі секунд і пабег назад. Падбег да ўборнай і схаваўся ў ёй.

Я павесялеў і толькі цяпер расказаў хлопцам, якая небяспека нам пагражала. Сябры таксама занепакоіліся. Мы збіраліся ўжо ўцякаць з дома, як раптам у вёсцы раздаліся крыкі «ўра». Мы здагадаліся, што гэта наступаюць нашы, і падскочылі да акна. Нашы пехацінцы, прыгінаючыся, перабягалі ад хаты да хаты. Страху нашага як і не было. Мы кулём выскачылі з дома і пабеглі ім насустрач. Убачыўшы нас, байцы здзівіліся і спыталі, адкуль мы ўзяліся. Мы расказалі. Яны засмяяліся і, сказаўшы: «Ого, ваякі, з адным матацыклам сяло ўзялі!» — пабеглі наперад.

Толькі цяпер я ўспомніў пра немца.

— Хлопцы, давайце паглядзім, дзе ён,— сказаў я.

Мы цішком падбеглі да ўборнай. Я вырваўся наперад і адчыніў дзверы. Перада мной стаяў той самы немец. Бачачы, што нас трое, ён падняў угору рукі. У яго каля ног ляжаў пісталет. Я хутка падняў яго. Ён быў пусты. Бледны, перапалоханы немец адной рукой дастаў з кішэні фотакарткі і падаў мне. На фота была знята жанчына з дзіцем. Я падумаў, што гэта яго жонка.

— Ком! — крыкнуў я. Немец выйшаў.

Мы прывялі яго да матацыкла. Я і Васька засталіся вартаваць, а Колька пабег шукаць нашых байцоў. Хутка ён вярнуўся з старшым лейтэнантам. Мы перадалі яму немца. Старшы лейтэнант выняў з планшэткі блакнот і запісаў, што такія-та выхаванцы такой-та часці затрымалі нямецкага афіцэра.

Мы прыехалі ў часць і далажылі палкоўніку аб сваіх прыгодах. Палкоўнік усердзіўся, што мы паехалі без дазволу, і загадаў адабраць матацыкл і даць нам па пяць сутак гаўптвахты. Мы адседзелі як міленькія. А калі нас выпусцілі, былі здзіўлены: нам была аб'яўлена падзяка і вернуты матацыкл.

ЮРЫЙ МАМАЧКІН (1930 г.)

МАЦІ I СЫН

Летам 1943 года на нашу вёску Наваселле Прапойскага раёна напалі немцы. Абступіўшы яе кругом, яны выгналі людзей на пляц, пасярэдзіне вёскі. Людзей раздзялілі на дзве роўныя часткі — моладзь і старых з дзецьмі.

Маладым дзяўчатам і хлопцам загадалі пагружацца ў аўтамашыны. Іх вывезлі з вёскі. Старых, жанчын і дзяцей загналі ў калгасныя будынкі, дзе ляжала салома, аблітая газай. Дзверы забілі, а навокал расставілі кулямёты. Будынкі падпалілі.

Стогны, праклёны, плач дзяцей і жанчын чуліся сярод трэску агню і страляніны. Некаторыя спрабавалі выскачыць з агню, але немцы расстрэльвалі іх на хаду.

Мама была на двары і немцаў заўважыла, калі яны забягалі ў суседнія хаты. Пад падлогай у нас было зроблена сховішча, і мы ўтраіх схаваліся туды. Я чуў, як немцы ламалі і варочалі ўсё, што траплялася пад рукі. У некаторых месцах узрывалі падлогу, але не над склепам; мы сядзелі каля сцяны ў другім месцы. Нарэшце немцы пакінулі хату і выйшлі. Мы моўчкі сядзелі ў склепе і ўслухоўваліся ў навакольны шум. Была чутна страляніна, крыкі і плач людзей, трэск агню. Пажар нас вельмі палохаў, бо магла загарэцца і наша хата.

Пад вечар, калі ўсё супакоілася, мы выйшлі з склепа. Будынкі, у якіх палілі людзей, дагаралі. З пажарышча валіў чорны смуродны дым. Кучы трупаў валяліся на плошчы. Многія, відаць, спрабавалі ўцякаць. Трупы іх былі акрываўленыя і ляжалі там, дзе насцігла іх куля. У двух калодзежах былі патоплены дзеці, а зверху прывалены хламам. Жывых з усёй вёскі засталося каля дзесяці чалавек.

— Цяпер нам, сынок, жыць тут немагчыма,— сказала маці,— пойдзем да партызан.

Мы хацелі пайсці да партызан са зброяй. Мама сказала мне, што ў вёсцы Ракасец (за два кіламетры) у хаце дзядзькі Змітрака немцы зрабілі склад зброі.

— Ты ведаеш яго хату,— казала яна.— Гэтая хата выходзіць вокнамі на агарод, у садок. Вартавы стаіць каля плота, ля ганка або часам на ганку. Ты падпаўзі да акна, улезь усярэдзіну і вазьмі зброю.

Назаўтра раніцай я сустрэўся з сваім сябрам Васем, які застаўся жывы таму, што схаваўся ў калгаснай кузні за горнавым мехам. Я расказаў яму аб сваім намеры, і ён падахвоціўся ісці са мной.

У гарнізон мы пайшлі апоўдні. Прайшлі жыта і па бульбоўніку папаўзлі да хаты. Узнялі галовы з бульбоўніку, паслухалі, паглядзелі — навокал нікога не было. Мы падпаўзлі да хаты. Шыбы ў акне былі не закітаваны, а прыбіты ганталёвымі цвікамі. Я выдраў іх, выняў шыбу, адшчапіў кручкі і адчыніў акно. Хутка і ціха мы ўскочылі ў пакой. Ля сцяны стаяла многа вінтовак. Пасярод хаты ў двух вялікіх штабялях былі складзены адна на адну скрынкі. У кожнай з іх ляжала па чатыры міны, у другіх былі снарады. У адной скрынцы, без верху, было насыпана да паловы патронаў. Мы выкінулі па дзве вінтоўкі, а потым набілі пазухі патронамі і выскачылі. Я ўставіў шыбу і ўваткнуў цвічкі на месца.