Выбрать главу

— Сынок мой!.. Што яны з табой зрабілі? — ступіўшы крокі два да мяне, сказала маці.

Кат яе штурхануў, і яна рынулася на падлогу.

Кашуля мая прыліпла да цела. Я не мог паварушыцца ад болю. Галава, твар былі апухлыя, а засохлая кроў моршчыла скуру. Рукі таксама былі ў крыві, ногі падгіналіся.

— Вось твая матка,— сказаў мне перакладчык.— Яна прыйшла вызваляць цябе. Калі ты скажаш, хто цябе пасылаў і дзе партызаны, мы вас абаіх адпусцім.

Яны пільна сачылі за нашымі вачыма.

Я маўчаў.

— Ты маўчыш! — вызверыўся перакладчык і моцна сцебануў мяне бізуном.

Мама ўсхапілася і закрычала хрыплым голасам:

— Каты вы! Навошта яго б'яце? Вінавата я! Я сама пасылала яго па зброю. Зброя патрэбна партызанам і нам, каб нішчыць вас, праклятых!

На маму накінуліся немцы і пры мне пачалі збіваць яе, пытаючыся, дзе партызаны. Мама стагнала і не прамовіла больш ні слова. А мяне схапіў немец і ўштурхнуў у нейкую цёмную каморку. Прасядзеў я там, нібы ў сне, не ведаю колькі часу. I вось раптам прыходзіць паліцай і кажа:

— Можаш ісці.

— Куды? — спытаў я, нічога не разумеючы.

— Куды хочаш.

Я бег па вуліцы да сваёй вёскі. Ля аднаго дома, каля калодзежа, стаялі чатыры немцы. Калі я параўняўся з імі, яны заступілі мне дарогу. Двое з іх схапілі мяне за рукі. Нічога не гаворачы, хутка панеслі да калодзежа. Трымаючы за рукі, прыгнуліся, схапілі за ногі шпурнулі галавой уніз. Помню, штось моцна стукнула ў галаву, а як апынуўся ў вадзе — не ўцямлю.

Вада была надзвычай халодная, і я адразу ачнуўся. Якім чынам апынуўся на нагах, ніяк не магу зразумець — ляцеў жа я галавой уніз, бо і скура на чэрапе з левага боку была садраная.

Ледзяная вада даходзіла мне да грудзей. Не адчуваючы болю, я трымцеў ад холаду і стараўся выкарабкацца на барты скрынкі. Яна выступала значна з вады, і берагі яе былі слізкія ад зялёнай цвілі.

Наверсе зарыпела вядро і ўскрыкнула жанчына. Яна выпусціла вядро і стала глядзець уніз. Я пачаў рабіць ёй знакі рукамі, бо толькі цяпер адчуў, што гаварыць не магу. Жанчына зноў узялася за вочап і хутка стала спускаць яго з вядром. Як толькі яно дайшло да вады, я абхапіў рукамі вочап, улез у вядро — і мяне паднялі ўгару.

Нас абступілі іншыя жанчыны. Я ляжаў на траве і не зусім разумеў, што са мной робіцца. Мяне прынеслі ў хату і пераапранулі ў другія лахманы, перавязалі раны і палажылі на печ.

Праз некалькі гадзін я ачуняў. Жанчына мяне пакарміла і адпусціла дадому. Я асцярожна выйшаў з вёскі і пайшоў як мог. Дома ўсё было разрабавана, падлога ўзарвана, ложкі перавернуты, чарапы ад пасуды і ўсе нашы рэчы валяліся ў кучы.

За пуняй я знайшоў сваю маму. Яна ляжала бокам, тварам да сцяны. Спачатку я думаў, што яна спіць. Нахіліўшыся да яе, я жахнуўся: твар і грудзі яе былі паразразаны нажом.

Я доўга плакаў каля яе, пакуль мяне не змарыў сон. I сам не заўважыў, як заснуў.

Прачнуўся ад холаду. Было ранне, але сонца яшчэ не ўзыходзіла. Я пайшоў шукаць рыдлёўку. Доўга хадзіў па закутках двара і ніяк не мог знайсці. Прабраўшыся праз плот, зайшоў на суседні двор. У хату я не заходзіў, бо ведаў, што ў жывых там нікога не засталося. З двара перайшоў у агарод, у баразне знайшоў рыдлёўку.

У вёсцы не было ні душы. Дзе і як пахаваць маму — ніяк не мог прыдумаць. Потым дадумаўся выкапаць яму каля яе, бо аднесці яе ў другое месца не было сілы. Ямы мне не ўдалося выкапаць — усюды быў дзёран. Як ні сек рыдлёўкай — адвярнуць яго ад зямлі не здолеў. Прабаваў капаць у розных месцах — нічога не выходзіла: яма была малая і не мела ніякай формы. Ногі, спіна і рукі моцна балелі, кружылася галава.

Я кінуў работу, пацалаваў маму і пайшоў у хату. Хацелася есці, а знайсці нічога не мог. Тады я ўспомніў, што ў сенцах у дзяжы закопана сала. Падлога ў тым месцы не была ўзарваная. Напэўна, яно цэлае.

Рыдлёўкай узарваў некалькі дошак і адкапаў дзяжу. Наверсе ляжалі два скруткі высушанай на сонцы каўбасы. Яе мама пакідала к часу жніва. Я адламаў добры кавалак, стаў кусаць яго і шукаць якую-небудзь торбу для сала. Знайшоў пад страхой вялізны брудны мех. Укінуў у яго рэштку каўбасы і столькі сала, колькі мог несці. Дзяжу закрыў і зноў закапаў у зямлю.

Сярод ірванай адзежы выбраў цалейшыя порткі і кашулю. Пераапрануўшыся, перакінуў мяшок цераз плечы і выйшаў. Вольны канец меха быў вельмі даўгі і блытаўся ў маіх нагах.

Я ішоў да партызан. Яны былі ад нас кіламетраў за дзесяць, але я не ведаў ні прозвішча камандзіра, ні назвы яго атрада.

Каб патрапіць да іх, мне трэба было перайсці на другі бераг Дняпра. Туды мы хадзілі цераз мост, які быў у партызан.