Выбрать главу

На мосце мяне затрымаў нямецкі патруль. Тады толькі я сцяміў, што з часу гібелі нашай вёскі і яе жыхароў мостам завалодалі немцы. Падышлі яшчэ два немцы. Заглянуўшы ў мой мяшок, яны зарагаталі: «Партызант! Партызант!»

Абмацаўшы маю кашулю, двое павялі ў сваё памяшканне і перадалі п'яным афіцэрам. Сала маё яны забралі сабе.

Я прыпомніў свае ранейшыя пакуты і заплакаў. Яны абмацалі маю распухлую галаву, рукі і запыталіся, з якой я вёскі і куды іду. Я адказаў, з якой вёскі, і зманіў, што іду ў суседнюю вёску да дзядзькі. Афіцэры рагаталі. Напэўна, падумалі, што я выпаўз з заваленага калодзежа ці выратаваўся з агню. З задаволеным рогатам высцебалі мяне дубцамі і падкінулі пад нары.

Цела маё балела, і я пад нарамі стагнаў і плакаў. А п'яныя немцы рагаталі, гучна размаўлялі і не звярталі на мяне ўвагі. Нарэшце я зусім змарыўся і стаў драмаць. Але я намагаўся, каб не заснуць. Я хацеў сачыць за немцамі. Адзін немец некалькі разоў нагінаўся, каб паглядзець на мяне. Калі бачыў, што ў яго згінаюцца калені, я заплюшчваў вочы.

Нарэшце, калі я бадай што чуць не заснуў, адчуў, што ў пакоі зрабілася ціха. Я расплюшчыў вочы, прыслухаўся — немцаў не было. Тады я вылез з-пад нараў і паглядзеў у акно. Навокал нікога. За акном раслі каноплі і авёс, а за імі — луг і кусты. Я адчыніў акно і выскачыў.

Паўзці было лёгка, але, здавалася, вельмі марудна. Вось-вось загагочуць немцы, забрэша іхні сабака, пачуюцца стрэлы, засвішчуць над галавой кулі... Нарэшце я дапоўз да кустоў, устаў, азірнуўся — усё было ціха па-ранейшаму. Адразу зрабілася неяк лёгка, нібы з плеч зваліўся вялікі цяжар.

Але зараз жа ахапілі слабасць і млявасць. Хацелася піць. А вады навокал не было. Я павалокся да лесу і там натрапіў на куст маліны.

Падмацаваўшыся ягадамі, я пайшоў далей у лес па вядомых мне сцежках.

Перад самым лагерам мяне спынілі паставыя і сталі распытваць. Але я расплакаўся і не мог ім расказаць толкам. У лагеры жанчына-доктар адразу ж стала перавязваць мяне. Прыйшлі камандзір і другія партызаны. Пакуль мяне перавязвалі, я расказаў ім усё, што са мной было. Усе ўважліва слухалі. Адзін стары партызан сказаў:

— Нічога, сынок, ты ў галаву сабе вельмі не бяры. Будзеш жыць з намі. А за матку тваю адпомсцім.

Ляжаў я ў асобнай зямлянцы разам з раненымі партызанамі. Раны мае гаіліся марудна, а потым пачала злазіць скура з плеч і галавы. А калі я ачуняў, то адразу стаў дрэнна гаварыць і чуць.

Мяне ўсе любілі, я жыў, як у сям'і. Хадзіць на заданне мне не дазвалялі, хоць іншы раз прасіўся. Часам мне даручалі розныя гаспадарчыя работы, і я ахвотна іх выконваў.

Калі прыйшлі нашы, мяне змясцілі ў дзіцячы дом.

ІВАН СІМАНАЎ (1932 г.)

г. Магілёў.

Ён і да гэтага часу напалову глухі і нямы. (Заўвага рэдакцыі.)

ПАРТЫЗАНСКІ КУР'ЕР

1

Наша сям'я жыла ў Барысаве, на Рэспубліканскай вуліцы, у сваім уласным доміку, які потым згарэў. Сям'я была вялікая: бацька, маці, брат Стась дваццаці гадоў, Уладзік семнаццаці гадоў, замужняя сястра і яе муж Пеця, малодшая сястра Ядзя, якая потым зрабілася партызанскай сувязной. Мне тады было дванаццаць год, я быў піянер.

Пеця працаваў інжынерам на запалкавай фабрыцы. Калі прыйшлі немцы, ён кінуў работу, звязаўся з падпольшчыкамі і стаў ім дапамагаць. Да прыходу немцаў ён быў інструктар радыёгуртка, таму ў нашым доме мелася некалькі вельмі добрых радыёпрыёмнікаў. Пеця пераканструяваў іх і пераправіў у раён Гнюта, дзе тады пачалі арганізоўвацца першыя партызанскія атрады. Сабе ён пакінуў адзін маленечкі радыёпрыёмнік, які быў не большы за тую шкатулку, дзе мама хавала розную дробязь для шыцця. Гэты прыёмнік вельмі лёгка было схаваць і замаскіраваць. Пеця трымаў яго ў склепе.

Мы часта слухалі Маскву. Але гэта было вельмі небяспечна. Недалёка ад нас стаялі эсэсаўцы. Яшчэ горшыя былі нядобрыя суседзі — здраднікі. Яны сачылі за кожным нашым крокам. Асабліва падазроным было тое, што Пеця нідзе не працаваў. Ён быў звязаны з партызанскімі групамі ў раёне Камёнкі і возера Палік і перапраўляў туды зброю. Уся сувязь партызан гэтага раёна з горадам адбывалася праз Пецю.

Відаць, немцы сёе-тое пранюхалі і аднаго разу ўваліліся да нас. Звычайна наш прыёмнік знаходзіўся ў склепе, завалены рыззём і леташняй прарослай бульбай. Але ў гэты дзень Пеця чамусьці перанёс яго ў хату і павесіў у коміне. Не паспеў ён адысці ад печкі, як уварваліся немцы. Яны сталі пытацца пра партызан, пагражалі ўсіх нас расстраляць, потым зрабілі вобыск ва ўсім доме. Нічога не знайшоўшы, яны выйшлі. Але мы адчулі, што небяспека набліжаецца.