Выбрать главу

2

Мае браты, Стась і Уладзік, служылі шафёрамі на запалкавай фабрыцы. Яе ўзарваць не паспелі, і яна цяпер працавала на немцаў. Усім было крыўдна і сорамна, што прыходзіцца працаваць на немцаў. Але пакуль што для нашай сям'і было выгадна мець двух чалавек на службе ў немцаў. Можа, таму немцы ў часе вобыску нас і не забралі.

Але Стась нарэшце не вытрымаў і рашыў уцячы да партызан. Параіўшыся са сваімі, ён пайшоў да дырэктара фабрыкі Рымера і стаў прасіцца, каб ён дазволіў паехаць на машыне за горад дастаць прадуктаў. Рымер сказаў, каб Стась і яму прывёз сала, і адпусціў яго. Стась паехаў, не заязджаючы дадому, але мы ведалі, што ён не вернецца, па дарозе ўзарве машыну і пойдзе пешшу да партызан.

А на другі дзень маці ўварвалася ў кабінет да Рымера і пачала галасіць, што сын яе не вярнуўся і што людзі гавораць, быццам яго забілі партызаны за тое, што ён служыў у немцаў.

Хутка выявілася, што машына ўзарваная, і ўсе загаманілі, быццам Стася забілі партызаны.

Нам стала крыху лягчэй. Тым болей што Уладзік старанна вадзіў машыну, і нават Рымер быў ім задаволены. Так мы пражылі ўсю зіму.

Увесну 1942 года прыйшоў да нас хлапчук у кажушку і лапцях. Ён падаў маме запіску, падпісаную Стасікам. Мама пачала адмаўляцца, гаварыць, што Стась забіты партызанамі, і нават заплакала. Але мне хлапец спадабаўся, і я адразу паверыў, што ён не шпіён. Калі прыйшоў Пеця, тады і мама паверыла.

Стась пісаў, каб мама і я прыйшлі да яго ў Белыя Лужы, што завядзе нас гэты хлапчук, іх сувязны. Прасіў яшчэ медыкаментаў і махоркі.

Назаўтра мы трое рознымі шляхамі выйшлі за горад і сустрэліся ва ўмоўленым месцы. Наш праваднік увесь час ішоў паперадзе моўчкі, сур'ёзны. Ён быў старэйшы за мяне гады на два, і я глядзеў на яго з павагай: ён жа выконвае важныя даручэнні! Запіску ў атрад Пеця перадаў не маме і не мне, піянеру, а гэтаму хлопчыку.

Па дарозе ніхто не спыняў, але было страшнавата. Сувязны павёў у абход Белых Луж, праз лес. Потым спыніўся і стаў прыслухоўвацца. Мы пачулі шорах, і з-за дрэў выйшлі пяць чалавек з аўтаматамі. Сярод іх быў і наш Стась.

Мама кінулася цалаваць яго і заплакала.

— Не плач, мамаша,— сказаў адзін партызан,— мы тут жывём добра. Знойдзецца і для твайго меншага хлопца работа.

Я ўзрадаваўся, пачуўшы гэтыя словы.

Сярод партызан быў адзін старэйшы, няголены чалавек, якога называлі Сяляннікавым. Наш праваднік падаў яму пісьмо ад Пеці. Тут я даведаўся, што сувязнога завуць Міша Паўловіч, што сам ён з Белых Луж. Ён мне вельмі спадабаўся, і я хацеў быць такім жа сувязным, як ён.

Сяляннікаў падышоў да мяне і адвёў убок. Я не чакаў, што хутка прыступлю да справы.

— Ты, мусіць, есці хочаш,— сказаў ён,— зараз цябе і маці накормім.

Я маўчаў. Мне хацелася хутчэй даведацца наконт сувязной работы.

— Адпачнеш і пойдзеш з маткаю ў горад. Яна там застанецца, а табе будзе заданне.

Я пачырванеў і сказаў:

— Пакет я добра схаваю. Мне Пеця паказваў, як рабіць.

Сяляннікаў засмяяўся.

— Гэта добра, што Пеця паказваў, але цяпер ніякага пісьма табе не дадзім. Скажаш Пятру, каб ён арганізоўваў і накіроўваў да нас моладзь. I няхай ваш Уладзіслаў прыязджае. Хопіць яму гуляць па Барысаве. Запомніш?

— Тут і запамінаць няма чаго,— пакрыўдзіўся я.

Але Сяляннікаў прымусіў мяне паўтарыць загад слова ў слова.

— Можа, вы дасцё мне які-небудзь пакецік? — усё-такі папрасіў я.

— Калі пойдзеш назад, Пётр дасць табе пісьмо.

— А дзе я вас убачу?

Сяляннікаў весела пастукаў мяне па плячы.

— А ты маладзец! Будзеш добры кур'ер. Праўда?

— Буду.

Тут мы дагаварыліся, што праз два дні апоўдні мы сустрэнемся на гэтым самым месцы, каля бярозавага цурбана. Калі тоўсты канец будзе ляжаць так, як цяпер, то можна ісці далей па сцежцы, калі ж будзе павернуты ў другі бок, то трэба ісці да Белых Луж. Апрача пісьма я павінен прынесці бінты, ёд і табак.

Ідучы назад, мы з мамай пераначавалі ў Белых Лужах, бачылі там Мішу і без перашкод прыйшлі дадому.

На другі дзень я з пісьмом ад Пеці зноў адправіўся ў Белыя Лужы. У руках у мяне быў лубяны кошык, у ім бінты, ёд, табак, а потым — рыззё, печаная бульба, хлеб. Пісьмо, згорнутае ў маленькі камячок, прымацаваў да голага цела.

Падыходжу да Белых Луж і сустракаю вартавога. Чаго ён тут? Учора яго не было.

— Вогін? — пытаецца ён.

— Дорф, дорф,— кажу я.— Нах гаўзе.

Ён мяне прапусціў. Калі я стаў уваходзіць у вёску, то ўбачыў, што там далёка стаяць у дзве шарэнгі мужчыны, перад імі — кулямёт і немцы. Я пасунуўся ўбок, ды па-за хатамі, агародамі выбраўся з вёскі ў лес. Там сустрэў Сяляннікава і перадаў пасылку і пісьмо. Але ў атрадзе мне пабываць не прыйшлося. Сяляннікаў даў мне другое даручэнне, і я зараз жа адправіўся назад. У Белых Лужах немцаў ужо не было. Яны дапытваліся, дзе партызаны, настрашылі людзей, кагосьці арыштавалі і паехалі. Я пераначаваў у Белых Лужах і назаўтра прыйшоў дадому.